Слова ідзе за словам

З нізкі "Берагі акіяна"

I

Не я тлумачу тэкст, а ён мяне,
як акіян тлумачыць кантыненты.
Яны з яго паўсталі, як фрагменты
таго сюжэта, што ляжыць на дне.

А ёсць сюжэты, што не маюць дна.
І Слова ёсць, што берагоў не мае.
І кніга ёсць… Старонка там адна…
Імя ёй — ты. І Бог цябе чытае.

3 лістапада 2022


II

…Я не самотны, я кнігу маю…
Максім Багдановіч

На гэтай голай, як лёд, планеце,
што так імкліва ляціць кудысьці,
я не самотны, я маю вецер,
я не ў цямніцы — я маю выйсце.

Ля сіняй бухты ў тым акіяне,
што паглынае думкі і рухі,
я не самотны… Слухайце: я не
буду заломваць у роспачы рукі.

Я маю вецер, я маю вецце,
памяць карэння, голасу лісце.
Дрэва насенне — голай планеце.
Полымю — смецце. Я маю выйсце.

7 лістапада 2022


Тэтрапціх


I

Ты хацеў адхукаць да адтайвання
пустату сусветных небасхілаў.
Так шалёны сінтаксіс Цвятаевай
грукаецца ў саркафаг Эсхіла.

Сцен сусветных шэрасць непахісную
разбурыць хацеў мігценнем сэнсаў.
Толькі тэкст, які даўно напісаны,
сам сабе паэт, рэдактар, цэнзар.

Не распрасці вечнай праўды прадзіва,
не разблытаць вечнай цемры ніцей.
Нельга даць таму, каму не дадзена, —
проста слухай свету сэрцабіцце.

Ёсць адно мастацтва ў свеце – слуханне
голасу часоў і шэпту месцаў,
каб журыцца з апантаным скрухаю
і смяяцца з тымі, хто смяецца.

У Сусвеце рыфмы ўсюдыісныя,
як у лісці — жнівеньскія промні.
Кожны тэкст заўжды даўно напісаны,
і яго патрэбна проста ўспомніць.

16 жніўня 2022



II

Верш нараджае сам сябе,
слова само ідзе за словам.
Сеецца зерне, і ў гэтай сяўбе
тое, што ўзыдзе, будзе не новым.
Зерне ўсё тое ж, якое грэў
целам сваім прабацькаўскі колас.
Белае поле араты арэ
плугам старым. І ўсім до і рэ
толькі адно трэба новае — голас.
Можна баяцца рыфмаў старых,
новыя параздаваць мянушкі
польным звярам і нябесным птушкам,
толькі звярамі будуць звяры…
Слова шукае адно толькі — слых,
слову адно, што патрэбна, — вушы.

11 верасня 2022


III

Паэт разумее не ўсё, што піша:
ён проста падслухаў пароль.
Ёсць розум у ветру, і голас у цішы,
і ў літар — памяць і боль.

Не ўсіх таямніц адчынены дзверы
паэту — такой бяды!
Радок пачынае маўчанне паперы,
заканчвае – рыфмы ўздых.

Паэта таксама бярэ лянота,
таму за шматкроп’е прабач.
Страфу пачынае Час, каб потым
яе дапісаў……………

12 верасня 2022


IV

Клён — гэта проста клён ці адна з калон,
што падпірае гмаху адвечнага дах?
Дрэва расце, і з ім узвышаецца ён —
гмах, што завецца час, — на тваіх вачах.

Тэкст — гэта вестка ці проста магіла слоў?
Ці карабель, што праз мора вякоў нясе?
Дуб — гэта проста дуб, ды з яго — вясло,
што на магіле сябра ўкапаў Адысей.

Дуб аддае віну сваю памяць і клёк,
мова паперы аддасць свайго часу пах.
Кнігі памяццю пахнуць — як дуб і клён…
І як стагоддзя кроў у чорных радках.

17 верасня 2022




Coincidentia oppositorum

У рэчку дзяцінства ўвайсці
не двойчы, а шмат разоў —
ці магія лета, ці
ступілася часу лязо.

Ці проста ўсе рэчкі ў адзін
струменяцца акіян,
дзе ўжо ні гадоў, ні гадзін —
зліваюцца інь і ян.

Бясконцасць усіх прамых
стварае бясконцы круг.
Не "я", а "троннае мы"
гучыць у голасе труб.

І мудрасцю нематы
ўсміхаецца немаўля.
Бясконцасць німбаў святых
яднае ўсе "ты" і "я".

27 жніўня 2022


* * *

Не прыдумляць сабе жыццё,
не задаваць практыкаванні —
па свеце бегчы, як дзіцё
ад сямі цётак, сямі нянек.

Аббегчы ўсёй зямлі абшар,
папераскокваць акіяны.
Не прыдумляць сабе сцэнар,
а імправізаваць, як п’яны,

якому двор — зямлі прасцяг
і акіяны — вадасцёкі.
Маё жыццё — маё дзіця —
у сямі нянек, сямі цётак.

2 снежня 2022


* * *

Што табе адкрылася —
нельга зноў закрыць.
Голас вечнай міласці
ў памяць забяры,

каб адрозніць мог яго
ў гуле галасоў,
калі трэснуць крохкія
вітражы часоў

і ўварвецца бедамі
подых цемнаты, —
цяжкай ношай ведання
грэцьмеш плечы ты.

10 кастрычніка 2022



* * *

Так дапісалі мы з табой, мой час,
ты — гэты дзень, а я — сваю брашуру.
У плагіяце з нас на гэты раз
каго абвінаваціць крытык здуру?

Ізноў мяне? Няхай — такой бяды!
Бо крыміналу тут няма нізвання.
Мой час мне сам дае спісаць заўжды
і сачыненне, і практыкаванні.

Таму я навучыўся аднаму —
уважліва глядзець у сябраў сшытак.
За гэта не саджаюць у турму
(якое шчасце!), хоць румяны крытык,
хутчэй за ўсё, нарэшце будзе сыты.

24 верасня 2022