6.

Горад засыпаны снегам
Дрэмлюць дамы ў сумётах
Я вось з такога разбегу
Не пераскочу плота
Лясну грудзьмі аб дошкі
Кроў паліецца з рота
Слімак пакажы свае рожкі
Інакш паляціш з работы
Горад засыпаны снегам
Новым красавіковым
Не пераскочыў з разбегу
Рот напаўняецца кроўю
Пырскі ляцяць феерверкам
Як на дзявятага траўня
Шлях ад варагаў у грэкі
Шляхам на месцы стане
Не пераскочыў з разбегу
Раскінуў пад ногі вантробы
Белым ліпучым снегам
Сталі ў сасудах тромбы
Сталі на рэйках трамваі
Снегавікоў калоны
Вы мяне выклікалі
Рожкі забыў дома
Горад засыпаны снегам
Свецяць сузор’яў нізкі
Нават з такога разбегу
Не пераскочу бо слізка
Сцежкі ляцяць дарожкі
Сняжынак растуць цені
Слімак пакажы свае рожкі
Давай паглядзім у кішэнях
Нават з такога разбегу
Нават з такога разбегу
Выламаю ўсе рэбры
Аб тыя гнілыя дошкі

11.

Стаяць на каленях перад распятым
І вуснамі пляжыць сам вінаваты
Сядзеў бы ў хаце ці хоць каля хаты
Як чорт цябе вынес то сам вінаваты
Жыццё працякае між гвалтам і гвалтам
Як гвалт не гвалтоўны то лёс выдаў свята
Сядзеў бы ў хаце ды прыйдуць дахаты
Я ж вінаваты сам вінаваты
Я сярод страт невялікая страта

16.

Калі падыходзіце да нашага пад’езда
Усміхніцеся
Там камера
Здымае
Сёння здымала двух непад’ёмна п’яных мужчын
Адзін ляжаў проста на зямлі
Ці лепш сказаць
На сырой пасля дажджу плітцы
І не рухаўся
І не глядзеў у неба
Пакуль другі патрабаваў
Ад свайго цела паслухмянства
Як у нас любяць патрабаваць ад
Чужых целаў
Цела не слухалася
А маленькі хлопчык стаяў на сваіх маленькіх ножках
Побач
У лужыне
Глядзеў як маці
Глядзіць на яго
Затым глядзеў у лужыну
І рэзка апускаў у ваду рукі
Пырскі ляцелі
Пырскачкі
Я асцярожна прайшоў каля хлопчыка
І каля лужыны
Я асцярожна прайшоў каля мужчыны які ляжаў тварам уверх
І каля другога мужчыны
Я ўсміхаўся
Там камера
Здымае

17.

А калі заўтра пачнецца вайна
А калі заўтра пачнецца
А калі заўтра
А калі
А
Божа
Навучы мяне дыхаць
Так
Каб не забіраць паветра ў іншых

22.

Замест хвіліны маўчання
Гадзіны замоўчвання

27.

Пад пяскамі
Знойдуць усе замкі
Што мы будавалі
На пясках

31.

У глотку залілі бетон
Гэта фундамент зверху паставяць дом
Пасярод дома будзе ляжаць вянок
Штучны ляжаць вянок
А побач сляды жывых ног
Добра бетон не ртуць
Добра няма вайны
Нават сярод вайны
Добра што стогн не звон
Нават калі і звон
Толькі б паветра глыток
Поперак горла вянок
Кепска бетон не ртуць
Я бы набраў за рэбры
Поўныя лёгкія срэбра

42.

Мае дзеці
Нікога не заб’юць
У мяне не
Будзе дзяцей
Толькі тэксты
З якіх вырастуць людзі
Якія нікога не заб’юць

49.

Моўчкі
Даелі што было
Моўчкі
Даелі бо было
Моўчкі
Даелі што знайшлі
Моўчкі
Даелі бо знайшлі
Моўчкі
Даелі
Моўчкі
Бо
Моўчкі
Што ён набірае там на тэлефоне

59.

Пераспаў з чужымі думкамі
Ранкам нарадзіўся верш
Не ведаю чый

63.

Апошнім трамваем
Прыеду на апошні прыпынак
Апошні кіроўца
Скажа мне апошняе слова
І слова стане апошнім трамваем
І павязе мяне


Кнігу "Выпадак" можна набыць у электронным фармаце: Google Play Books і Apple Books.

Тэксты, з якіх вырастуць людзі