TAŬBIN

Геа Шкурупій

Украінскі расстраляны паэт

Украінскі пісьменнік, прадстаўнік напрамку “панфутурызм”. Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка і настаўніцы ў Бэндэрах, дзяцінства правёў у Фларэштах, затым у Балце і з 1913 года — у Кіеве. Па заканчэнні Другой Кіеўскай класічнай гімназіі (1920) вучыўся на медыцынскім факультэце Кіеўскага універсітэта, у Кіеўскім інстытуце знешніх зносін. Працаваў на чыгунцы, рэдактарам і сцэнарыстам на кінафабрыцы, у рэдакцыі газеты “Бальшавік” (“Більшовик”). Арыштаваны ў Кіеве 3 снежня 1934 года па абвінавачанні ў прыналежнасці да “кіеўскай тэрарыстычнай арганізацыі АУН”. Было праведзена два судовыя пасяджэнні ваеннага трыбунала, на якіх Шкурупій катэгарычна адмаўляў выстаўленыя абвінавачанні і нават падаў пісьмовую заяву-скаргу на неправамерныя метады следства. У ёй, у прыватнасці, сказана:

“15/1-35 года я падаў заяву на імя следчага НКУС т. Грушэўскага з указаннем на няправільны запіс маіх паказанняў з патрабаваннем іх выправіць і далучыць маю заяву да маёй справы. Але гэта не было выканана. Таму прашу суд звярнуць увагу на гэта цяпер. Паказанні адносна маіх размоў са знаёмымі мне пісьменнікамі (…) запісаныя няправільна. Яны адрэдагаваныя, запоўненыя на думку следчага т. Грынера, запісаныя так, як яму хацелася, і не адпавядаюць рэчаіснасці. Мае размовы названыя нацыяналістычнымі, як і мае настроі. У рэчаіснасці ж я паказваў следчаму, што гутаркі былі на літаратурныя, гістарычныя і бытавыя тэмы. Нягледзячы на няправільны запіс паказанняў следчым, яны падпісаныя мной праз такія абставіны. На працягу ўсяго перыяду следства і асабліва падчас допытаў я быў падвергнуты следчым жудаснаму маральнаму ціску… акрамя таго, моцны боль у страўніку, паколькі ў мяне язва, і ў канец прыгнечаны стан праз пагрозы следчага прывялі да стану поўнага атупення, у якім я ўжо нічога не цяміў. Следчы, карыстаючыся маім становішчам, прымушаў падпісваць паказанні, даводзячы мяне да істэрыкі. Таму прашу лічыць гэтыя мае паказанні несапраўднымі, паколькі фактычна яны не мае, а складзеныя паводле меркавання і жадання следчага”.

Пасля першага суду справа была вернута на дадатковае расследаванне. На другім судовым пасяджэнні ваеннага трыбунала Шкурупій зноў даказваў сваю невінаватасць і канкрэтнымі аргументамі спрабаваў абвергнуць абвінавачанні. Аднак 27 красавіка 1935 года быў асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў з далейшым трохгадовым паражэннем у палітычных правах і канфіскацыяй маёмасці. Пакаранне адбываў на Салаўках. Жонку Варвару Базас з сынам Георгіем як сям’ю ворага народа выселілі з Кіева. 25 лістапада 1937 года “асаблівая тройка” перагледзела справу Шкурупія і прысудзіла яго да смяротнага пакарання. Прысуд прыведзены ў выкананне 8 снежня.

Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Творчасць

У 1920 годзе Геа Шкурупій дэбютаваў у 1920 годзе ў літаратурна-мастацтвазнаўчым альманаху “Гроно” празаічнымі творамі “Мы” (“Ми”) і “У часы вялікіх пакут” (“В час великих страждань”), а на наступны год надрукаваў у альманаху “Вір рэвалюцыі” (“Вир революції”) падборку вершаў. Захоплены авангардным мастацтвам, выступаў з тэарэтычнымі артыкуламі пра футурызм, браў удзел у літаратурных дыскусіях. Належаў да літаратурных арганізацый і груповак “Комкосмос” (Кіеў, 1921), “Асацыяцыя панфутурыстаў” (“Асоціація панфутуристів”, Аспанфут; Кіеў, 1921-1924), “Асацыяцыя камуністычнай культуры” (“Асоціація комуністичної культуры”, АсКК, Комункульт; Кіеў/Харкаў, 1924-1925), ВАПЛИТЕ (Харкаў, 1926-1927), “Новая генерацыя” (“Нова генерація”, Харкаў, 1927-1931).

Творы Шкурупія друкаваліся ў часопісах, газетах, альманахах “Шляхі мастацтва” (“Шляхи мистецтва”), “Глобус”, “Семафор у будучыню” (“Семафор у майбутнє”), “Жыццё і рэвалюцыя” (“Життя й революція”), “Новая генерацыя” (“Нова генерація”), “Чырвоны шлях” (“Червоний шлях”), “Літаратурная газета” (“Літературна газета”) і інш.

Першыя зборнікі вершаў — “Псыхетозы. Вітрына трэцяя” (1922) і “Барабан. Вітрына другая” (1923) — былі напісаныя ў стылістыцы футурыстычнай паэтыкі. У іх пераважала грамадска-палітычная тэматыка, якая ў перыяд рэвалюцыйнай рамантыкі пазітыўна ўспрымалася чытачамі. Аднак захапленне футурызмам прайшло ў Шкурупія даволі хутка. Ужо ў 1924 годзе ён выказаўся за аб’яднанне сваёй арганізацыі з “Гартам”»”, падтрымаў групы Міхайлы Ялавога і Алексы Слесарэнкі, якія адышлі ад групоўкі Міхайля Сэмэнко.

У 1925 годзе выйшаў яго зборнік “Вугольчыкі слоў” (“Жарини слів”), які засведчыў, што “футурыстычная бравада ўсё больш ператвараецца ў неарамантызм — з яго дзіўнай сумессю лірыкі, сарказму і водбліскам трагічнага”. У тым жа годзе Шкурупій дэбютаваў у якасці празаіка.

У 1930 годзе паэт узначаліў кіеўскі філіял “Новай генерацыі” і стаў рэдактарам яго друкаванага органа — “Авангарда-альманаха пралетарскіх пісьменнікаў Н. Г.” (“Авангард-альманах пролетарських митців Н.Г.”), якога выйшла ўсяго два нумары.

Шкурупій быў максімалістам у творчасці: ён імкнуўся паспрабаваць усё, і ў яго выпадку гэта заўсёды было даволі паспяховым, але шмат якія з ягоных эксперыментаў не задавальнялі савецкую ўладу. Кароль футурапрэрый быў расстраляны 8 снежня каля Ленінграда, але месца яго гібелі дагэтуль застаецца невядомым. Шкурупію на той час было 34 гады.

Публікацыі Геа Шкурупія ў часопісе “TAŬBIN”:

Барабан жальбы

Пераклады вершаў украінскага паэта “расстралянага адраджэння” Геа Шкурупія

Завала часу

Пераклады ўкраінскага “расстралянага адраджэння”
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading