Вершы з кнігі “Воўчыя ягады”

Гульня ў памяць

                     Ад сябра і аднавяскоўца
                     дзед атрымаў у падарунак
                     самаробную копію
                     свайго пакінутага дома.

на шырокай як поле далоні
ільсніцца золатам
                              саломы
                                            дом

у глыбокіх разорах далоні
некалі спела жыта пшаніца ячмень
жоўты бурштын кукурузы
цёплая яшма бульбы
пчолы
             гушкаліся
                            на канюшыне
тоўстыя губы коней
                                  уздрыгвалі
                                           ад козыту пырніку

цяпер
на парэпанай ссохлай далоні
толькі дом:

сцены
        кардонная скрынка
дзверы
           выразаныя з паперы
вокны блішчаць
                пакамечанай фольгай
на выпрасаванай
                     саломе даху
праступае клей
                              Фенікс

у гэтыя дзверы не ўвайсці
у гэтыя вокны не зазірнуць
дом гэты — цацка
якую нельга даваць дзецям

дарослая цацка
               для гульняў
                                  у памяць

белы гадзіннік
              дзедавай галавы
                                   адлічвае
за месяцам месяц

засыпаюць падлогу
                         сняжынкі
                                састрыжаных
                                               валасоў

зімнія дзедавы вочы
неадчэпна ўзіраюцца
ў бляклую копію
                  кінутай хаты

сухія дзедавы думкі
хаваюцца ў цень
                                     сіняга
                                     летняга
                                     ганка


Не кіно

Маленькай
я нават думаць баялася
пра фізічныя катаванні,
ужо не кажучы пра тое,
каб іх бачыць.

Закасаны па локаць
                      рукаў гімнасцёркі,
бізун,
             нагайка, дручок ці палка
                                            ў руках.
Белыя
            напятыя
                     мускулы
                              прагнулі ўдару,
шалам ашчэраныя
                чорныя пашчы
                                   аўчарак
шукалі спажывы.

І калі на экране
рука ўздымалася над бедаком,
                            прыкутым да крэсла,
калі люты сабака рваўся наперад,
                            раскрыўшы зубатую ляпу,
калі адпускалі курок аўтамата,
                            нацэленага на бяззбройныя постаці
                                                             ў снезе
і з тэлевізара неслася
                         няўмольнае тра-та-та-та,

я з крыкам выскоквала
                         за дзверы,
заплюшчвала вочы,
закрывала далонямі вушы,
і, упаўшы на ложак, спрабавала
адплакацца і аддыхацца

ад страшных непабачаных
карцін.

Часам мне хлусілі
са шкадавання:
гэта ж толькі ў кіно.

Але я адчувала падман —
так шмат
            было гэтых фільмаў,
так шмат
            было гэтых кніг.

Ідзі і глядзі.
Сядай і чытай.
Каб ніколі зноў.

І вось я зноў
сяджу і гляджу,

не разумеючы,
чаму адзін чалавек
наўмысна чыніць боль
іншаму.

Я чую брэх
                    раз’ятраных аўчарак,
я бачу ўзнятыя рукі карнікаў.
Я выскокваю за дзверы
                                            краіны.
Але гэтае кіно ні пераключыць,
ні выключыць.

Наперадзе бясконцыя снягі
і чорная паласа
                       далягляду.

люты 2021


Воўчыя ягады

дакраніся сарві раскусі
нашу мяккую тайну
пакаштуй
           зыркіх ягад
бліскучы сакрэцік

так спяваюць
між лісця схаваныя
важкія гронкі

так нас вабяць
іх немыя модлы
няспынна

не бяры не чапай не будзі
скрушных ягад
з касцянкай
            дзіцячага страху
з волкім мякішам
дарослага здзеку

выюць
воўчыя ягады
              на галінах
                            крушыны

цёмныя
як маміны сінякі
горкія
як татавы кулакі
слізкія
як соплі
па дзіцячых шчоках
расцёртыя

вось яны ў голлі стаіліся
вось яны ў лістоце схаваліся
ягадкі-згадкі

не ягады, а гáды

калі ты рот раскрыла,
калі ты ў рот іх паклала
сплюнь забудзь разатры
разы тры

не шукай у іх дарэмна
спатолі
будзе болей
болю

кажу табе
болю болей


Аўтапартрэт у выглядзе костачкі авакада

чым большая костачка
тым хутчэй
            яна прарасце —

я чытала парады
перш чым уткнуць
тры зубачысткі
у цвярдыню яе сцягна

перш чым заглыбіць
шчыльны каўчэг
                           зярняці
у шклянку з вадой

з раніцы раптам
лупіна
           лопнула
разламалася
           мясістая костачка

быццам сталі
насупраць адзін аднаго
два сусветы

іх можна было б назваць
тут і там
захад і ўсход
чужое і роднае
урэшце
               яны і мы

можна было б

калі б не корань
што пачынае расці
між
дзвюх палавінак

калі б не сцябліны
маленькая галава
прыўзнятая над вадою

глядзі
як выпаўзае
хтосьці з каўчэгу
у пошуках новай зямлі

гэта я

май 2020