Genius Loci
33
Плашчаніцу ўзяў,
На свае плечы узьдзеў —
Завялікая.

***
Бы коўдра,
Шаша
Заасфальтаваная:
Брук пад ёй
Дрэмле.

***
Шпалеры тых сьцен,
Як кольцы ў дрэва —
Ўсё жыцьцё гаспадара.

***
З півночі люди
Говорять майже, як ми —
Проте тихіше.

***
Абняў ліст слімак —
Усё, што ёсьць жвавае
Ў садзе маркотным.

***
Якой вады вам
Патрэбна для росквіту
Восеньню, дрэвы?

***
Перапынены
Шлях начнога блуканца:
Цэбар па цэбры
Ў вусны адкрытыя лье
Месяц сьвятло — й мала ўсё.

***
Адвечны той край,
Дзе ў крыніцы і моры
Адная вада.

***
І жменькі зямлі
Не скране віхор, хоць бы й
У тысячу год.
“Ці ўжо недалужна так
Справа твая?” — кпіць курган.

***
Умураваў сьнег
Кветак зьвялых сьцябліны —
Дзіды палеглых.

***
Трымаецца як
Выварацень грувасткі?
Самотны б — упаў.

***
Як зь мінуўшчыны
Крушні зьнікне апошні
Камень галгофны —
То й ацалее прарок,
Чыё слова пачуем.

***
Папсаваў неруш
Стомлены паляўнічы.
Кплівы сьмех варон.

***
Я за трыццаць вёрст цягнуў
На карку змакрэлым
Цагліну з стайні Карлавіцкіх —
За тое толькі,
Што зямлёй пад ёю
Некалі валодаў родзіч мой Скіндэр.
Хлопы й паны,
Паны й хлопы —
Круцілася кола ровара.
Важыла тая цагліна
Ледзь ня болей за ўсе ўспаміны
І ўсе краявіды навокал.
Цень мой нагадваў дзіўна
Галгофу.

***
Іх мала ведае натоўп,
Хоць быў бы большы яму толк,
На сьлед іх свой спрастуе троп
Нікім ня ўведаны прарок.

Са сном, згарнутым у рызьзё,
Брыдуць у доўгіх паліто —
І, ўбок адкінуўшы крысо,
Нясуць стальное далато.

І просіць чэрап іх удар,
І ляжа чэрава у вар.
Хто атрымаў усходаў дар,
Бязьлікім стрэне свой папар.

Яны ж — ідуць сабе далей,
Між мёртвых здольны весьці рэй.
І праўда іх, відаць, ямчэй:
Да праху прах,
І ў глею — глей.