Мітычны Арх
І.

я кінуты на ральлю
немаўля Тэлемах
бездапаможна дрыгаюся
пакуль мой бацька
ці то манюка ці то вар’ят

старанна буксуюць лыткі
ад Ітацкай зямлі незадаволена
моршчыцца струк
я аракулам чую
як збочвае плуг
я выкрыкваю красамоўна
ў сваім старагрэцкім “уга”
лёс крэпкамурнае Троі
мядзяназбройных Данайцаў
і здрэвапабудаванага каня

магчыма як вернецца тата
я таксама атрымаю
драўлянага скакуна

потым быў бляск дасьпеха
блізка мама была
ніхто карабель не паверне
Нікога чакаем назад


ІІ.
мама ў дзяцінстве казала
будзеш многа чытаць
зьліпнуцца вусны

а я
як усе дзеці
верыў у бога
і прапускаў імшы
ведаў пра хісткасьць жыцьця
і лез на дахі
лётаў на ровары
круціў сонейка

і ня кідаў чытаць

цяпер мне няма
чаго вам сказаць

усё як у чытанцы
Мама Мела Рацыю


***

мае вусны цяпер наліты яблык
адкусі і ўбачыш
кніжнага чарвяка

адкусі і ўбачыш
сваю прыродную аголенасьць
цябе выганяць зь неба
вы-ганяць перад выгнаньнем
зьеш яго цалкам

адкусі і празь цябе пачнецца
вайна
і Троя ня вытрымае
напругі тваіх сківіц
і твой правільны прыкус
застанецца выразнай лініяй
на Ахілавай пятцы

у тваім і маім роце
будзе прысмак
пяску і крыві
вайны і нябёсаў
ранэткі і антонаўкі

адкусі


***

я стаў бы свабодным
я меў бы дзьве прыгожыя
чырвоныя рысачкі
аазіс сыляба-тонікі
на асмуглым твары

я б назваў наноў усе рэчы
ад А
да
дам

дадаў бы
ад Э
да
вы

і вам бы я даў
сапраўдныя імёны
пачуўшы якія
вы б адмовіліся ад уласных
вуснаў


III.
напаўняць судзіну
заўсёды няўдзячная справа
піксіда становіцца кратэрам
ямка становіцца кратарам

чырвонафігурным
чырвоным
фігурным
з жаноцка-юнацкімі тварамі
арфэі эроты антыноі
іх аб’ядноўвае адно —
усе яны былі грэкамі
і часова каханкамі

глыбокім
як уласная магіла
туды б магла зьмясьціцца зорка
зрэшты так яны і зьяўляюцца
туды б магло зьмясьціцца значна больш —
вока
а ў выніку нічога і ніколі —
два браты аднаго бацькі космасу —
(не) зьмяшчаецца

усё-ткі
колькі ні палівай
судзіна бяз глебы
наўрад ці дае парасткі
але і палка раз на год
прарастае
ў квяцістую вішню

з кветкамі як філе ўсходу
з галінамі як сьвет у разрэзе
з каранямі мякчэйшымі за калені стомы
зь ценем цішэйшым за прызнаньне
з карой узору перасьпелага граната

там будуць сьпяваць песьні
гліняныя аскепкі
дзеці старой вазы


IV.
я адгрызаю кавалак тваёй шыі
кожны раз калі ты скокаеш у мае абдымкі
гэта твая ахвяра
твая камунія
мы цяпер communes

у цябе не засталося зьвязак

зрэшты ты была мне вінная
за калісьці пазычанае рабро

я абвіў іх вакол пустых костак
і цяпер яны напаўняюцца тваім крыкам

ты ж мяне ведаеш
я чалавек лагодны
адамавы ком у горле
не прапускае ляманту
не прапускае адмоваў

толькі твой крык

яго мне стае
цябе мне стае
стань маімі косткамі


V.
пахавайце Палініка
здрадніку —
бясплатную мэдэцыну
паліклініку

косткі Палініка —
сабаку палку
кінуць
сэрца —
ахвярніку

цела — сэрцаньку
маленькаму
міленькаму
млыньненькаму
сястры Палінікавай

а ніку
каму ніку
над Палінікам?


VI.
[УСТУП]
ці ты мне сястра Мірыям
ці посах пасуе да пасмаў тваіх
ці плешча пясок паміж пальцаў тваіх
ці не панурыць пэсах пелюхоў тваіх

ты свабодная Мірыям
будзе зь цябе нявеста

[СТАЦЫЯ І]
выплюньце вуснаў зьмяю
нас у школах вучылі
ператвараць на галіны вужоў
і на сарафімаў назад
хай мова вашая полымем пад Пітонам
у пярэсмык не ўлягае

нябожчыкаў у тэтрапаках усёведнае галы
было меней
як пясчынак на стоме тваіх плячэй
мы пакрышым іх на кавалкі
прынясём на радасьць плоднай Дэмэтры
на стогне тваёй бісернай працы
зьлітуйся зь беднай жывёлы

[СТАЦЫЯ ІІ]
ня дзьмі так моцна

пясок на маіх дамінантах
мы ахвяруем сьнегу якому
смакуюць франтоны найлепш
якая розьніца як называць цукар
карамель маіх зрэнак пазаколерная

пан
тон
пан
тэон

[СТАЦЫЯ ІІІ]
валасы твае плятуць павукі
яны спускаюцца да шыі
ім ножкі падрэжуць цырульнікі
зямля абяцаная
абясцэненая пірамідамі іх павуціньня
не знайшоўшы ў кустах агрэсту
там сястра шукай збавеньня