Фота Марыі Сёдэрберг
Васіль Махно
Юрый Завадскі
Дмітро Лазуткін
ВЫРВАНАЯ САРЦАВІНА


Аляксандр Ірванец

***
З гораду, што ўстаў пад сьмерцю шквальнаю,
На ўвесь сьвет крычу, на ўсю тугу:
Сёлета ў Нядзелю Даравальную
Дараваць ня кожнаму змагу!

Сьвеце-сьвеце, файна ж ты нас кінуў!
Ды і ў лютым пекле кожны дзень
Борацца залатаверхі Кіеў,
Буча, і Гастомель, і Ірпень.

Вытрымаем, вытрываем, выстаім,
А пасьля і рэшткі прыбяром
Тых усіх, прысланых нам фашыстам —
Вузкавокім лысым вупыром.

Вытрымаю з вамі й ацалею,
На сваёй зямлі — стаяць ямчэй.

Я ужо ня выбачу Расеі.
…Беларусь, ня сьмей хаваць вачэй!

5 сакавіка 2022, Ірпень


Васіль Махно

Вайна

Госпадзе, як у Тычыны:
"І Белы, І Блок, і Ясенін"
як яны нас атачылі
з усіх чатырох абселі

дай моцы ў той навальніцы
з трывожнай торбай бацькоў
бо іхнія брэшуць лісіцы
што ў нас ні шчытоў ні вякоў

ды Ігар на злосьць набегам
за Дон са сваім палком
сёньня зь лютаўскім сьнегам
і заўтра з чырвоным шчытом

а цьмы іх з Цьмутаракані
а іхнія мокша і чудзь
страляюць па нашым стане
па нашых пазіцыях б’юць

як там у "Слове"? госьці
босым ваўком па ярах
а з пашчы сьлінаю злосьці
цячэ нянавісьць і страх

дайшлі да рэк і кардонаў
да сэрца майго ў кулаку
счарнелых вашых іконаў
ня выбеліць малаку

Госпадзе, як у Тычыны:
пра Кіеў — Мэсію — пра край
чаму мы той верш не вучылі?
сьцякай — маё сэрца — сьцякай

24 лютага 2022


Юры Завадзкі

Бамбасховішча

Што ж так проста сядзець, трэба чымсьці заняцца,
прыбрацца ці павыкідаць з падвалу старызну,
урэшце аддаць камусь гэтыя газаблокі, гэтыя скамянелыя
будаўнічыя сумесі, засохлыя фарбы, можам
у штось пагуляць, чаго так проста сядзець? —

У "Кракадзіла"? — А гэта як? — Ну,
ты загадваеш, я паказваю, рэшта
адгадвае, трэба нешта рабіць! —
У школе я спрабаваў заснаваць
гурток спартыўнага брыджа,
дырэктар сказаў, што ідэя цудоўная,
але не зразумеюць. —

Асацыяцыі? — Так, каб не напружвацца,
проста кажаш, што першае
прыходзіць у галаву, калі пачуеш слова:
памідор — чырвоны, чырвоны — агонь,
агонь — дровы, і гэтак далей. —

Ня ведаю, усе словы з галавы
павыляталі, трэба неяк са спальніка
пылішчу вытрусіць. — Ну,
не цягні, што ж так проста сядзець. —
Добра, давайце. Хто пачынае? — Ну, я.
Пасудамыйка! — Што? Слова: пасудамыйка. —
Ага! —

Пасудамыйка? Ня ведаю. — Дык і не
вымудрайся, трэба першае сказаць,
што ў галаву прыходзіць, у тым увесь смак. —
Добра, тады спачатку, з нуля.
Не напружвайся. —

Пасудамыйка?
Таблетка! — Таблетка? Ну, так,
таблетка для пасудамыйкі! — Гм, катэтар! —
Катэтар? — Слова падобнае. — Шпіталь! —
Ровар! — Ровар? Прычым тут ровар? — Я вырас
каля шпіталя, на шпіталі катаўся. Не спыняйся! —
Ровар… Асфальт! — Асфальт? — Я праз руль
носам зарыўся ў асфальт… Ха-ха! Яма! —
Яма? Ха-ха: няма ўжо ямаў. Траса! —
Траса? Рамонт! — Рамонт? Дэмантаж! —
Майдан! — Выбух! — Вайна! — Сьмерць! —
Крык! — Град! — Фронт! — Ноч! — Жах! —
Кроў! — Супраціў! — Сіла! — Украіна! —
Не баяцца! — Украіна! — Не баяцца! —
Украіна! — Не баяцца! —

Дмытро Лазуткін

Школа

разбомбленая школа —
трыюмф расейскае зброі

добра што вучняў вывезьлі
яшчэ да пачатку абстрэлаў
інакш бы
ня выжыў ніхто

у кабінэце геаграфіі
асуджана зьвісае шматкамі
разадраная мапа сьвету

бездапаможныя падручнікі
раскіданыя на падлозе:

антычная літаратура з абгарэлымі карэньчыкамі
найноўшая гісторыя з вырванай сарцавінай

Пераклаў з украінскай Андрэй Хадановіч

Александр Ірванец