Самацэнзура

МАНА-ЛІТ

Кай ці то Каін
надта цікавае
я вырашаю пытанне
на коўзкай падлозе турмы

як з заінелых мільёнаў
бетонных Я-кубікаў
скласці дыхтоўны радок
маналітнага МЫ

студзень-падвей
замятае гурбою-прэзумпцыяй
тую раллю
на якую мне звыкла
ўпадаць у журбе

я з дэструктыўных дэталяў
складаю канструкцыю
і наракаю
чаму яна не ЖБ

БУДОВА СТАГОДДЗЯ

школьны будынак
узгадваю з замілаваннем
безліч разоў
быў ілжыва замінаваны
бо нехта ня дужа хацеў
быць няўдала экзаменаваным

настаўніца рускай
як яе там
падавалася Жанна
па бацьку нібы Аляксандраўна

/мы брыдкаслоўцы
адразу яе ахрысцілі
сорамна ўзгадваць
Жабай
божа даруй
Дыназаўраўнай/

нас навучала
хрэстаматыйна
любіць дым Айчыны
бярозкі
і Гогаля

наш ідэал
патыхаў танным тытунем
і на ўроках пытаннем
на жопу садзіў педагога

школьны будынак
варта цябе аніяк не мініраваць
наадварот
намініраваць
годным найменнем
найболей дыхтоўнай
будовы стагоддзя

бо ты як найменей
ня рухнуў і выстаяў

зараз каго не спытай
кожны трэці
нячыстай вады экстрэміст
альбо саўдзельнік
не надта законнага
збройнага чыну

праўду скажыце настаўнікі
ці ганарыцеся
што навучылі

23/09

сённяшні дзень нібы водападзел
паабапал вада
ва ўчорашняй лужы
куды ўжо можна закідваць нерат
і ў хмары
якую малюе на мапе
песімістычны прагноз

што прагназуюць на заўтрашні дзень
а заадно і на пару стагоддзяў наперад
тая ж бяда
залевы і сцюжа
надвор'е ў нашым двары
спрэс сінаптычны гіпноз

зазвычай ахвочы да рознай забавы
здаўна практыкуе такую
тамтэйшы паноптыкум

бачыш як нешта пайшло не да ладу
час вінаваціць
сіноптыкаў

СВЯТА

усё што было ў Курапатах
не тычыцца нас
усё што было за МКАДам
ужопадмінскоўе

дзеепрыметнік д з е й н ы
ня зменіць час
падпарадкуе куля
дзеепрыслоўі

кулі няма калі
лічыць пазванкі
раз і разваліць у фарш
аснаванне шыі

ты нешта пісаў там
ідзі
і больш не пішы
белыя ніткі дагэтуль
трывала шыюць

дзеду свайму раскажы
пра крыжы і пра жах
годзе тут тыкаць
што вызнаваць галоўным

вам далі свята
нехуй тут разважаць
абраны народзец святкуе
хэпі хэлоўін

SI VIS PACEM

para bellum
капай глыбей

я
нібыта дурны верабей
што насуперак усёй сяўбе
ўсё адно
грабе пад сябе

кажа кожны што міра хацеў
ты
навошта сюды заляцеў
ты нагадзіў у красным куце
ты адкінуў няправільны цень

калі пець ты хацеў пра любоў
нарадзіўся б тады
галубом

ты задзёўб тут усіх далібог
белай фарбы бракуе
то ж бо

небарака вазьмі пачытай
што зрабіў з вераб'ямі кітай

усё каменні збіраеш
кідай
ты ж арыец
яволь такі да

мо тутэйшы ваш тутанхамон
пагражае што тут вам гамон
паранджа ды на шыі ярмо

то мы веры яму не дамо

хто пусціў са сваіх палясцін
вас гасцінцам птушыным ісці
ці суцішыўся
той супраціў
у бязвольнае кволае ціў

ды нашто адмысловы аддзел
калі нават між родных людзей
у віры гармідарных падзей
дзьме радзімай
усё радзей

кожны раз як прастуеш праз
тваё проста
прасуе прас

калі смыліць таўро ад параз
торгай пер'е крылатых фраз

si vis pacem
бяжы ці бі
вазлюбі зарабі праябі
спасцігай глыбіню глыбінь
не забі

а хаця
забі

ЧАРГОВЫ ОПУС

падаецца што я
дасягнуў таго самага ўзросту
калі падаецца нібыта ўзрост
гэта ўжо дасягненне

праўда
да гэтай высновы няпростай
я
рэгулярна прыходжу штораз
у гадавіну свайго нараджэння

і
мне наогул казалі
калі падаецца трэба жагнацца

але
я пакуль не саспеў
на сабе ставіць крыж
альбо іншым манэрам крэсліць

бо
з юнацтва шукаю ў людзях
таго рэзанансу
што дагэтуль знаходзіў
толькі ў мурашных песнях

і
безумоўна
можна бясконца глуміцца
з чаго заўгодна
апранаючы маскі
злых іранічных мімаў

але
мімаволі нутро
адмаўляе тое што іншародна

і нічога не зробіш
бо тут твая воля
міма

у спісе маіх дасягненняў
пакуль толькі кропкі над і
ды на мапе буяе шматкроп'е
дзе кожная кропка
чарговы абжыты тапонім

дайце нам кропку апоры
і мы
крутанем што ёсць моцы
гэты запылены глобус

вось табе
аркуш з алоўкам

крэмзай
чарговы
опус

С̶А̶М̶А̶Ц̶Э̶Н̶З̶У̶Р̶А̶

усё пазнаецца ў кантэксце
а лепей за ўсё на кантрасце
усё што гадамі песціў
цяпер далягляды засціць

я мушу цярпліва несці
хамут у абранай касце
я мушу баяцца сесці
на шыю чужому шчасцю

я мушу баяцца сесці
паводле загаду ўстаньце
я мушу ламаць каленцы
бо тут пачаліся танцы

лунаюць паходні шэсцяў
запахла палёнай поўсцю
я мушу баяцца сесці
на пáлю замест кагосьці

сурочаць нямым прадвесцем
расклады на чорнай масці
я мушу баяцца сесці
а я ўсё баюся ўпасці