***

Паглядзі, колькі жыццяў вандруе ўва мне! Паглядзі,
як сусветы гараць унутры асалодай нясцерпнай!
Гэта я – выкшталцоны алень, я – раз'юшаны дзік,
гэта я сплю на ладажскім беразе ўсцешанай нерпай.

Паглядзі, паглядзі, я – у кедры сібірскім арэх.
Я – касматы какос – грэю брушка ў спякотлівай Гане…
Гэта я па-над гаем удмурцкім шапчу "Інмарэ…"
і да поўначы любай нясу недасяжнае ззянне.

А туды, дзе накручвае жнівень палям бігудзі,
дзе буслы над радзімай маёй плач хаваюць старанна,
дзе застылі маўчанне і вусціш…
Туды не глядзі.
Там –
адкрытая рана.


***

памяці В.А.

Мо было, што злаваў, дакараў,
мо было, што вохкаў
у тым свеце, дзе кожны вечна чагосьці хоча.
А цяпер мне так лёгка стала, мама,
так лёгка…
Быццам скончыўся боль,
быццам зноў я маленькі хлопчык…
І люляе ваколле цяплом – такім знаёмым,
быццам гэта бабуля зімой распаліла ў грубцы –
і так будзе заўжды.
Толькі я не вярнуся дадому.
Не чакай мяне, мамачка,
я не змагу вярнуцца.
Я лячу аблачынкай над нашым прыгожым полем –
больш не ліпне чорнай трывогі пякучы бітум,
больш не цісне жыццё –
я анёлак у божым прыполе,
я дажджынка бясцелая, мамачка,
я забіты.


ЛЕКАР ДРЭВАЎ

С.Латыпаву

Залатую сасну не паставіш у мох на калені,
яна пойдзе за сонцам на дыбачках, дзе б ні расла.
Калі б вы былі дрэвамі, вам бы хапіла сумлення,
калі б вы былі дрэвамі, вы б не змаглі без святла.

Вы б не выраслі ў хлусаў ганебных, звыродлівых катаў,
што бягуць баязліва на кожны бязглузды загад…
Калі б вы былі дрэвамі, вы б не забіліся ў статак,
вы б маглі звацца годна –
як пушча, дуброва ці сад…

Дрэва дбае аб дрэўным сваім, не цураецца лекаў,
разумее, як важна гаіць і лісцё, і душу.
Чалавек адзін здольны згнаіць у сабе чалавека
і працягваць няісным галлём выдаваць нейкі шум.

Каб вы толькі адчулі, як цёпла ў нябёснай спарудзе,
калі грак грачанятак гадуе ў цябе на плячы!..
Але вы невылечныя, не,
вам, бязгнёздыя людзі,
я не здольны дапамагчы.


***

Пушча з азёрнага сподачка сёрбае
белых начэй кісель...
Дзе тое лета, што поўнымі торбамі
шчасце да нас нясе?
Сэрца маё абязвечваюць бедамі,
шэпчуць "Узненавідзь!"
Кар'яла, Кар'яла, каб жа ты ведала,
як мне цяпер баліць!
Як гадаўё раскашуецца шэрае
ў шэрасцяў валтузні...
Дай мне заснуць. Загарні мяне ў шхеры
і да сябе вазьмі.


***

Як пацеркі парваныя, сябры
пасыпаліся ўпрочкі незваротна.
Глядзіць зямля вачыма мёртвых рыб,
глытае боль бездапаможным ротам...
А некалі ж мой свет, як луг, квітнеў –
цяплом птушыным, дываном зялёным!
Цяпер я ўмею выжываць на дне,
люляць нянавісць і шаптаць праклёны.


***

Як дыхаць, калі нават вецер хрыпне
ад вусцішных навінаў? Петраской,
скажы мне, што ўсё будзе добра! Скрыпень,
пагладзь мяне ружоваю рукой...
Дай мне надзею, што існуе вырай,
дзе таньчаць сосны ў воблачных жабо,
дзе ўжо не страшна быць жывой і шчырай,
дзе пахне неўміручасці чабор...


***

"Што ты б'ешся як рыба аб лёд, мой даверлівы Ёве?
Я ж усё тут здрабніў, абязглуздзіў, абезгаловіў.
Я адняў у іх розум, я душы ім страхам знявечыў,
а ты пішаш і пішаш, дзівак, пра святло чалавечае…
Я паслаў табе роспач і немач, я дом твой спустошыў,
а ты цягнеш упарта за ўсіх недарэчную ношу…
Я зрабіў тут усё, каб табе было прыкра і гадка!
Што ж ты борацца лезеш, бадлівае аленянятка?
Вось бяспраўе табе, вось знявага, вось допыт, вось арышт,
а ты ззяеш і ззяеш, няўрымслівы, марыш і марыш…
У дрыгве непрабуднай наўрад ці прыдатныя Ноі,
так што хопіць на ўсіх будаваць, не смяшы, кінь дурное!"

"Не палохай і не выпрабоўвай, хітрушчы мой Божа!
Гэта ж Ты мне заўсёды казаў, што жыццё пераможа.
Гэта Ты – мая купіна ў багне, мой ягель, мой Ягве!
І таму я працягваю верыць,
я – працягваю."


РАГАЧОЎ

Андрэю Чарняўскаму

Як ні кралі б у нас, ні карналі б,
а галоўнага не адбяруць –
будзе несці Дняпро свае хвалі,
грэць пад пахай гарэзную Друць.

Тлум адкінеш, да берага прыйдзеш,
вось ён – мые свой стромы кадык…
І пачуеш, як вербы на ідыш
нешта шэпчуць люстэрку вады.

І пад шэпт іх угледзіш раптоўна
быццам сон ці прымроены свет:
Караткевіч у дзедаўскім чоўне
зноў жывы ўслед за сонцам плыве…

Хлешча лета, палошчацца шчэбет
ды лятуць пакрысе карасі…
Што ж так плачацца? Ах, рэбе рэбе!
Дзе той край, што ты ў сэрцы насіў?

Гэты горад – нязводная рана!
Пластыр часу крыху адляпі –
і праступяць малюнкі Каплана
з-пад асфальту завулкавых спін.

Боль не змыеш, як горыч ні ўтойвай,
ды лятуць карасі пакрысе,
спее луг, плешча вечнасцю пойма
і Дняпро нашу памяць нясе…


ЗАМЕСТ ПОМНІКА

«нет, весь я не умру»
А.Пушкін

Ды не, памру я ўся. Што б сам сабе ні хлусіў,
звычайны гэты вырак кожнага самне.
І можа, толькі скрыпень моўчкі ў Беларусі
запаліць свае свечкі ў памяць пра мяне.

Прыемнай для народа буду я нядоўга,
дарэмны гэты кон – быць даспадобы ўсім.
А стану тлёй зямной – хадзем, мая багоўка!
Вось плён жыцця майго,
мо ты хоць пад'ясі…

Я помнікаў сабе не клапачуся ставіць,
а прыйдзе час – памру,
уся як ёсць памру.
І можа толькі дрэвы моўчкі ў маю памяць
уздымуць над зямлёй галлё цудоўных рук…


***
Я не шукаю замежжа,
заможжа, замужжа…
І без таго мне належаць
найлепшыя з лужаў,
поўныя зорных адбіткаў
і срэбных аблокаў,
сонечны дзень, на падпітку
бярозавым сокам…
І без таго я па зніжках,
нікому не бачных,
маю і жолуд, і шышку,
і розум дзіцячы,
рэкі, дзе лётаюць шпарка
шчаслівыя карпы, –
і без таго я ўладарка
нялічаных скарбаў!
Мабыць, у важных людзей
я нічога не важу –
я да сасны кагадзе
ўладкавалася пажам.
Мо адслужу колькі год –
стану птушкай у гаі.
Болей ніякіх выгод
я ў жыцці не шукаю.


***

Асадкай саду піша Бог:
вось вішні вершаў, словы сліў,
часнык чытае на зубок
быліны згорбленых сцяблін…
Ні знерваванасці валіз,
ні лаянкі – спакон вякоў
зялёным тэкстам спее ліст,
а ты нямко.
А ты – нямко.


***

Пяць гадоў прашмыгнулі як мышы, а я ўсё помню.
Я ўсё чую, як белая ноч нешта шэпча траве.
Быццам памяць мая задрамала ў духмяным чоўне
І дагэтуль па Кортэлан'ярві шчасліва плыве.
Быццам хтосьці нарэшце спыніў злога часу арэлі –
І не скончыцца гэты спакой, і не прыйдзе зіма,
І мы будзем заўжды – мы ніколі не пастарэем,
Бо ёсць лета і воля, а смерці… а смерці – няма.


***

Не енчу, не шкадую ні аб чым,
гадую моўчкі лес мой, крочу, дыхаю…
Няцяжка мне, па болю ідучы,
самоту ўтойваць пад ахоўнай пыхаю.
А хоць бы й праразалася крыло –
не ўчуе сэрца за сямю напарсткамі.
Ды толькі зрэдчас вырвецца цяпло,
усходзіцца спамін вачмі татарскімі…
І быццам лёс не зрынуўся, як сель,
і быццам нас жыццё не перайначыла,
і быццам вось ты – па лясной расе
ідзеш насустрач, не чужы, не страчаны.


***

Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Дрозд,
мне муляе жыццё, бы няўпраўлены звіх:
мне і смоўж неўдасяж, і агрэст навырост,
я нікчэмны муляж, я драбнейшы за ўсіх.
Ні пачвара, ні блазан, ні звер, ні блюзнер –
я пушынка бязглуздая ў воку тваім.
А зраблю толькі крок – асляпляльны аер
кружыць голаў, як танец кружыў Наваі.
Неймаверны мой верас пячэ хараством
так, што дыхаць няможна – ірвуся па швах!
Забяры гэты дар, мне занадты твой дом!
Я не ўмею тут жыць, я няздольны дзівак.
Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Бэз,
мне баліць гэты свет, яго веліч і бляск...
Дай мне голае поле – найлепшую з нэндз,
каб ляцець над зямлёй і маліцца за вас.
Адкрытая рана