¦
забытыя хаты нічыйныя гарады самотныя дрэвы
так шмат пра што ёсць падумаць
а я назіраю як ты змагаешся з хвалямі —
сёння ты не належыш нікому
быццам гарачыя камяні з кішэні
бога або вады
набірай у далоні і дыхай
плыві
нашы прыпынкі паркі палі
чакаюць вернага слова «калі»
вецер шэптам на вуха кажа
глядзі які ён прыгожы ў солі і ў сонцы
гляджу прымружваю вочы
Africa has a shape of a broken heart
хочацца плакаць
слухаць як хвалі казычуць бераг
і моўчкі з кімсьці згаджацца
так
так
¬
¦
вецер спытае
на якой мове мы размаўляем
а я не знаю
бо ён як прыйшоў
то разабраў маю мову і навучыў сваёй
я да сёння дарма шукаю мае моўныя сховы ўлонне і берагі
з ягонаю мовай я безабаронны але свабодны
ценем на плечы кладзецца моўная плынь
заплюшчвай вочы і спі
пакуль ён складае слоўнікі з марскога камення і сонца
выбірае найлепшае
і жывое
~
*
нас яднаюць многія рэчы:
музыка што ліецца скрозь белыя пальцы чорнага піяніна
тваё захапленне савецкім кіно і мая да яго нелюбоў
непрачытаныя кнігі якія выціснулі нас з кватэры
(у маім ідэальным свеце,
тое, аб чым я думаю, калі абдымаю цябе перад сном)
нашы кветкі якія ты называеш сваімі
віно як альтэрнатыва вадзе
гарады як метафара ўваскрашэння
што мая мова без твайго імя?
ірваная тканіна
бялізна расцягнутая ад аднаго да другога дома —
нябачная лінія сутыкнення нашых з табой языкоў
пярэстыя літары незнаёмага алфавіта
*
уяві што я табе не пішу
ты не чытаеш
мае лісты празрыстыя лёгкія і без зваротнага адраса
штосьці сярэдняе паміж пахам травы
і пальцамі ўзнятымі над клавішамі
калі б я пісаў то распавёў бы табе пра забытыя рэчы непатрэбныя рэчы
рэчы якія мы не бяром з сабою ў новыя гарады
рэчы якія не належаць нікому
пра тое як можна без рэчаў адчуваць сябе надламаным але жывым
як сонца ходзіць па коле забыўшы навошта
як птушкі малююць у небе працяжнікі кропкі коскі
іншыя невядомыя ніводнаму чалавеку літары
як становіцца лёгка калі запальваюць ліхтары
толькі ўяві
з усіх цудаў свету мне патрэбен толькі адзін
*
каб сказаць самае важнае заўсёды замала слоў
думаеш думаеш а пасля проста ляжыш пасярод нічыйнай травы без сіл
як цябе называць якія літары прыручыць
дзе націскаць укл/выкл
я пакуль што не ведаю большага слова за слова «ён»
таму мы так часта маўчым
я — перабіраючы словы ў роце якіх няма
ты — таму што і ёсць тым словам
а ў дзяцінстве ўсё было проста
глядзіш праз каляровы шкляны аскепак на сонца
і не мружыш вочы
так табе добра ў сваёй немаце і самоце
*
нічога не бойся — ніхто назаўжды не сыходзіць
няма каму ўваскрасаць
апроч вады
проста трымай маю руку
моўчкі глядзі за лінію што прашывае зямлю і неба
расшыфроўвай пра што гавораць з намі сабакі пакінутыя гаспадарамі
ў горадзе лёгка застацца самім
напэўна таму яны самі
белы смешна бурчыць на кагосьці ў бясконцай цемры
пакуль мы ядзім баклаву
запіваем турэцкім чаем —
а там толькі хвалі
я б хацеў каб нас з табой пазнавалі —
як адно вялікае і жывое
як у тым рэстаране
май фрэнд, хаў а ю? — і вось самавар разлівае тое што нас сагрэе
(нягледзячы на духату)
я б хацеў каб мы сталі адным вялікім сабакам
і неслі варту
колькі хопіць сабачага дыхання і святла
верачы ў вечнае і зямное.
*
нам бы радавацца хваль наплыву пасля вялікага шторму
свайму ацаленню
глядзець як мора аддана робіць сваю работу
запамінаць уздымы яго пазяханні выгібы і павароты
ўзоры камення
як бераг хвалі глытае бяззубым ротам
усё што пакуль супрацьстаіць цемры няволі і гвалту —
выпісаць вывучыць выкрычаць разам з ветрам
ты выходзіш з мора — суцэльны адбітак бога —
грэцкага рымскага ды няважна якога —
пакідаеш на вострай гальцы сляды
я бачу як кроплі малююць на скуры тваёй узоры
раскрываю абдоймы
кажу табе не прамаўляючы слоў —
хадзі сюды.
*
калі б мы маглі пазбавіцца чалавечага
то вучыліся б жыць у дрэваў —
бамбука кедра і эўкаліпта
я б напэўна не так як ты —
проста аддана смела
з верай у спорны дождж і бясконцасць лета —
а неяк інакш
мы б тады абдымаліся веццем сарамліва й няўмела
нібы нам дзевятнаццаць і наперадзе —
аніякіх зменаў і перашкод
расці сабе перашэптвайся шапачы
падбірай пад сезон лісцё
мы б тады былі побач даўжэй за жыццё
ты б глядзеў на мяне праз кару як я сплю
я б не спаў
*
словы рассыпаныя на зямлі нібы рудая ігліца
паэзія — процістаянне зямлі і неба
я гляджу як ты выклікаеш таксі
шукаеш наш дом на карце
думаю што мне яшчэ трэба
напэўна таму мне так часта не спіцца
што я не прыдумаў да якога слова ты ўсё ж падобны
мовы ўва мне спрачаюцца па-англійску
калі ты гаворыш са мною амаль без акцэнту
калі ты падаеш у абдоймы
сонны падобны да слабага бога
я думаю як мне застацца
як не разбіцца
*
перацерці ў далоні лаўровы ліст каб адчуць што яшчэ жывыя
так пахне чужое лета якое мы разлюбілі
пасярод неабдымнай любові
пазбавіцца болю
а пасля да яго вяртацца
грэцца дзікаю птушкаю са зламанымі крыламі
калыхацца
ты пытаеш як называецца вуліца
той рэжысёр
што здымае фільмы пра звычайных людзей
некранутых вайной і смерцю
я б хацеў прыдумаць такое слова
каб усё гэта
перацерці.
*
згуляем з табой у гульню — хто не схаваўся той будзе відзён
хто не развучыўся смяяцца не будзе плакаць
я думаю хто будзе першы
як цябе сустракаць пасля начной варты
колькі спатрэбіцца дзён
каб падлічыць усе нашы страты
набыткі і гарады
колькі цяпла яшчэ могуць вытрымаць нашы плечы
колькі цябе ў гэтых вершах
колькі спатрэбіцца дзён
каб выпісаць словы і раскласці іх на марфемы
каму і які ўручаць прыз
ты заўжды перамагаеш і сон і вецер
я бачу як літары ў роце складаюцца ў арапрыс.