TAŬBIN

Як напісаць (харошы) верш

(“Хроніка адмаўлення пустаты” Іллі Кульбіцкага)

Ілля Кульбіцкі

Вера Бейка

Цікава, што калі мы паглядзім на адукацыйныя прапановы розных гуру ад літаратуры, то пабачым вельмі шмат курсаў, дзе вучаць пісаць прозу, і вельмі цяжка сустрэць якія-небудзь хаця б майстар-класы, дзе вучаць пісаць вершы. Цяжка сабе нават уявіць, як гэта: навучыць быць паэтам. Якія навыкі трэба натрэніраваць у чалавека, які свядома вырашыў прыйсці ў паэзію праз адукацыю? Разуменне сілаба-танічнай сістэмы? Уменне карыстацца слоўнікам рыфм? Бачанне адрозненняў эпітэтаў ад метафар? Але ўсё гэта не робіць з чалавека паэта, як і адсутнасць гэтага ўсяго не замінае паэтам быць.

Незвычайная якасць паэтычнага — адсутнасць дакладна сфармуляваных крытэраў. З аднаго боку, гэта бароніць высокую паэзію ад штучных тэкстаў, напісаных па шаблоне. З іншага — робіць вельмі простым уваход “у прафесію”. Усё, што ў рыфму, адразу аб’яўляецца вершам. У прынцыпе, і тое, што не ў рыфму, а толькі разбіта на кароткія радкі.

Між тым, даволі лёгка, маючы некаторую адукацыю, пэўны густ і мінімальную начытанасць, адрозніць добры верш ад дрэннага — не ўратаваўшыся пры гэтым ад абвінавачанняў у суб’ектыўнасці.

На мой сціплы погляд, ёсць некалькі рэчаў, якія непрымальныя ў паэзіі. Гэта банальнасць, лішнія словы і неапраўданыя вобразы (не блытаць з прастатой, сінаніміяй і парадаксальнасцю). Прыкладам, пісаць пра “ўрокі белліту” з выкарыстаннем “вучылак”, “цётак з начосам” і трасянкі — гэта банальна. Напхаць у верш шчаціністага насарога, доўгатэрміновую візу і дупу — гэта залішне. А вось такое:

Ды дворнік Хведар, малайчына,

Заўважыў, як магільны фрык,

Злавіўшы, нейкую жанчыну

Цягнуў на рэйкі пад цягнік.

І ён падкраўся пехатою

Ды, быццам воўка дрывасек,

На дзесяць дробных леўталстоеў

Таго рыдлёўкаю пасек.

  • гэта здзек з вобразнай сістэмы (як разгарнуць параўнанне пра дрывасека, які сячэ чамусьці ваўка? Якія сэнсы хаваюцца за “магільным фрыкам”? Як гэта — падкрасца пехатою? А чым яшчэ можна падкрасца — бегам? скокам?)

Я нават не згадваю ў якасці абавязковага паэтычнага складніка арыгінальную думку — у прынцыпе, існуюць харошыя вершы, у якіх эстэтыка слова як такога кампенсуе інтэлект. Але, канешне, хаця б нейкі намёк на мэсэдж унутры кожнага тэкста, названага вершам, хацелася б мець.

Што ж рабіць, калі эмоцыя мкнецца выліцца ў слова? Як абгабляваць славесны паток, што рвецца з грудзей, да стану верша (добрага ці благога — тут як пашчасціць)?

Па-першае, вершы варта абдумваць. Творчае мысленне ў вершы заўсёды ідзе не толькі на ўзроўні сэнсаў, але і на ўзроўні формы: кожная коска, перанос слова з радка на радок, збіты памер (альбо класічны захаваны) — гэта думка. Ты ставіш або не ставіш коску не таму, што ведаеш ці не ведаеш правілаў, а таму што коска альбо яе адсутнасць нешта азначаюць. У вершы звычайна так мала месца, што кожная літара і кожны знак нясуць сэнсавую нагрузку.

Па-другое, вершы трэба перачытваць і перапісваць. Чым карацейшы верш — тым цяжэй ён нараджаецца, адпаведна, лёгкія “роды” ў паэтычным выпадку — гэта хутчэй паталогія, чым норма. Усё, што вылілася з чалавека на паперу і было запісана адным росчыркам пяра, павінна выклікаць у аўтара насцярожанасць. Такія “злівы” варта адкладаць на паліцу і вяртацца да іх праз дзень, тыдзень, год — з тым, каб дапрацаваць. Праца над вершам — гэта заўсёды яго сцісканне, канцэнтрацыя, скарачэнне. Выдаленне лішняга, замена недакладнага, пошук нечаканага.

Па-трэцяе, вершы няблага было б адбіраць. Са ста адсоткаў напісанага мо дваццаць толькі — вартае друку. Яно, канешне, вершы — як дзеці: якімі б яны ні былі, ты іх любіш і кожны з іх падаецца табе найлепшым у свеце. Але некаторым з іх усё ж спакайней і зручней дома на канапе ці ў вузкім коле сяброў — проста таму, што пасярод вялікай колькасці пустых і нязначных радкоў, якіх у кожнага паэта процьма, згубяцца тыя самыя два-тры сапраўдныя, якія і ёсць паэзіяй.

Напрыклад, такія:

паміж холадам і холадам

трымцім

ад цяпла

якое няма куды падзець

Думаецца, самае лепшае, што ёсць у гэтым дэбютным зборніку — гэта назва. Сапраўды, адмаўляючы пустату ў сабе, чаго толькі туды ні напхаеш! І леўталстоеў, і ганну-карэніну (першы раз бачу, каб так часта згадвалі гэтага суседскага класіка і яго героеў у паэтычным зборніку, нейкая школьная траўма, далібог), і шчаціністых насарогаў, і цётак з начосамі, і ласёў з мядзведзямі, і клабукі бязвокага сабора, і парослых мохам троляў, і бог ведама што яшчэ.

Але цяпер, напхаўшы, можна ўжо пакрысе непатрэбнае і выкідаць.

Паверце, асноўнае, што робяць паэты ў поце і крыві — гэта выкідаюць, выкідаюць і выкідаюць розную панапісаную лухту дзеля аднаго зернейка.

Яны робяць — атрымаецца і ў вас.

Набыць кнігу Іллі Кульбіцкага “Хроніка адмаўлення пустаты” можна тут:
выдавецтва “Skaryna Press”.

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading