TAŬBIN

My home is born from my heart

Translations of Ukrainian poetry made by Artur Kamarouski and Darja Bialkievicz

Ія Ківа

Мано Глонці

Таццяна Ўласава

Анна Гаевска

Артур Камароўскі

Дар’я Бялькевіч

Ія Ківа

[яблык]

думалі: гэта вячэра з яблыкаў
а гэта смерць з яблыкамі

групавы партрэт смерці ды яблыкаў
на якім смерць з’ела людзей

горад дзе расло дзедава дрэва
(не кажыце што там была яблыня)
стаў яблыкам у горле

зерне крыку засявае студзеня неба
бы шчадроўка якую няма каму спець

і ўсе яблыні ў раі смерць пазрубала

*
сядзім у цёмным пакоі
спіна да спіны

цень да ценю
заручальны пярсцёнак сонца круцім па коле –
быццам прызнаемся ў каханні

а калі пальцы і рукі і рухі нам здраджваюць –
цяпло абдымае нібы дзіця
углядаемся ў страх цемнаты

быццам…

(паветра хапае за горла –
і метафары размоклая запалка
крышыцца нібы хлеб)

… вайна – хто каго перагледзіць

гвалтоўная страта звычкі да мовы –
срэбнае сэрца што трымціць на вяроўцы
пра якое кожны думае: мы страцілі штосьці

*
расійкі гадзіннік смерці працуе добра

без секунднай стрэлкі
без стрэлкі гадзіннай

як бясконцасці знак на пяску
як не выцірай – вада адступае

і смерць адступае

а расійскі гадзіннік смерці працуе
на знямелай руцэ часу

*
штосьці тут нарабілі штосьці тут нарабілася
не пераходзячы да інструмента здзіўлення
глянь паглядзі – вунь магіла
горла нашага фальшу і спеваў

усталі і ходзім кульгаючы краем святла –
хлеб зорак даючы тым хто мае патрэбу
скажаш любоў перасохла ў горле свету –
лепей скажы што любілі мы недарэмна

а як жылі тут і як паміралі –
для цуду святога сведкаў не маем
глядзі як зямлю намыльваюць дробнымі рухамі веры –
там кагосьці забілі гэта мы там кагосьці забілі

*
мёртвыя дзеці стаяць за нашымі спінамі –
празрыстыя й чорныя, чырвоныя з попельнымі абліччамі –
быццам нанізваюць папяровыя сцягі
на доўгую як ноч без любові вяроўку жыцця

і сполахі цішы запальваюць свечку надзеі –
адну на ўсіх – толькі так абдымаюць у прытулку

мы ж усходы цярпення адольваем лісце за лісцем
на драўляных ад бяссоння нагах

і ходзім высока – ажно да званоў нябесных –
між металічных дробак і вырваных языкоў
шукаючы ў шчылінах веры страчаны слых

усе псалмы падзення – цень страху, што пакінуў нас першым

час плавіцца, час, бы святло, колер змяняе –
так рэчка прымае ў свой дом уладу зямлі
і шлях адкрывае быццам далоні даверу
ў якіх трыпутнік вырошчвае пустата

а там дзе нажом зразаюць імёны вады –
не капае кроў – там прабіваецца голас

снежань 2022

Пераклады з украінскай Артура Камароўскага


Мано Глонці

***
людзі нараджаюцца ў радзільных дамах горада
нібыта
іх спачатку кранаюць рукі акушэрак
нібыта
і толькі пасля іх кладуць
на грудзі маці што плача
ад радасці
а немаўля? ад факту нараджэння?
нібыта

мой дом нарадзіўся з майго сэрца

мой горад пачаўся ў адзін дзень са мною
мяне кранулі рукі рэальнасці
мяне паклалі на грудзі долі
што плакала
разам са мною
ад мінулых і будучых раненняў

ці памятае сусвет імя кожнага народжанага?
ці ведаю я назвы ўсіх вуліц?

маю маці гвалтуюць
з майго дому – то бок майго сэрца
імкнуцца выштурхнуць Любоў
кулямі

сусвет не паспявае чытаць
імёны людзей з пасведчанняў аб нараджэнні
што пераўтвараюцца ў пасведчанні аб смерці

я чалавек альбо я працяг?

чую голас вайны
і мяне нудзіць ад жаху і агіды

але продкі заклалі ў нас цені сваёй зброі
якія мы сёння кідаем
на ворагаў
у цёмныя і страшныя для іх часіны

вайна чуе мой голас
і яе нудзіць ад сілы маёй Любові
што рыпіць кулямі
і лунае песнямі маіх дзядоў

мой дом нарадзіўся з майго сэрца
яго не выняць з майго цела
бо сэрца мне перайшло ў спадчыну
і нават калі памру
я перадам яго наступным
навароджаным

сэрцы прарастаюць з зямлі
новымі будынкамі

так з’яўляюцца гарады
ў маёй краіне


***
верш прышоў
сядзіць каля мяне
а я плачу

гляджу на яго
і думаю
што ты мне вершык прынёс?
у мяне вайна

і не пускаю яго
адштурхоўваю

што ты вершык зробіш?
тоненькі такі
прыгожы
штосьці пра каханне сказаць хочаш?

у мяне вайна

кажу яму
ведаю чытала
пішуць іншыя паэты і паэткі
і пра вайну

а ты не пра вайну прыходзіш
ты ўсё туліш да мяне і туліш
любоў да людзей
да жыцця
да жывога
у мяне вайна

і сэрца маё зарастае
становіцца нібы гарэшак
што пасля ў казцы
хтосьці будзе біць біць
і не разаб’е

хтосьці яго пераблытае з каменем
і кіне ў вакно хаткі

пустой

ідзе час
падае ў разбітае вакно
снег
дождж
прамень

а камень гарэшак сэрца
хто яго ўжо ведае

будзе лавіць песню:

“Як выехаў той казачэнька за новы ж вароты
А й а дзяўчыну не бярэ ні сон ні работа”

будзе лавіць песню
што не мае канца


Тацяна Ўласава

***
“Снег пайшоў, напішы мне пра тое, што за год не сказалася”.
“Снег пайшоў, перарывісты, нібы нашы размовы зараз”.
“Снег пайшоў, сёння аўторак ці ўжо серада?”.
“Снег пайшоў, я першы раз у жыцці сняжынкам не рада”.

“Снег пайшоў, ты стаў для мяне такім родным”.
“Снег заходзіць у горад, пасля ў горад заходзяць роты”.
“Я не ведала, што за мяжой зіма можа нічым не пахнуць”.
“Снег пайшоў.
Снег пайшоў.
Сябра загінуў пад Бахмутам”.

“Снег пайшоў, маці ягонай і далей хадзіць непрытомнай”.
“Снег пайшоў, у Херсоне зноўку знайшлі катоўню”.
“Снег пайшоў, хай у цябе будзе мацнейшай каска”.
“Снег ідзе, а ты не сыходзь, прашу, калі ласка”.

“Снег ідзе, мы сёння з табой размаўляем моўчкі”.
“Снег ідзе, падміргні мне нарэшце зялёным вочкам”.
“Ведай, я тут складаю са снегу контуры твайго твару”.
“Снег ідзе. Любая зіма сканчаецца.
І гэта таксама”.


Анна Гаевска

***
Мы павінны былі карыстацца добрымі днямі,
Добрыя дні ўжо скончыліся, засталіся паганыя.
Засталіся толькі паганыя, горшыя і найгоршыя,
Ноччу кладзешся спаць на яшчэ не разбіты ложак,
Зранку гатуеш каву на незруйнаванай кухні,
У пакуль што цэлай вітальні абуваеш пакуль што цэлыя туфлі,
Спускаешся лесвіцай, каб не завіснуць у ліфце,
Непрадбачаныя адключэнні – абавязковы фітнес,
Рухам павек развітваешся з пакуль што цэлым будынкам.
Ноч пражылі. Пражывем яшчэ дзень.
Напэўна. Мы шчэ не зніклі.

Пераклады з украінскай Дар’і Бялькевіч

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading