Кароткая гісторыя сталення

КАРОТКАЯ ГІСТОРЫЯ МАЙГО СТАЛЕНЬНЯ
ПАД ЮРЫСДЫКЦЫЯЙ ЧАЦЬВЁРТАГА ПАШТОВАГА АДДЗЯЛЕНЬНЯ
Там стаяла кацельня, закалочаная глуха,
на коміне было выведзена: "ОЛЯ ШЛЮХА".
"ОЛЯ" бачна заўжды, "ШЛЮХА" ўлетку лістота закрые.
Мне падабалася, што мяне назвалі Марыя.
І калі сьметніцу на галаву надзявалі ў школе,
мяне мацавала тое, што я ня Оля.
Толькі гэта тады была адзіная ўцеха.
Але пофіг. Кацельню зьнесьлі. Я пераехала.


* * *
У тыя часы, калі трыццаць восьмы быў лазікам,
мы давалі нырца ў Камсамольскае "вадалазікам".
Трэба было пасьпець крыкнуць: "Пацаны, глыбіня!" —
і зь зялёнай вады тырчала ружовая даланя.
І ўсё самае дарагое каштавала дваццаць восем капеек...
А цяпер тут фантан і хіпстэр жуе капкейк.


НУНЧАКІ
былі ў Данілы, які з Асмалоўкі —
мы ня ведалі, што Асмалоўка,
хоць бывалі няспынна, —
і яшчэ катана,
і ён на ёй хімічным алоўкам
нарысаваў гіерогліфы "тушаніна".
І ён расказваў мне, хто такі Тэрмінатар,
і чаму ня ходзіць у кінатэатар "Масква",
і што купляў за палову капейкі сабе мэдыятар,
і далі два.
І была Асмалоўка тады такая высокая,
і бэз быў тады бэзавейшым,
і Сьвіслач бяздоннай.
І сэрца маё ў паркалёвай сукенцы скокала
вышэй за галаву Хон Гіль Дона.


МАДОННА
Жыцьцё адкладалася,
як цукеркі ў заварнік "Мадонна":
трэба было зьбіраць доўга,
каб зьесьці потым, —
як рубель на сьмятану, забыты на дне бідона,
як рубель за малочную тару, здабыты потам.
А потым ужо
жыцьцё мантачылася шалёна.
У Сьветкі была шклянка з паўголай Мадоннай,
і калі залівалі шклянку, напрыклад, колай,
то Мадонна ненадоўга рабілася голай.
Нам са Сьветкай абедзьвюм падабаўся, напрыклад, Коласаў,
але шклянка з Мадоннай заўсёды была поўнай.


БАРМАЛЕЙ
— так я звала прадзеда Яна.
Помню, поўзала пад ягонай труной.
У ёй
я толькі і бачыла шляхецкі гонар.
Бармалей жыў на цёмнай кухні за хліпкай сьцяной,
паміж белым буфэтам і ржавым на газ балёнам.
Адэкалёну трайным смуродам
тхнула ягоная койка.

Такім быў мой продак,
якога судзіла тройка.


СУСТРЭЧА НА КАМАРОЎЦЫ
Жыццё заганяла ў жывы куток і ставіла да румынскай сьценкі.
"Дубравушка" — Парк Чалюскінцаў — чортава кола.
Вуліца вострай нянавісьцю да Лукашэнкі
прыпраўляла ўсё, чым кармілі сям'я і школа.

Ад камсамола літаваў... Назавём яго Бог.
Але ў піянерах была, толькі гальштук быў бела-чырвоны,
фіялетавыя ласіны і грыўка набок —
мама чамусьці дражніла "піянеркай Зянона".

Сябар, з якім нас тады прымалі, зьнік — у сэнсе, ня гугліцца.
Прыдумваеш яму цяжкі лёс,
Навінкі, калёнію, неапэрабельную пухліну.
А можа, узяў ды паехаў ваяваць на Данбас
і загінуў, і ёсьць надзея, што за Ўкраіну.

І раптам — вось ён, жывы, жыве на суседняй вуліцы.
Нават ня сьпіўся – ёсьць жонка, сын, праца і мора ўлетку.
І ён вельмі нават гугліцца, проста ты ня так гугліла,
але ў прынцыпе, ён не любіць сацыяльныя сеткі.

Зусім не зьмяніўся — адно хуткаплынны час.
А ўвогуле, ўсё зьмянілася, апроч Лукашэнкі.
Нашыя дзеці будуць шчасьлівейшыя за нас:
мы будзем іх ставіць выключна да швэдзкай сьценкі.