*для Украіны і пра Украіну з любоўю
MAKE POETRY, NOT WAR
Як і 43 гады таму, і 83, і 108, як безліч разоў у мінулым, сёння свет прачнуўся ў трывожным прадчуванні таго, што вайна прыйшла на парог яго дома. Свет прачнуўся — і заплакаў.

Змяняюцца часы, будуюцца масты, дарогі, падземныя каналы, людзі пракладваюць сабе шлях пад ваду, пад зямлю і ў паветра, але па-ранейшаму гатовыя забіваць адно аднаго па чыімсьці загадзе.

Мы, паэты, ведаем, што галоўная зброя — гэта слова. Яно забівае не горш за кулі, але яно ж і вяртае да жыцця. Слова — наймацнейшы лек, і мы сёння, параненыя проста ў сэрца аб’яўленай вайною, прыкладаем яго да самых балючых кропак у спадзеве, што не парвуцца сувязі паміж даўнімі сябрамі і блізкімі, што раны, якія ўжо нанесеныя, і раны будучыя не загнаяцца і зажывуць.

Бываюць моманты, калі не хапае слоў — сказаць нават самае простае, але такое важнае. Беларусам і беларускам знаёмы гэты стан. І калі мы не маглі гаварыць, за нас, пра нас і нашымі словамі прамаўлялі нашы ўкраінскія сябры і сяброўкі. Цяпер наш час гаварыць. Час салідарнасці і яднання.

Наша салідарнасць і падтрымка — вольналюбіваму ўкраінскаму народу. Аднойчы цемра над вашым — і нашым — домам развеецца. Аднойчы мы прачнёмся і ўздыхнём свабодна. Аднойчы больш не спатрэбіцца слова "зброя". Аднойчы ўсе іншыя словы будуць вучыць нас любіць.

Слава Украіне!
Паказаць больш