У атачэнні гор
пачаткі серыялізму


Духі з’яўляюцца. няма справы,
з’яўляйцеся, але будзьце нашымі
галюцынацыямі. адлюстраваннем страхаў,
сімптомам псіхічнай хваробы, будзьце,

чым самі хочаце, але не смейцеся
з нас, будзьце сабе выратаванымі ці асуджанымі,
пакутуючымі, будзьце духамі нашых
матак, прыяцеляў, ахвяр, калі будзеце

вынікам уздуцця жывата, задоўгага ляжання
на сонцы, злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі
і адмовы ад іх, просячымі малітвы,

паказваючымі строі ў агні, пужайце
помстай з магілы, мы ўсё адно хацелі б баяцца
чагосьці папросту больш канкрэтнага


[Нічога не маю]

Нічога не маю, апроч пагарды – як да патруля, які абмінаю.
Не пагаджаюся з галасамі ў прэсе і з галасамі ў сабе.
Чапляюся да таго, што мяне не тычыцца. Трэба
тым людзям нешта сказаць: Досыць! Няхай хтосьці іншы вас

голадам морыць. Ах, ах, памяняйце гэтага на таго! Дарагія мае,
ці напраўду лічыце, што нас два ці тры?
Не, мы адзінка, а адзінка – нуль. Наш стан
ёсць зманлівым станам. Не купляем, не ужываем нічога

за выключэннем старых запальнічак, каго гэта цешыць?, хіба
толькі дзяцей, у якіх усё яшчэ цэлае, якія яшчэ смокчуць
паветра-матку, па-ранейшаму прыдатныя для выкарыстання,,

нават хацелі б большасць такіх, як яны, выключыць з ліку
калег, каляжанак. Дзіця – наш тавар, наш матэрыял
генетычны, памятайце, выгнаннікі са свайго абутку на экспарт.


Мароз

Я хацеў пайсці ў тэатр, адна з маіх “Паненак”
пераклала п’есу, хацеў на яе пайсці
і нават Беата Зужэвіч хацела на яе са мной
пайсці, але аказалася, што квіток каштуе, але пекла,

гэта была звычайная п’еса, на радасць “гарадскіх”.
Але я ўпарта настойваў, што хачу на яе пайсці
не ведаю сам чаму, бо ўжо ўсё больш
ванітавала мяне ад сітуацыі, што нейкія старыя дзяды

пераапранаюцца ў сукенкі, не маю такіх
інтарэсаў, соры. Але спакуса была
і я паддаўся гэтай спакусе. З Беатай да тэатра,

пераклад пані Камілы. Шмат хлопцаў у сукенках,
як весела. Аднак у канцы нас уратаваў мароз,
Беата напісала “такія марозы”, адчуў сябе ўратаваным.


[ у атачэнні гор]

У атачэнні гор, не пазнаю
сябе, хаця я ёсць. Ці маёй
субстанцыі хопіць на столькі, каб тут

далей быць, існаваць? Што мусіць зрабіць
чалавек, назаўсёды пазбаўлены
таварыства? Спяваць? У атачэнні

гор гэта гучыць цалкам няблага. Шастаковіч,
Скрабін, музыкі маю ў дастатку,
яна месціць ў сабе час. Люблю споведзь

але не люблю ксяндза, няма ў ім для мяне
шарму. У атачэнні гор адчуваю, як нішто
кранае, можа справа якраз у тым.