Фота: Finn Ståle Felberg
Смак забыцця салёны
АНЁЛ
(ENGELEN)

Бясплодна хіляцца ўпалыя грудзі лета над лукавінаю фіёрда
твар набліжаецца і замірае, калі нагадвае мне ўсе
пабачаныя твары — у куточку вока вырастае костка
гэта яйка, змрочна кажа твар, аднойчы вока заплюшчаць,
таму яно глядзіць унутр і вонкі адначасна: такі вось свет.
Я абуджаюся і натыкаюся на першыя сляды дня
з рэшткамі вантробаў сненняў у ззянні пылу
на сценах твары сучкоў выплакваюць даўгія кішкі
не бачу я ці бачыць не хачу як сонца на акно павесіла
сваю любоў, буркочуць галубы бесперастанку,

костка тая завецца косткай не парушынкай — косткі пералом,
як хлеба: мы дзелімся ім, зламаны і я.
Зламаны разлёгся на канапе і хоча марозіва
закінуць у сваё наноў зашытае нутро,
нібыта ванільны холад здольны вылечыць
сорам бяздзейнасці — дзятла, што дзяўбе па барабаннай перапонцы.
Я ж на закупах і забываю на марозіва і забыццё
(з прычыны раптоўнага рыкання лета)
плюе на боль зламанага, а боль плюе ў адказ у мой апухлы
ад спёкі твар. Смак забыцця салёны, але спачатку ты чуеш пах

калі памру, зрабі мяне анёлам
з пустой утулкі ад туалетнай паперы часу
аперажы набедранай павязкай крывога гуманізму
дай парцалянавыя зубы і аблічча, каб застрашаць і засцярожваць
уздымі на слуп у вузкім коле Клецкага скрыжавання.


СМЕХ І КУПА
(LATTEREN OG HAUGEN)

туман уранні паўсвету робіць бачным
твар свеціцца паўмёртвым святлом экрана
забыты смех з’яўляецца з прылівам — я сліну

пускаю на кашулю — смех ляжаў у маім роце
але ўцёк як толькі той сказаў: імя! імя!
амаль зацёртыя рудыя стрэлкі — я

раздзяваюся — у акне на ўсход вісіць
паняцце богу як языка:
акруглы пераспелы плод

сівы бог туманоў
я ведаю ты хочаш каб я думаў
пра смех твой і адвечныя ўхмылкі,
але я цябе бачу, пладаносец золку!
плеўка на застыглай мякаці!
дай мне знайсці той смех, як вынік знаходзіць сабе прычыну!

знадворку адзенне купай ляжыць у пластыкавым кашы
а збоку размазаныя чатыры пашпартныя фотаздымкі

назаўтра купа перастае быць купай і адзенне
вісіць як барада на дрэвах і падгнівае
я яго збіраю і нясу дахаты


НОЧ, ДЗЯРУГА НЕБА
(NATT, HIMMEL AV STRIE)

Хвораму сябру

кладзецца покрывам табе на твар,
а цела цалкам захінае ў сваю шкуру:

у меху чародка курыц што мёртвага дзяўбе
працяглы плот што працінае мех

што кліча цябе вонкі і ўнутр, унутр і вонкі
што кліча шасцярэнькамі курэй у меху

і кажа: вунь тая завецца біялогіяй вунь тая
псіхалогіяй вунь тая філасофіяй вунь тая

вунь тая — ахрыплая карослівая курыца
яек не нясе, а круціцца вакол уласнай восі

яна не мае імені, а мае дом:
на плот уселася й як быццам дома!

*

чатыры курыцы ў зрэбным меху
заблыталіся ва ўласных пустотах
сухая густая рошчына й ваніты
зашэрхлыя на белым пледзе

кволае цела ў стымулакататоніі
задзірыстыя ныркі, закінутыя ўнутр
далёка, каб я не мог дастаць рукою
твар пабачаны, і ўсё адно забыты

рассечына ўздоўж павека — пісяг
у дзярузе ад курынай лапы
твар пабачаны, і ўсё адно забыты

Пераклад з нарвежскай Юлі Цімафеевай