(рэцэнзія на кнігу А. Данільчык “Час знешняй адсутнасці”)



Калісьці мяне вельмі ўразілі замкі ў стылі готыкі з востравугольнымі аркамі і стральчатымі вокнамі. Так, у першых паэтычных зборніках менавіта гатычны стыль характарызаваў творчую манеру Аксаны Данільчык у стварэнні верша. (А “готыка – гэта стыль сярэдневяковай заходнееўрапейскай архітэктуры, які характарызуецца лёгкасцю канцовых збудаванняў стральчатага скляпення, багаццем рознакаляровага шкла і скульптурных арнаментаў”).Безумоўна, Аксане дадзена лёгкасць у “будаўніцтве” твора, аднак у апошніх паэтычных кнігах праявіліся іншыя тэндэнцыі: павышаная ўвага да дэталі, дробязі, сімвалаў і архетыпаў (сонца, вады, сонечных промняў, сонечнага цяпла, каранёў і кроны і многага іншага), жаданне перадаць лірычнае перажыванне праз квяцістыя перапляценні эпітэтаў і параўнанняў, усхваляванасць, момант зліцця “я” і “не-я” – праз высакапарнасць тропа. Асаблівая эмацыянальнасць аўтаркі ўвасобілася ў метафарычнай разнастайнасці. Мудрагелістыя арнаменты (паэтычныя тропы і фігуры) не абцяжарваюць вытанчаную структуру мастацкай карціны, але іх становіцца ўсё болей. Багацце “мастацкага дэкору” адлюстроўваецца ў насычаных вобразна-выяўленчымі сродкамі радках як увасабленне яшчэ аднаго – барочнага стылю. Готыка і барока суіснуюць разам у творчым самаздзяйсненні Аксаны Данільчык. Думка, перададзеная з дапамогай разнастайных мастацкіх сродкаў (а таму вельмі важкая, “шматпавярховая”, ускладненая ўвагай да дэталяў) не кладзецца цяжарам у тканіну твора, яна ірвецца, нібы востраверхія шпілі, у бязмежную прастору і таксама нясе ў сабе вынікі шматгадовай абдуманасці, глыбіні.

З аднаго боку – востраверхія шпілі, з другога – адкрытая прастора з адначасовай рэльефнасцю і маляўнічасцю выказанай думкі, перададзенага перажывання. Як у архітэктуры сутнасць барока трымаецца на актыўным узаемадзеянні архітэктурных аб’ёмаў з навакольнай рэчаіснасцю, так і ў творчасці Аксаны Данільчык пошук ісціны адбываецца праз ўзаемадзеянне лірычнага “я” з рэчаіснасцю. Яна імкнецца абжыць свет прыроды, свет людскіх дачыненняў і праз гэта абжыванне ўзбагаціцца духоўна і душэўна. А потым гэтым багаццем падзяліцца з чытачамі. Маё адчуванне аўтаркі як рэфлексуючага эматыва з барочна-гатычным светаўспрыняццем сцвердзілася яе новым зборнікам “Час знешняй адсутнасці” (Skaryna Press, 2024) і прымусіла задумацца аб тым, што яна зможа здзівіць нас іншымі стылёвымі пераўвасабленнямі.

Так, наваколле ў многім кіруе настроямі гераіні і ў сваю чаргу настроі прадвызначаюць асаблівасці светаўспрымання. І як вынік названага ўзаемаабарачальных пераходаў – кагнітытыўныя метафары (кшталту “пакінуць ноту святла, якая будзе паўтарацца”, “каб сказанае стала набыткам вуліцы, дажджу, дарогі, агнёў”, “мажлівасць рухацца па часе без спланаванага маршруту”, “шлях разгортваецца ў часе да абсалютнасці спакою” і многія іншыя), бо працэсы самаўсведамлення, пошукі ўласных каардынат у быцці суправаджаюцца глыбокай рэфлексіяй, пагружэннем у сутонне думак-перажыванняў-эмоцый, з якіх, нібы з марской пены, нараджаюцца творы-філасафемы. У Аксаны Данільчык мы таксама ўбачым шмат прадметна-рэчыўных метафар і параўнанняў, якія абумоўлены свядомай “побытавасцю” светаўспрымання, калі дэталь набывае функцыі дакладнага эксплікатара выказанай думкі, перададзенага настрою ці перажывання, кшталту“дрэвы выгінаюцца быццам гімнасты пад посвіст дзікі”, “нягнуткія галіны як пратэзы нязграбна ўзмахвалі зялёнымі сцягамі”, “травінка гайдаецца як метраном палудневым ветрам”, “мора пагайдае сасну і выкіне непатрэбным успамінам”. Часта метафары настолькі глыбокія і шмат’ярусныя, што ўяўляюць сабой самастойныя завершаныя міні-выказванні ўнутры верша, напрыклад, “Як перакласці смерць на іншую мову? / Смерць тут на мову там?” у вершы “Перакладчык”. Увогуле, у зборніку “Час знешняй адсутнасці” шмат твораў з адкрытай структурай і адкрытымі для дадумвання тэзамі. Паэтэса нібы вядзе даўні дыялог з чытачом-інтэлектуалам, які ўслед за ёй абжывае розныя мацярыкі і кантыненты, рэаліі культурнага і сацыяльна-палітычнага жыцця іншых краін у розныя стагоддзі, аднак галоўнай крыніцай натхнення застаецца родная Беларусь.

Вершы “Каранаваная вясна”, “Харон”, “Суіснаванне” і інш. – гэта наратыўная паэзія, у якой аўтарка не толькі транслюе пэўныя думкі, але перадае іх праз форму расповяду. Безумоўна, тут няма наратыва прозы, але ўзнавіць пэўную сюжэтную лінію з аўтарскіх выказванняў мы можам. Аўтарка лёгка пераходзіць з адцягненых абстракцый, рэфлексій і медытацый да сюжэтных твораў або да ланцужку выказванняў, якія ўтвараюць ўнутры вершаў своеасаблівыя сюжэтныя лініі, яна часцей унутры твора, чым па-за яго межамі, звонку, і гэта дае ёй магчымасць паўставаць у мностве лірычных “я”, з якіх і складаецца “я” аўтара. Нам было б нецікава сустракацца ў кожным вершы са статычным аўтарам, мы чакаем дынамікі ў яго творчым пасталенні, новых і нечаканых вобразаў, а разам з гэтым і адкрываем новае ў Асобе Творцы.

Давайце паглядзім на зборнік Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці” з пазіцыі наяўнага і набытага, яе ўласнай традыцыйнасці і наватарства. Што захавалася ў яе паэзіі ў якасці канстантнага, сэнсавызначальнага, індывідуальна-аўтарскага? Важнай рысай мастацкага метаду Аксаны я назаву вернасць гармоніі ў жыцці, прыродзе, суразмернасці і ўзаемазалежнасці жывога і нежывога. Аўтарка нібы пастаянна шукае кропкі судакранання космасу душы чалавека і сусвету, што выяўляецца ў імпрэсіяністычных карцінах з ўвасобленымі ў іх размаітымі настроямі, інтэлектуальна-філасофскімі сілагізмамі з адлюстраванымі ў іх пошукамі сэнсу быцця.

Апошнім часам у гэтую мастацкую плынь прыйшоў штыль і прынёс з сабой глыбокую рэфлексію, з’яднаную з сузіраннем медытацыю, выхад на экзістэнцыйны ўзровень самаасэнсавання з філасофскай дамінантай у светапоглядзе. Філасофская глыбіня, экзістэнцыяльнае мысленне, характэрныя А. Данільчык, – своеасаблівы канон самаздзяйснення ў творчасці, і ў гэтым зборніку аўтарская экзістэнцыя пазітыўная, светлая, не зважаючы на наўянасць вобразаў смерці, разбурэння, завядання. Радасць ад быццам бы наноў адкрытага быцця, захапленне прыроднымі дарамі, здзіўленне ад адчування, што ты і ёсць часцінка вялікага сусвету дазваляюць паглядзець на лірычную гераіню як на творцу-эматыва з вектарам ад самапазнання да ідэнтыфікацыі ў рэаліях ХХІ ст. І ўсё ж устойлівым па сутнасці і рухомым унутры кампанентаў застаецца прынцып узаемадзеяння вобразаў у межах паэтычнага выказвання: і ў гэтым зборніку мы бачым шмат тропаў і фігур з новымі, нечаканымі сувязямі з’яў, прадметаў, падзей, якія і прыцягваюць нас, чытачоў, сваёй нетрывіяльнасцю, эксклюзіўнасцю, а таксама прымушаюць спасцігаць рэчаіснасць у невядомым раней абліччы.

Аксана Данільчык – гэта паэтэса-інтэлектуалка, перакладчыца, даследчыца беларуска-італьянскіх літаратурных узаемасувязей – чалавек шырокага кругагляду. У вялікай колькасці вершаў Аксаны Данільчык адлюстраваны суб’ектыўныя адчуванні, мімалетныя ўражанні і зменлівыя настроі, што, здавалася б, увогуле характэрна для жаночай паэзіі. Але яе мастацкі стыль не пераблытаць з іншымі.

Майстэрства пераказу
Святлана Калядка