Са шматкроп'ем замест адказу

BИTTER TRUTH

Я — кавалак масла
ў руках беларускай гаспадыні.

Ваў! Глядзі на мяне,
позіркам каштуй,
але не чапай, —
лепш адчапіся.

Навастрыла лязо
і зыркае во(ў)кам,
прымерваецца.

А потым — як жахне!
Ды на дзве паловы!
Адну кідае на патэльню адразу.

Ціхутка шкварчу,
распаўзаюся,
ніякавею,
губляю голас
і права казаць.
Замест гэтага мармычу
нешта кшталту:

"Ну, навошта масла?
Магла б алею!
Не навучылася ашчаджаць за столькі год?!
Жыцця лепшага захацела?"

Іншая палова крэкча:
"Надежды нет.
Нет, её не лелею больше.
И посрать: "масло" или "масло"
бросать на сковороду.
Всё равно упаду и расплавлюсь
в своём аду.
А может, в Польшу?
Там Маша и другие ребята..."

Вось такая яна — bиtter truth
са шматкроп’ем
замест адказу.

БАБУЛЯ-ЦЫБУЛЯ

Мая бабуля
цыбулю
любіла моцна,
у печы яе пякла
і дзяўчынкай босай,
і пасівелай кабетай.

Вучыла мяне:
"Ось гэтак, на прысак кладзі,
па пары галовак, адна да аднэй...
Ну, што ты, ня так, нэ ру'!
Нібы ў гняздзечка птушка:
яйка да яйка,
і прыцярушвай пухам.

Гарні ды жарам зверху сып,
пасля чакай хвіліну —
паціху правярай.
Гатова смаката!
Хутчэй жа пакаштуй!"

Жыццё, а не цыбулю.
Я думаю пра гэта,
рэжучы яе на суп.
І плачу.


***
На пустцы,
парослай быллём,
калісьці лазня была.

Цяпер ні белай цагліны,
ні мутнага шкельца,
ні пагнутага тазіка,

Пад поўняй успамінаў —
пустэча краявіду.

Іду па травах,
у руках камячу
лісток крываўніка.

Лазеньку маленства
не вярнуць.

Па трусінай нары
ў гэты лаз
спусціцца мару.


***
Сучасная Беларусь —
як цягнікі ў метро:
новае сноўдае побач са старым.


***
Жмуткi аеру,
якiя мацi рве на свята,
мне пахнуць морам.

Мне дзесяць,
шукаю камянi ў кар'eры,
іх прагна рассякаю.

Калі шанцуе,
знаходжу ўнутры
дзівосных гадаў і малюскаў.

Жыццё застыла ў камянях,
як у ракушках рэха акіяну.

***
Поспех, як попел, —
заўважны, калі гарачы.
Прысак астыне,
І вецер развее яго аднойчы.


***
А назаўтра была вясна.
Прамяніста-крамяная.
Духмяна-сочыўная.
Краса-дзеўчына.

Крывёю па венах ішла.
У жылах стыла.
За каўнер капяжамі
сцякала.
Сагравала з тылу.

Аскепкамі шкла
ад выбухаў
нас лякала.
За жаўнерам жаўнер
выходзіў у шэраг.
Канцік да канціка.
Бот да бота.
Як па лякале
сшытыя лялькі —
маршыравалі…

Гуляліся ў вайнушку.

***
Цела маіх успамінаў
жыве ўва мне,
як існае цела звонку.

Жыве і памірае.

Ускрыкваю,
агаломшаная навіною!
Адчуваю боль страты.
Немінучы і маўклівы,
расцягнуты на гады.

А да гэтага
мыю нябожчыцу,
праходжуся анучай,
як па падлозе,
збіраю пыл.
Вымываю з падпахаў пот,
удыхаю астаткі парфумы,
сціраю сляды памады,
кратаю ў апошні раз лыткі,
пупок і вусны.
Уціскаю здранцвелыя косткі
ў найлепшы гарнітур згадак.

А па хаўтурах
сустрэчы раз на год —
на Радаўніцу.
Каб успомніць былое,
парадавацца:
пра мёртвых толькі добра.

Ірына Зорка