TAŬBIN

Time is looking in the mirror and is (not) recognizing itself

Review of Sabina Brylo's book of poetry "At the end of the edge"

Sabina Brylo

Vera Bejka

Чамусьці менавіта гэты зборнік я адкрывала з той злачыннай цікавасцю, у якой прыстойныя літаратуразнаўцы не павінны прызнавацца нават самім сабе.

Я даўно ведаю і чытаю вершы Сабіны, ёсць у мяне сярод гэтых заўсёды кароткіх, ёмістых мініяцюр свае любімыя і свае “настольныя”, якія рэгулярна згадваюцца ў тых ці іншых жыццёвых выпадках, і, безумоўна, у мяне ёсць цалкам легітымныя літаратуразнаўчыя ракурсы, з якіх можна было б разглядаць і новую падборку, што выйшла ў нашым выкшталцоным выдавецтве “hochroch Minsk” у Берліне. Але менавіта зараз мне хацелася прачытаць гэтыя вершы зусім іначай, не так, як звычайна.

Абвінавацім у гэтым выдавецтва: у анатацыі да зборніка вядзецца аб тым, што “для этой книги автор отобрала небольшое количество коротких поэтических текстов, написанных в период с 2019 до 2023 года”. Гэты перыяд для кожнага з нас — не проста выпадковыя даты. Думаю, большасць беларускіх чытачоў, і асабліва чытачоў паэтычных зборнікаў (як вядома, гэта чырвонакніжны від чытача), маглі б сказаць, што гэта самы цяжкі ў іх жыцці перыяд. І мне як чытачу было вельмі важна пачуць голас паэткі, з якой мы разам жывем у гэтым самым часе. Мне было важна пабачыць, якім адлюструецца гэты час у яе ёмістых, максімальна канцэнтраваных па думцы вершах.

Паэт не мае перад чытачом аніякіх абавязкаў — і ўжо тым больш не мае абавязкаў адлюстроўваць час. Болей за тое: калі ён раптам ў ХХІ стагоддзі паставіць адлюстраванне часу сваёй акрэсленай мэтай, баюся, яго закідаюць шапкамі ў любой сацыяльнай сетцы. Паэзія вам не аналітычны канал на ютубе, скажуць прыдзірлівыя крытыкі — і будуць мець рацыю.
Між тым — а што ёсць паэзія, як не люстэрка часу? Так ці іначай, пэўныя словы складаюцца ў пэўныя радкі толькі ў канкрэтны момант, выяўляючы ў гэтым моманце нейкія асаблівыя сэнсы. Офтоп: вось чаму я думаю, што любыя перапісаныя, праз некалькі гадоў ад нараджэння адкарэктаваныя вершы заўсёды горшыя за няхай сабе нязграбны, але першы варыянт.

У люстэрку Сабіны Брыло цяперашні кляты час выглядае часам перад канцом — як і абяцана ў назве зборніка.

Дарэчы, тое самае пачуццё, здаецца, зведала і ілюстратарка Ганна Балаш: зборнік распачынаецца малюнкам, на якім чалавек (ці чалавечыца) цягнецца зазірнуць у высокае акно, аздобленае лёгкімі вясновымі фіраначкамі, але зверху да рамы спускаецца суровая вяроўка, а сонца за шыбай выглядае на пятлю.

Собирать камни и ждать смерти —
было вначале
но появилось слово
и стало можно
смерти ждать
и собирать камни
болтая.

Мне падаецца, у гэтым ёсць нейкая гранічная і няшмат каму даступная шчырасць: сябры, усё вельмі кепска, надзеі няма, але давайце, прынамсі, бавіць час у ненавязлівым, нязлым і прынцыпова бессэнсоўным занятку. Бо “болтовня” — гэта не гутарка, не роздум, не гістэрыка, не плач і не скарга. У гэтай паэтычнай прапанове “ждать смерти” — нуль пафасу, нуль апакаліпсу, нуль маны. Ніяких дарэмных спадзеваў. Можна было б праваліцца ў дэпрэсію (беларускі чытач у гэтым надзвычай спрактыкаваны, і беларускія літаратары нас рэдка расчароўваюць у сваім уменні нагнаць песімізму). Але паколькі ў вершы ўтрымліваецца відавочная адсылка да Старога Запавету — цяперашні час па волі аднаго толькі радка працягваецца ажно да Аўраама. Так што няма нічога новага на Зямлі, і тое, што мы цяпер успрымаем катастрофай, ёсць усяго толькі чалавечая паўсядзённасць у чаканні канца. Калі пашанцуе з добрай кніжкай — тады “болтая”. Што ж.

Господи, как не хватает твоего Иисуса.
Не в церкви, распятого, а лично мне — для утешения.
Живого, здорового, с парой часов свободного времени,
с отключенным телефоном, в тапочках для гостей у меня дома.

Гэты звычайны Сабінін Ісус вандруе з верша ў верш — пераважна якраз ў тапачках. То лірычныя гераіня цалуецца з ім на кухні, то пабачыць яго сярод вулічнага натоўпу — выглядае на тое, што і Сын Божы, стаміўшыся за дзве тысячы гадоў, бавіць чарговыя клятыя часы без пафасу і апакаліптычных настрояў побач з добрымі, але такімі ж бяссільнымі, як і ён, людзьмі. Не думаю, дарэчы, што тут утрымліваецца будзь-якая абраза пачуццяў веруючых: калі б Ён быў усемагутным, дзіўна выглядаў бы пасярод цяжкіх часоў са сваёй заўсёднай бездапаможнасцю. А так — у тапачках — Ён вельмі падобны да нас, створаных, як мы ведаем, на Ягоны ўзор. Такі сапраўды можа суцешыць. У такога хочацца верыць.

Ды і самі часы — што і казаць, надзвычай цяжкія — у вершах Сабіны таксама ходзяць у тапачках.

Время пришло
говорит: ну что,
ты не готов
а я пришло.

Ты говоришь:
Заходи, садись
не предупредило
Теперь жди.

Сапраўды, вельмі знаёмае пачуццё: бам-бара-бам, барабаны гудуць, трубы трубяць, “время выбрало нас”, яно кліча пад сцягі і гарматныя стрэлы, а мы не гатовыя. Мне падаецца гэта выразнай асаблівасцю нас цяперашніх: гэта не мы чакаем, а час чакае, пакуль мы падрыхтуемся. Гэтае адчуванне міжчасся, боўтання недзе ў паветры, спыненых гадоў — вы заўважылі 2023-ці? Куды ён падзеўся, якім ён быў? І гэта нават не ён сядзіць на канапе ў чаканні, гэта яго папярэднікі застыглі побач з намі, у нашых кватэрах і стараюцца трымаць роўна спіну, бо ў гасцях, і ўсім няёмка, але як ёсць.

А мы не гатовыя ўсё адно.

Дай мне задание, командир
я скажу: есть
и будет исполнен долга
мой шаг негордый
мой неказистый вид

Гэта падаецца вельмі важным: у той час, калі навокал вокамгненна расчалавечваюцца цэлыя народы, калі менавіта на расчалавечванне працуюць прапагандысцкія машыны дзяржаў — зачалавечыць, вярнуць у нармальны, неказісты і нягорды выгляд усіх тых, каму аддалі загад, і нават тых, каму не аддавалі. Вярнуцца ўсім — да сваіх салатаў і рассцеленых пасцеляў, абуцца ў тапачкі, абтрэсці з сябе шалупінне любога пафасу, любых слоганаў і лозунгаў, не тое каб стаць нейкім абстрактным гучным “Дабром” — а проста вярнуцца па хатах і заняцца звычайнымі справамі. І Хрыстос побач — нераспяты, і п’е каву.

Час глядзіцца ў люстэрка вершаў — і не пазнае сябе. Ён у ім зусім звычайны, чалавечы час, такі, як заўсёды. І ад таго — нястрашны. У дэкарацыях, прапанаваных яму Сабінай, яго штыхі, шлемы і латы нагадваюць цырк альбо школьную самадзейнасць — але з-пад жалезнага налобніка на нас глядзяць вочы вельмі стомленай, няшчаснай істоты, якая хоча таго самага, чаго хочам і мы ўсе — суцяшэння. І час гэты цягнецца столькі, колькі жыве чалавецтва, і турботы ў нас — адны на ўсіх.

Живые выталкивают
других живых
из жизни.
“Удерживайтесь, пока можете!
держитесь за нас!” —
кричат мёртвые.

Я гляджу ў люстэрка вершаў — і пазнаю наш час. Калі сапраўды абтрэсці яго ад лушпіння пустой аналітыкі, інфашуму, ІПСО, маны, асабістых амбіцый, гучных заяў, пагроз, яшчэ раз маны, і яшчэ раз, і яшчэ — гэта сапраўды чарговы канец краю, за якім будзе яшчэ адзін — як і спакон свету, пакуль мы “болтаем”.

Возьми надежду, всяк сюда входящий.
Используй аккуратно и по делу.
Не рви, не пачкай, не ломай детали.
На выходе оставь ее другому.

Замовіць кнігу Сабіны Брыло “У конца края” можна тут:
berlin@hochroth.eu

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading