TAŬBIN

Крыху бліжэй да дыму, трошкі далей ад мёду

Водгук на зборнік Марыі Бадзей "Мёд і дым"

Марыя Бадзей

Марыя Бадзей

Вера Бейка

(зборнік Марыі Бадзей “Мёд і дым”)

Сучасная беларуская літаратура надзвычай багатая на паэтаў. З рыфмай і без, у слупок і ў радок, любыя жанры і тэмы — толькі чытай, а калі хочаш, то і спрачайся. Што праўда, аўтараў, у якіх можна было б начэрпацца жывой сапраўднай мовы — няшмат.

Мова сучаснай беларускай паэзіі — мова гарадская і часцей за ўсё вывучаная. Калі ў прозе мы ўсе пакуль яшчэ маем шчасце чытаць, так бы мовіць, “натуральных носьбітаў”, людзей, што бралі мову ад нараджэння ад бацькоў, бабуль, ад свайго натуральнага дзіцячага асяроддзя — такая жывая мова ў Андрэя Федарэнкі, напрыклад, ці ў Святланы Курс — то паэзія справа ўсё ж маладая, а ў маладых гараджан з мовай бяда. Цяперашняя гарадская беларуская мова — шмат у чым мова сацсетак, жартаў у “Твітары”, мова навінавых блокаў і палітычных аглядальнікаў, мова песенных хітоў і значна радзей — мова кніг, і тым больш — кніг класічных. Не магу сказаць, што гэта ажно катастрофа — наадварот, сучасныя мовы на тое і сучасныя мовы, каб мець розныя рэгістры для розных выпадкаў, але ж і “высокі рэгістр” пры гэтым не мусіць знікаць сярод бібліятэчнага пылу. Аўтары, якіх калісь называлі “майстрамі слова” — заўсёды адзінкавыя, заўсёды неабходныя.

Хто з цяперашніх аўтараў, якія “на слыху”, рухае наперад не толькі паэзію, эксперыментуючы з формай, дадаючы новыя кропкі адліку і погляду, не толькі літаратура, але менавіта — мову? Вылучу найперш Ігара Кулікова і Галіну Свірыну, якія, выпрацоўваючы “свамову”, выкарыстоўваюць у вершах нечаканыя словаформы, парадаксальнае словаўтварэнне, гуляюць з лакальнымі сэнсамі ў межах словазлучэнняў, то-бок сапраўды пашыраюць моўныя гарызонты. Назаву таксама Насту Кудасаву, у чыіх вершах мова сапраўды багатая і сапраўды трапная. Згадаю і Андрэя Хадановіча, асабліва ў перакладах, дзе ягонае выключнае валоданне ўсімі магчымасцямі беларускай мовы робіць падуладнымі перакладчыку любыя, самыя складаныя чужыя моўныя сістэмы.

Зборнік вершаў “Мёд і дым” дае мне права назваць яшчэ адно імя ў гэтым пачэсным шэрагу. Гэта Марыя Бадзей. Невялічкая дэбютная кніжка, што выйшла напрыканцы мінулага года ў выдавецтве “Пфляўмбаум”, месціць у сабе сапраўдны моўны скарб.

Сказаць папраўдзе, іншым разам у гэтых вершах ажно задушна — столькі там моўнага мёду.

Кілім маёй пакоры, кужаль маёй радасці”, “прыцемкі, сонныя злодзеі з ледзянымі лёзамі за галёнкамі”, “на цені ніцыя галін мелодыя — агні ялін”, “з майго горада збеглі ваўкі, пакінуўшы назву, касмылі нетутэйшага джазу на плошчы пустой”, “свет праглыне ўсю даўкасць арабін, глыбіню барваў, крык пладоў”, “пакідаючы каласы як ялмужну”, “спіць пад сціртаю”, ветах зжынае зор пакору” — справа нават не ў саміх словах, хаця і ў іх, а яшчэ ў тым, як яны стаяць, з якімі іншымі словамі злучаюцца, як плятуцца ў адзіны ўзор, перагукаючыся, губляючы звыклыя сэнсы і набываючы новыя.

Валасы — саломы псалмы, жніва ўжо час,

Стрыжка памяці, што расце скрозь скроні чарніцай.

Канец лета, дзе месяц вятроў грае яблычны джаз,

І да поўні ў вадзе дапаўзае гадзюкай крыніца,

І кусае цябе за нагу — не хадзі басанож,

Басадуш ды па дне залатым гаркаводнага краю,

А ты чэшаш укус і лезеш па яблык у дождж,

Дзе аблокі над садам шчабечуць “не раю, не раю, не раю”.

Усе гэтыя “саломы псалмы”, “скрозь скроні”, “да поўні дапаўзае”, “па яблык дзе аблокі” — філігранная праца са словам, і пры гэтым — цалкам натуральнае паэтычнае маўленне. Нічога “зробленага”, спецыяльна прыдуманага — але ўсё знойдзенае, прамытае з лексічнай руды, агранёнае ў сказ.

Аўтарка ў мове пачуваецца настолькі вольна, што дазваляе сабе пярэгукі не толькі ў межах аднаго верша, але і паміж імі, звязваючы асобныя тэксты ў ланцужок, гуляючы словам праз мяжу: “І дзень застывае ў студзень” — фінальны радок аднаго з вершаў сам па сабе ўжо пярліна, шматзначны і трапны вобраз, але тут у мелодыю далучаецца пачатак наступнага верша: “Студзень. Сто дзён мне даставаць лёд са студняў”. Цяпер студзень ужо месяц, а праз пару слоў — няісны мужчынскі варыянт “студні”, а паміж гэтым шчэ і гукапіс слова “даставаць лёд”, дзе паўтараюцца тыя самыя гукі, плетучы вэлюм мастацкага вобразу.

Сказаць папраўдзе, я б магла шчэ некалькі старонак свайго водгука разбіраць радок за радком гэтыя выкшталцоныя моўныя карункі, яны сапраўды вельмі багатыя, густыя, ажно раскошныя. Іншы раз хацелася нават устаць і пайсці падыхаць бяздумна халодным паветрам — настолькі вялікая канцэнтрацыя лінгвістычных знаходак. Але пакіну асалоду неразблытаных слоўных суплётаў чытачам.

І згадаю шчэ адну ўласцівасць зборніка.

Гэта гранічная канцэнтрацыя нашых нацыянальных сэнсаў, прычым не масавых штампаў, у якія, на жаль, ператварыліся ўжо некаторыя радкі Багдановіча, Коласа, Купалы альбо Караткевіча, — але сэнсаў глыбінных, міфапаэтычных, якія мы дасюль шчэ не называлі агульнапрынятымі словамі, але адразу счытваем, калі іх такімі словамі назвалі.

На месцы, дзе палаў падбіты самалёт — яго пасля расцягалі па хатах і выплаўлялі лыжкі — есці зацірку падбітым самалётам! — на месцы палання сумнік і святаяннік” — сапраўды, якое гэта занёмае ўсё: і падбіты самалёт, і знакамітая зацірка, і святаяннік. Знаёмае і з жыцця, і з кніжак, шматкроць паўторанае ў літарах і словах. Ці рака Проня — днямі сустрэла ў сацсетках абмеркаванне якраз радка з верша, у якім людзі дзяліліся сямейнымі гісторыямі, звязанымі з Проняй, не самай топавай, але, аказваецца, блізкай для нас беларускай ракой. Ці, скажам, “жанчыны павязваюць хусткі ў лес, як у храм”. Вы памятаеце, як павязвала хустку ваша бабуля? Толькі так, праўда ж? Ці вось: “Скульптуры на дахах вакзалаў гарадоў, узрошчаных чыгункай” — прыслухайцеся. Вам адгукнуцца і скульптуры, і гарады, што выраслі з чыгункі, нібыта гэта ваш вобраз, які вы люлялі ў галаве з самага дзяцінства.

І зноў: вельмі хацелася б выцягнуць з вершаў усе гэтыя вобразы і кінуць россыпам у рэцэнзію — але “Мёд і дым” ёсць тым рэдкім выпадкам паэтычнага зборніка, у якім бываюць спойлеры. Радасць шукання трапных слоў і дакладных вобразаў мусіць належаць кожнаму.

Я сваю атрымала.

Замовіць кнігу Марыі Бадзей “Мёд і дым” можна тут:
кнігарня “Кнігаўка”

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading