Жыць для Беларусі

***
Вам страх маёй прысутнасьці?
А я жыву на сьвеце,
я — след вашай праступнасьці,
які вам не зацерці.
Ахвяра вашай дзікасьці,
сярод жывых жывая,
хоць мучылі бязь літасьці…
Я з тых, хто боль трывае.
Я з тых, хто не забудзецца
пра енк і кроў нявінных.
І словы мае збудуцца,
і нелюдзі пагінуць!


Вайной

Сэрца маці начамі ня сьпіць,
лекаціць, як зыманы голуб.
Сэрца маці за ўсіх баліць.
Бялізна пакрывае голаў.

Нарадзіць,
карміць,
гадаваць.
Чуць іх голас, бачыць усюды
і вайне на няміласьць аддаць
ды чакаць чорнай весткі ці цуду.

Хмарай зноў груганам кружыць
над пабоішчам.
Тлець папялішчам.
Як жа зроблена мала,
каб жыць.
Як жа зроблена многа,
каб нішчыць.


Беларуска

Калі цябе, мілы, краіна пакліча
за родны змагацца парог,
то суму ня будзе ў мяне на абліччы,
ні страху ня будзе ў грудзёх.

Дзявочае сэрца ў хвіліне так важнай
ніколі тады ня здрыгне,
а буду ня менш за цябе я адважнай,
каб сілы дадаці табе.

Бо сэрца дзяўчыны пад кужалем тонкім,
як і сэрца найлепшых сыноў,
гарыць то-ж каханьнем для роднай сторонкі
і спадчыны нашых дзядоў.

Ты пойдзе ў бой, а я плуг пакірую,
каня накармлю, напаю, —
і так абаронім, засеем, збудуем
Беларусь дарагую сваю.

Бо гэтак, як стрэльбы і кулі як звонкай,
як сіняе сталі мяча,
заўсёды патрэба для нашай старонкі
адважных хлапцоў і дзяўчат.


Баравікі

З прыполу хмар асеньні дождж пасеяў
грыбы, грыбы… Вось забірай дарма.
У бор прыбегла з кошыкам надзеяў.
Шукаю шчырых, а такіх няма.

Кругом паганкі, дробязь, мухаморы,
ня зьлічыш пачарнелых савякоў,
разьмяклых ад расы і не ў гуморы,
што апусьцілі капялюш далоў.

Гараць рыжкі, ірдзяцца сыраежкі,
і сьлізгаюцца ў пальцах масьлякі.
Чырвоныя галовікі на ўзьмежку,
а ў сэрцы мрояцца баравікі.

Такія шчырыя, праўдзівыя, што крэмень,
нібы браты, харошая сям’ёй,
зьяднаныя грыбніцаю, карэньнем,
без чарвяточыны, пад галіной.

Шукаю шчырых, баравых, харошых,
хоць сонейка ўжо падышло ўгару
і мой яшчэ зусім ня поўны кошык.
Шукаю шчырых, іншых не бяру.

Бяссоньне

Апалі хмары — кудзелі клочча —
з начное цьмы за шэры небасхіл.
А маладзік ад пацалункаў ночы
у рукі дзеўчыны
ўпаў бязь сіл.

Зарою сьветлай неба закранула.
Збудзілі птушкі поле да жыцьця.
А я зусім пакуль што не заснула —
гаворцы з сэрцам не чутно канца.

Паэтаў сон і недарэчны.
Тут мары зь яваю не пагадзіць.
То — дыялёг,
напружаная спрэчка
таго, што ёсьць
і як магло ўжо быць.

***
Белапеннае дрэваў квітненьне,
і няўмольны закон ад вякоў:
няма цьвету — калі без карэньня,
а бязь цьвету — ня будзе пладоў!


***
Арліны ведаю размах
і цяжкасьці жыцьця зямнога.
Ня знаю толькі слова страх
і дзякую за гэта Богу!

Цяжар кайданаў на руках,
за сына і за Край трывога…
Ня знаю толькі слова страх
і дзякую за гэта Богу!


***
Аднолькавы мне часта сьніцца сон —
ад бабак, ад прабабак (і я ж пральля).
Пра верацёны ён, пра цудны лён,
пра кветку папараці на Купальле.

Між пальцаў нітка тонкая мігціць,
прадзецца зь ёю зімні вечар сьпеўна.
Ні дум, ні верацёнаў не спыніць —
уюцца згодна аж да першых пеўняў.

Прадуцца часам і другія сны:
па кветку-папараць бягу трывожна,
адна ў начы празь цёмныя лясы,
і падаю, і кветкі не знаходжу…

І ўжо ня ніткі тонкія дрыжаць,
і не рука з вады палотны горне,
а боль скрозь сон, як вастрыё нажа
варожага — ізноў на маім горле.

Ня хочацца ні плакаць, ні пяяць.
І я рашуча зачыняю дзьверы
прад тымі, што над душамі стаяць
і ў тупасьці людской ня знаюць меры.

***
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць — дык жыць для Беларусі.
А безь яе — зусім ня жыць.



Ларыса Геніюш