Можа, з год таму мой сябар, пісьменнік, перакладчык, даследчык літаратуры Уладзіслаў Гарбацкі ў звычайнай размове ні пра што і пра ўсё мімаходзь сказаў мне: “Слухай, бачыў у віленскім архіве вершы Таўбіна. Мо глянеш?” — і паказаў фота аднаго з вершаў, якія маглі належаць Юлію Таўбіну. Почырк быў пазнавальны, я яго ні з чым не зблытаю. “І праўда, — кажу, — напэўна, ягоны”.
Праз год я такі дабралася да таго самага віленскага архіва, і перада мною на стол легла кардонная тэчка з назвай “Рукапісы Юлія Таўбіна”, а ў ёй было некалькі аркушаў паперы, частка якіх спісаная тым самым, амаль-кардыяграмным, почыркам.
А справа была такая: у сакавіку 1928 года двое студэнтаў Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума, адораныя не абы-якім паэтычным талентам, вырашылі надрукавацца ў “замежнай” перыёдыцы і даслалі сёе-тое са сваёй творчасці ў рэдакцыю часопіса “Родныя гоні”. Прычым, што цікава, у суправаджальным лісце маладзёны пазіцыянавалі сябе як абазнаныя ў тым, што дзеецца ў тагачасным беларускім літаратурным полі па абодва бакі мяжы, але, відаць, усё-ткі не ведалі, што часопіс, якому яны прапаноўвалі свае вершы, ужо паўгода як перастаў выдавацца (апошні нумар “Родных гоняў” выйшаў у кастрычніку 1927 года).
Тым не менш, ліст гэты дайшоў да адрасатаў, быў прачытаны і разгледжаны, а адзін верш Таўбіна з яго — “У падарожжы” — праз чатыры гады ўсё-ткі выйшаў на паперы, праўда, у часопісе “Нёман” (з прыпіскай “З рэдакцыйнага партфеля «Родных гоняў»”). І гэта менавіта той верш, які рэдакцыя “РГ” якраз палічыла нявартым.
Але вернемся да ліста. На той час 17-18-гадовыя юнакі ўжо дэбютавалі ў друку, але яшчэ не пераехалі ў Менск, не ўліліся ў сталічныя літаратурныя колы і не зрабіліся тымі самымі Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, пра якіх сёння можна пачытаць у “Вікіпедыі”, у нашым часопісе ці на сайце nochpaetau.com. Але ўжо відаць і творчыя амбіцыі, і жывы розум, і ўпэўненасць у сабе.
“Шаноўны грамадзянін Рэдактар!… — так размашыстым почыркам Астапенкі пачынаецца ліст у «Родныя гоні». — Пэўна, зьдзівіцеся, калі атрымаеце гэты ліст. Пішам да Вас з далёкага закутку Усходняе Беларусі — Амсьціслаўля.
Шчыра кахаючы ўсё беларускае, мы заўсёды сочым за газэтамі і часопісямі нашае закардоннае Беларусі. Убачылі і Вашу часопісь. Прачыталі… Зацікавіліся… Ведаючы ў якіх умовах наша замежная прэса, рашылі дапамагчы. Пакуль што — дасылкай сваіх вершаў. Будзем рады калі яны зьявяцца на старонках «Родных Гоняў»!..
Узнагароды, вядома, ніякай не патрабуем, але вельмі-б удзячны былі за прысылку дзьвух экзэмпляраў Вашае часопісі, вядома, рэгулярна, бо й мы (калі будзеце згодны) таксама рэгулярна будзем супрацоўнічаць у Вашай часопісі.
Вершы просімо надрукаваць пад псэўданімамі не адчыняючы іх ні ў якім выпадку й надалей.
Паведамце нас аб Вашай згодзе ці нязгодзе і аб умовах супрацоўніцтва.
З пашанаю,
студэнты педагагічн. тэхнікуму
Зьмітрок Астапенка (З. Лірнік), Юлі Таўбін (Андрэй Адхонны)
7/8.III.1928 Мсьціслаў
Адрас наш:
СССР. БССР. Мсьціслаў, Аршанскае вакр. БелПедТэхнікум
Юлію Таўбіну і Зьмітраку Астапенку”.
Хацелася б мне прысутнічаць пры іх размовах, пры тым, як яны вырашалі надрукавацца, як складалі ліст, як выбіралі псеўданімы… Апошняе, дарэчы, мне ўсё не давала спакою. З Лірнікам зразумела: ад Багушэвіча спакон вякоў нам засталася спадчына. А вось Адхонны? Чаму? Як?
Шкада, што Таўбін не пісаў дзённікаў (а мо і пісаў, ды мы пра іх нічога не ведаем). Бо ва ўспамінах яго сяброў і знаёмых зусім нічога няма ані пра гэты перыяд ягонага жыцця, ані пра тое, чаму паэт выбіраў тую ці іншую тэму, назву, эпіграф, псеўданім. Ледзь-ледзь, па крупінках, па сказах, можна толькі сабраць яго партрэт — чалавека і творцы. І амаль нічога болей.
Ва ўспамінах тых, хто быў знаёмы з Юліем Таўбіным, часта сустракаецца думка пра незвычайны талент прадбачання, якім валодаў паэт. Напрыклад, Сяргей Грахоўскі пісаў: “Ён заўсёды спяшаўся, спяшаўся жыць і пісаць, нібы адчуваючы, што яму наканаваны кароткі век”. А вось што можна прачытаць у артыкуле даследчыка сталінскіх рэпрэсій Леаніда Маракова:
“У Мсціславе юны Таўбін, нібы здолеўшы зазірнуць за небакрай свайго лёсу, напісаў верш з назвай-прысвячэннем «Сяргею Фаміну» (у 1935 г. С. Фамін будзе арыштаваны а ў 1941-м расстраляны як «удзельнік дыверсійнай групы»). З гэтай таўбінаўскай надзвычайнай здольнасцю прадбачыць будучыню сустрэнемся яшчэ неаднойчы. Магчыма, сапраўды Ю. Таўбіну, як ён пісаў у 1925 годзе ў вершы «Сінія далі…»: «Шмат… [што] прарочаць // Шмат чаго дараць // Цёмныя ночы // Светлыя мары…». Эпіграфам да верша «Сяргею Фаміну» Ю. Таўбін возьме вядомыя радкі Тодара Кляшторнага (у 1937-м будзе расстраляны разам з Таўбіным) «Агаркі зары дагарэлі, // А песні ў душы не згарэць». У гэтым вершы як бы завочна перасякуцца лёсы будучых пакутнікаў сталінскага рэжыму…”.
Адзін з вершаў, дасланы ў “Родныя гоні”, Юлій Таўбін напісаў у 1927 годзе, калі яму было ўсяго шаснаццаць. Ужо тады ён думаў і пісаў пра смерць, нібыта прадчуваючы свой трагічны лёс:
Гарадзкое
ІІ
Навіс над горадам асеньні дзень,
Павіс дратамі ў тумане…
Іду па вуліцы і дзе-нідзе
Па стрэхах кроплі барабаняць….
Люблю я кропельны вясёлы смех
і зьзяньне колеру вясёлкі,
і звонкі гоман абнаўлёных стрэх,
і ў небе хмар сівыя голкі,
і люба мне лістоў пажоўклых медзь,
што ўкол паўкругамі спадае…
Няхай для іх прыносіць восень сьмерць, —
Яе я песьняю вітаю.
І кроплі дробныя ня спыняць гонкі бег
Хоць мо туманнаю зарой бляднее захад,
А б’юцца, гоняцца ў жалеза шэрых стрэх
І расплываюцца па дахах…
Майстар гарадской лірыкі ўдала сплёў урбаністычныя матывы і ўласныя перажыванні, якія даводзілася хаваць, бо савецкая грамадскасць патрабавала “чырвонай патрыётыкі”, ударнасці і звону, а не розных там праяў буржуазнасці і ўпадніцтва. Крытык Рыгор Бярозкін, які прайшоў праз сталінскія рэпрэсіі, у адным са сваіх артыкулаў, што, вядома, адпавядаюць духу часу, пісаў:
“Рана абарвалася жыццё Юлія Таўбіна, заўзятага кніжніка, нястомнага эксперыментатара, культурнага паэта, які за вельмі кароткі тэрмін (тры-чатыры гады) прайшоў надзвычай паказальны шлях ад вершаў пра Сірано дэ Бержэрака да страсных, усхваляваных радкоў пра музыку крамлёўскай вежы, пра радыёстанцыю імя Камінтэрна, чые пазыўныя ён хацеў чуць у свой апошні час. І яшчэ адно жаданне было ў Юлія Таўбіна: «Калі я буду паміраць, я хачу, каб сышліся мае сябры…»”.
Вось так, увесь час балансуючы паміж адной душой і другой — паміж прапагандай і ўласнымі поглядамі, доўгам і пачуццямі, — і жылі самыя таленавітыя паэты таго часу. Крохкасць лёду, па якім хадзілі Юлій Таўбін, Змітрок Астапенка і многія іншыя, можна адчуць якраз праз ліст, працытаваны вышэй: яго радкі дастаткова іранічныя і для таго, каб быць праявай юнацкай дзёрзкасці, і для таго, каб, у выпадку чаго, забяспечыць іх аўтарам своеасаблівае “алібі” — маўляў, пашкадавалі гаротную “закардонную” прэсу. Аднак градус дзёрзкасці ўсё-ткі істотна зніжае просьба не раскрываць псеўданімы, гаваркія, што адзін, што другі.
Андрэй Адхонны — псеўданім маладога паэта, аўтара самых жыццесцвярджальных і самых трагічных радкоў “Мне — дваццаць першы год. // Жыццё не за, а перада мною“, тонкага лірыка і надзвычай разумнага, прадбачлівага чалавека, які ад пачатку ведаў, што дарога ўгару аднойчы пойдзе ўніз. Калі дакладна Юлій Таўбін узяў сабе гэты псеўданім і чаму, мне было невядома — пра тое няма згадак у адкрытых крыніцах. Але крыху прыадкрыць гэтую таямніцу дапамог даследчык Віктар Жыбуль, расказаўшы гісторыю, якая яшчэ раз паказвае, наколькі складана было творчым людзям у тыя часы заставацца сабой, калі ўсё вакол патрабавала адмаўлення ад сябе і падпарадкавання большасці. Працытую тут частку ненадрукаванага артыкула Віктара Жыбуля, што мусіў быць прадмовай да рамана Змітра Астапенкі:
ˮ…Паступова «разнаколернасьць і размаітасьць» працы Мсціслаўскае групы «Маладняку» перастала задавальняць З. Астапенку і Ю. Таўбіна, і ў снежні 1926 г. яны вырашылі заснаваць «сяброўскае літаратурна-мастацкае згуртаваньне «Агняцьвет»», не выходзячы, аднак, пры гэтым з «Маладняку». Іх падтрымалі мсціслаўскія маладнякоўцы Янка Гоманаў і Янка Панамароў. У дэкларацыі, датаванай 17.12.1926, агняцветаўцы асноўнай сваёй задачай назвалі «самаразьвіцьцё і самавыхаваньне ў галіне прозы, паэтыкі, крытыкі», зазначыўшы, што «сярод маладых сіл Амсьціслаўшчыны маецца шмат паэтычнае здольнасьці, якая захована і вельмі часта ня мае магчымасьці выявіцца» — і гэта нягледзячы на наяўнасць «Маладняку», які, здавалася б, і мусіў дапамагаць выяўляцца маладым талентам.
Дэкларацыя «Агняцьвету» абвяшчала неабходнасць «крышталізаваць самародкі» талентаў, «працаваць ня толькі на беларускай мове, а па магчымасьці на расейскай, эўрэйскай і польскай». Суполка таксама збіралася ўсталяваць сувязь з пісьменнікамі іншых гарадоў і пачала ўжо нават рабіць гэта. Здавалася б, нічога крамольнага. Толькі вось пра стварэнне «Агняцьвету» З. Астапенка і яго аднадумцы не паведамілі ні кіраўнікам Мсціслаўскай групы «Маладняку» Я. Міхневічу і С. Анціпенку, ні сакратару камсамольскай ячэйкі, ні іншым афіцыйным органам, як таго патрабаваў закон. Да таго ж адзін з пунктаў статуту прадугледжваў, каб усе сябры суполкі мелі літаратурныя псеўданімы, вядомыя толькі рэдактару часопіса.
У выніку пра «нелегальную работу, накіраваную на раскол» «Маладняку» і стварэнне канспіратыўнай арганізацыі даведалася мясцовае партыйнае кіраўніцтва, пытанне было разгледжана на пасяджэнні бюро Калінінскага акружкама, з «агняцьветаўцамі» праведзена сур’ёзная гутарка, а ў акруговай газеце «Наш працаўнік» з’явілася паведамленне: «Усвядоміўшы сваю памылку і лічачы аб’яднанне шкодным і непатрэбным, мы абвяшчаем “Агняцвет” ліквідаваным»ˮ.
Сурʼёзных наступстваў для Таўбіна і Астапенкі гэтая “дыверсія” не мела, але затое дазволіла прыдбаць карысны навык “партызаншчыны”, які ім абодвум спатрэбіўся яшчэ не раз і ў творчым жыцці, і ў асабістым — але, на жаль, не дапамог уцячы ад лёсу.
Праз восем гадоў пасля гісторыі з лістом у рэдакцыю “Родных гоняў” быў надрукаваны верш Змітрака Астапенкі “Край”, прысвечаны Якубу Коласу, — прыкладна ў той час, калі Астапенку арыштавалі. Праз год пасля гэтай публікацыі паэта за «антысавецкую дзейнасць» адправілі ў сталінскія лагеры, а Юлія Таўбіна — расстралялі.
З. Лірнік
Край
Прысьвячаю Якубу Коласу
Край ты мой зялёны,
край муроў, палос!..
Залатыя клёны,
звон сталёвых кос.
Глянеш навакольлем —
дзе ірдзен рунь,
разляглася полем
далеч — Беларусь.
Край ты мой аўсяны —
памяць быўшых він… (?)
У палёх — курганы,
сосен ціхі звон.
А ў садох шаўковых
пурпуры рабін…
Край ты мой вясковы,
водбліскі лучын!..
У тваім прасторы
шопаты бяроз,
дыямэнты-зоры
ў кроплях сініх рос.
А ў лугох зялёных
красак фарба — сінь…
Б’е табе паклоны
твой сялянскі сын.
Б’е табе паклоны
ў сіні луг-пакос.
Край ты мой зялёны,
край сталёвых кос!


Андрэй Адхонны
З гарадзкіх матываў
Заснулі шумныя кварталы,
На вулках згаслі ліхтары…
Даўно ўжо ў вокнах адблішчала
Люстэрка вогністай зары…
Ў далі бяскрайнія даліны
Таксама стыгнуць ў мёртвым сьне
І месяц шле сьвятло на льдзіны,
А адбіваецца ў вакне.
Сьцямнелі шыльды і рэклямы,
Счарнелі горы і равы…
І задрамаў ля стромкай брамы
Даўно стамлёны вартавы.
Люты, 1928
У падарожжы
(з песень вандроўніка)
Самуілу Плаўніку (Ясакару) прысьвячаю гэныя радкі
І
Сябры, плывем!..
Віднее бераг,
Па хвалях вёслы б’юць напеўна…
Даўно мінуў бязлікі шэраг
Пужлівых зданяў неспадзеўных…
Шапочуць сонныя аёры,
Шумяць чароты берагамі…
Мільгаюць новыя прасторы
І пакідаюцца за намі…
Сябры, плывем…
Ужо сьвітае…
Шарэе ўсход…
Шуршыць купава… (?)
Там качак спуджаная стая
імкне ўвысь, да сонца нават.
Часамі вецер падарожны
Ўстрывожыць раптам пабярэжжа…
Мы знаем — шчасце ў палкіх крозах
Мы напаткаем у бязьмежжы…
Таму плывем — не супярэчым
Разгону хваль і мёртвай цішы.
Сустрэнем з ласкай ціхі вечар
і рань спаткаем на ўзвышшы.
ІІ
І дзень за днём у падарожжы
Хадой нястрымнаю ідуць.
Шукаюць звонкіх песень-дум
і каляровых, і прыгожых, —
так дзень за днём у падарожжы
і мы, вандруючы, ідзём.
Блукаем-ходзім у прасторах,
і так у струнных пераборах —
у падарожжы дзень за днём…
Мы ўсе, вандруючы, ідзём…
Замкнута кола… і закончан
Далёкі цяжкі пераход
І так ізноў за годам год,
Палаючы смалістым корчам…
І шлях ніколі не закончан.
Цяпер стаім на перавале,
а заўтра кіне зноў на шлях
і зноўку пойдзем у прасьцяг.
І вясёлай песеннаю хваляй.
Цяпер стаім на перавале…
Таму вітаю ў песьнях раньня
і падарожжа, і шляхі,
і гэты сьветлы небасхіл,
што нас віншуе з вандраваньнем —
усё вітаю ў песьнях раньня!..
Сакавік 1928
З. Лірнік
З песьні
Сьветлым днём, як уставала
Сонца яснае агнём,
Закружылася над галам
Чорным віхрам груганьнё.
Я ў двары чыніў да поля
Сошку й раму бараны
І душу тугой напоўніў
Крык, што слалі груганы.
— Люба дзеўчына, скажы мне!
Мовіў я ўвайшоўшы ў хату:
“Што чуваць у гэтым гымне
Чорных воранаў праклятых?”
Галя любая маўчала.
Пад вакнамі стылі лозы
І, здаецца, заблішчалі
На яе расьніцах слёзы!
Я пайшоў у чорных думах.
Сум панёс свой у пустэлі.
Груганы над шэрым дубам
Летні дзень увесь крычэлі.
Ў полі хваляю марскою
Жоўцень-жыта каласіла.
І мяне, за бараною,
З-пад мяжы зьмяя ўкусіла.
Я прысеў сьцішэлым, кволым
На ўзвышку, у бясьсільлі.
Нада мною невясёлы
Распасьцёрла ночка крыльле.
І, як ціха засынаў я,
Бачыў — дзесь на дубе чорным
Каркаў чорнай-чорнай яўю
Ап’янелы злосцю воран.
Студзень 1928
З акордаў
Час імклівы, час вясёлы,
Апавіты задуменьнем.
Прад табоб ціхім, кволым
Хочу стаць я на калені.
У павевах вечар блудзіць,
Ціха змрок ідзе сьлядамі.
Трэба сум, што поўніць грудзі,
Выліць струннымі радамі.
1928
Бярозы
Сьнег, зіма ды іней. Сінія марозы.
За вакном — прасторы белыя лагчын.
Мне здаецца, штосьці стромкія бярозы
У палёх сумуюць, нельга знаць аб чым.
Ня сумуйце, дрэвы — лета зноў вярнецца.
Чуеце, нябачна варушыцца сонь.
Лета прыдзе й сокам вам напоіць сэрца
І агнём жывучым вам запаліць скронь.
Толькі вось ня тое з гэтым чалавекм!..
Ён жыцьцём асуджан без канца гарэць.
Той агонь пякучы ўкладзены адвеку
І яго патушыць хіба толькі Сьмерць.
І тым агнём жывучым люба жыць, змагацца,
Пекнатою працы спавіваць прасьцяг.
Ад таго гарэньня поплам лепш застацца,
Чым пражыць палову соннага жыцьця.
Сакавік 1928
ВК