TAŬBIN

Nasta Mancevič: I would like there to be a continuous dialogue between generations

Interview with Belarusian poet Nasta Mantsevich

Nasta Mancevič

Artur Kamarouski

Photo by Ivan Ivanchanka

Тэксты Насты Манцэвіч — тое, чаго чакаеш, стаіўшы дыханне, і асцярожна чытаеш, баючыся парушыць нейкі невызначальны і празрысты парадак. У кнізе, якая пабачыла свет ў выдавецтве “Пфляўмбаўм” — “Цела таксама архіў” — аўтарка і перакладчыца распавядае не толькі пра архіваванне, але таксама пра межы, працэс пісання, надзею і “дастатковасць”. Пра гэта мы і спыталі Насту.

А. К.Ці ёсць у цябе любімыя радкі з тваіх вершаў? Што табе зараз хацелася б працытаваць, што б адпавядала твайму стану?

Н. М.: Любімых няма, напэўна, стараюся любіць усе, хоць і не заўсёды атрымліваецца. Калі выбіраць, што цытаваць, то няхай будзе апошні, што склаўся:

маё жыццё разбурылася

яшчэ да таго як гэта стала агульным

досведам нашай часткі 

зямнога шару

народная мудрасць кажа

ад сумы турмы і любоўнага

трохкутніка не заракайся

няма чым ганарыцца

у 21 стагоддзі ў цэнтры еўропы

з усіх шляхоў 

мяне напаткаў апошні

цяпер калі камусьці

прыйшло б у галаву раптам 

прачарціць паміж намі лініі 

атрымаўся б трохкутнік 

прыстойнай плошчы

нядаўна хацела знайсці дом

дзе мы сустракаліся 

у кватэры на першым паверсе

ябаліся на прасціне 

раскрэсленай галінамі дрэў

такімі ж што за акном

пасля выходзілі на кухню

усміхаліся сарамліва суседу

дрэвы ў гэтым раёне 

такія падобныя

не падкажуць мне болей шлях

і толькі ён

ідзе насустрач пасярод руін

ўсміхаецца 

кажа добрымі вачыма

я ўсё яшчэ тут

сведка

тваёй прагі жыць

А. К.: Ты пішаш пра пісанне і стварэнне прасторы для досведу негетэрасэксуальнага падлетка. Падлетка, якога не было. Мне гэта зразумела і блізка. Адзінае такое месца для цябе — дзённікі. Што ты адчуваеш цяпер, перачытваючы іх? Што ты адчуваеш, жывучы ў больш-менш “вегетарыянскія” часы, калі ўжо нібыта можна пра гэты досвед гаварыць, падобны досвед можна ўбачыць?

Н. М.: Я адчуваю цяпло і пяшчоту да той сябе, калі перачытваю свае дзённікі, а таксама павагу да таго падлетка, што ён/яна ўрэшце справіліся. На жаль, адсюль немагчыма гаварыць пра сённяшнія часы як пра “вегетарыянскія”, калі навокал усё яшчэ так шмат нянавісці і гвалту. Часам я перажываю, што мне з сённяшняга дня няма чаго перадаць малодшаму пакаленню, адчуваю свой досвед бескарысным і бессэнсоўным, але ўсё адно мне хацелася б працягнуць руку сабе і іншым такім жа падлеткам (дый увогуле ўсім нам — ва ўсе часы і ўзросты), і проста сказаць: не здавайся.

А. К.: Чаму і калі цябе зацікавіла тэма архівавання? Якая ў гэтым твая асабістая зацікаўленасць? Ці толькі ў бязважкасці? Калі цела — таксама архіў, то як бы ты апісала свой архіў? Што ў ім ёсць?

Н. М.: Калі я, загарэўшыся нешта зрабіць, будучы ўпэўненая, што “да нас” гэтага не рабілі, абсалютна выпадкова даведвалася, што, аказваецца, рабілі — і не раз, але пра гэта не захавалася памяці; што памяць такая кароткая, што штосьці можа знікнуць бясследна, калі трошкі спазніцца… Гэтае адкрыццё і яго выпадковасць мяне моцна ўразілі. Я хацела б, каб паміж пакаленнямі адбываўся неперарыўны дыялог… У нас яго, на жаль, заўсёды перарывалі, і таму ў кожнага пакалення (у розных сферах) з’яўляецца адчуванне, што, вось, “мы першыя”. Таму, архіў для мяне — гэта ў тым ліку практыка запамінання, спосаб захоўваць, рабіць пастаянныя намаганні да запамінання. Ну, і адпаведна, архівы бываюць розныя: гэта не толькі інстытуцыялізаваныя, цэнтралізаваныя, вялікія сховішчы, якія канцэнтруюць унутры сябе ўсю памяць і па-свойму яе інтэрпрэтуюць, дзе ёсць “правільны” спосаб запамінаць, помніць… Гэта і розныя маленькія (непублічныя, сямейныя, прыватныя) архівы, нават неабавязкова ў форме скрыняў, яны могуць прымаць любую форму… Мне падабаецца думаць пра тое, што чым больш будзе такіх дэцэнтралізаваных архіваў, тым цяжэй будзе знішчыць нашу памяць. І так, цела — таксама архіў. У маім шмат болю і шмат любові, дзе часам любові становіцца трошкі больш.

А. К.: Адчуваю сваю адказнасць за параду Джуліі Кэмеран*. Але цяпер цікава, ці знайшла ты адказ на пытанне: ці магчымае пісьмо з небяспекі? І ці не ёсць пісанне дзённіка загадзя гэтым месцам небяспекі — маючы на ўвазе аголенасць?

Н. М.: Дзякуй за параду, яна аказалася вельмі каштоўнай, насамрэч!  

Атрымліваецца, што пісьмо з небяспекі магчымае, насуперак ідэі Джуліі Кэмеран 🙂 Хаця пісанне дзённіка — гэта, напэўна, усё-ткі пастаянная спроба трапіць у гэтае “бяспечнае месца”, стварыць яго. На той час, пакуль ты пішаш, на хвіліну, на нейкія кароткія імгненні, у памкненні самім па сабе, у жаданні і немагчымасці вярнуцца ў бяспечнае месца, якое калісьці у нас было, у той стан, які помніць наша цела (бяспекі, свабоды), у саміх гэтых намаганнях ствараецца прастора, адкуль пісьмо становіцца магчымым, дзе нараджаецца слова. Думаю, што гэта справядліва для любога пісьма, не толькі для дзённікаў.

А. К.: Мне падалося цікавым пра межы і цела, якое губляе ў абалонцы, робіцца с кожным разам усё больш тонкім. І я падумаў: а можа сэнс (агульны) у тым, каб пераходзіць праз гэтыя розныя межы знутры і звонку? Каб адчуваць сваё месца, каб адчуваць іншых? Як ты гэта адчуваеш?

Н. М.: Мне ўвогуле цікава думаць пра межы — у шырокім сэнсе. Пра (не)пранікальнасць розных прастор. Што ўвогуле значыць пераходзіць мяжу, як адчувае сябе цела, калі праз яе пераходзіць, як па-рознаму розныя целы сябе адчуваюць. Як для пэўных целаў цэлыя вуліцы горада ператвараюцца ў мяжу, а само цела становіцца пашпартам (каму яго трэба прад’яўляць?). Цікава ўвогуле даследаваць/назіраць, як працуюць розныя прасторы (як яны могуць прапускаць ці не прапускаць унутр сябе, па якіх прыкметах яны “адфільтроўваюць” пэўныя целы), як адчувае сябе цела, калі мяжа застывае?.. З пэўнага моманту ледзь не на фізічным узроўні я пачала адчуваць нейкую параненасць, выязджаючы і вяртаючыся ў Беларусь, перасякаючы гэтую мяжу. І чым больш яна застывала, тым большую ўразлівасць я адчувала, пераходзячы праз яе — адсюль гэты вобраз станчэння, празрыстасці ўласнага цела, калі “не застаецца нічога апроч успамінаў…”. Таксама цікава падумаць, як самі нашы целы (і калі) становяцца мяжой, лініяй, па якой праходзіць падзел… Як у адным з вершаў Алок: 

апошнія 25 гадоў я спрабую зразумець дзе пачынаецца мужчына і дзе заканчваецца і мне стала ясна што мужчына пачынаецца там дзе заканчваюся я.

скажу яшчэ ясней: мужчына пачынаецца калі я заканчваюся. ці нават мужчына пачынаецца таму што я заканчваюся. 

а значыць што для існавання мужчыны мяне не павінна быць.

а значыць аднойчы мне хапіла ўпэўненасці каб перастаць быць мужчынам. (…)

А. К.: Калі б у цябе спыталі, чаму варта прачытаць вершы Алок, то што б ты адказала?

Н. М.: Магчыма, вы знойдзеце там штосьці для сябе блізкае. Мяне ў свой час уразіла, наколькі блізкім і зразумелым адчуваўся досвед чалавека, здавалася б, з зусім іншага кантэксту. Мне падаецца, важна ўбачыць тое, што нас звязвае, тое агульнае паміж намі, нягледзячы на рознасць нашых культур і бэкграўндаў. Вершы Алок сталі для мяне моцнай падтрымкай у моманты разгубленасці, калі было цяжка знайсці нейкую іншую апору для сябе. Словы пра гора, у якога няма ні пачатку ні канца, пра смутак, які на самой справе ёсць структурай, а не пачуццём, пра няспынны боль, за якім таксама стаіць сістэма, пра тое, што мы мусім вынайсці такія формы працы з траўмай, якія б разглядалі яе не як асобны эпізод, а як існаванне само па сабе, — усё гэта вельмі глыбока ўва мне адгукаецца. І я думаю, што тэксты Алок могуць быць гаючымі.

А. К.: Алок у вершы “Споведзь” пішуць: “Я не веру, што мы пераможам. Я не веру, што надзея патрэбная, каб працягнуць змагацца”. А як лічыш ты? Бо, па-мойму, гэта блізка да тваёй думкі пра мінулае і будучыню. 

Н. М.: Так, гэтая думка мне вельмі блізкая. Я таксама так адчуваю. Што змаганне каштоўнае само па сабе… Не толькі як сродак для перамогі. Часам перамога немагчымая (проста цяпер), але ў самім змаганні (па-за надзеяй) — ужо ёсць сэнс і каштоўнасць. Калі ўбачыць гэта так, то і “перамога” тады можа розныя сэнсы і выгляд набываць.

А. К.: У вершах Алок вельмі шмат пра “дастатковасць”. І ў кантэксце я, напэўна, разумею, чаму. А ці блізкі гэты панятак табе? І што ты ў яго ўкладаеш? Бо мне здаецца, што ў тваіх вершах і эсэ гэта наўпрост не прапісана, але таксама прысутнічае. Ці я памыляюся?

Н. М.: Мне здаецца, я таксама даволі шмат гавару пра “дастатковасць” у сэнсе вартасці (калі я правільна зразумела пытанне…). У эсэ “Пратэрмінаваная годнасць” пішу пра тое, як сёння квір-ідэнтычнасць і ідэнтычнасць беларус_кі супадаюць для мяне ў перажыванні сваёй нявартасці, ненармальнасці, заўсёднай недастатковасці. (Форма, якую мне прапануюць для існавання, — прастора, з якой патрэбна вырасці, месца, якое давядзецца пакінуць. Сутнасць гэтай формы ў ейнай прамежкавасці, часовасці, недастатковасці…). Таксама ў апошнім тэксце з гэтай перспектывы разглядаю рэакцыю на сваю папярэднюю кнігу, калі яе назвалі “деланной, специально написанной в струю, которая по-прежнему считается конъюнктурной”, і ў той жа час кніга гетэранарматыўнай пісьменніцы атрымлівае ацэнку “просто жизнь, в которой что-то складывается”. Мне здаецца, гэта вельмі паказальны прыклад, такая ілюстрацыі логікі, паводле якой некаторыя жыцці маюць каштоўнасць проста па факце свайго існавання (дастатковыя), а іншыя вымагаюць ацэнкі, дадатковых тлумачэнняў і апраўданняў (ніколі не дастатковыя).

А. К.: Раскажы, ці было нешта такое, пра што ты падумала ўпершыню, калі перакладала вершы Алок, і які з іх адгукаецца наймацней?

Н. М.: Ну, вось, магчыма, пра траўму не як асобны эпізод, а як само існаванне ў прынцыпе, — напэўна, так ясна пра гэта раней я не думала. Не ведаю нават, які верш адгукаецца наймацней, але вельмі люблю тэкст “Масаж”, — у ім Алок кажуць пра важнасць прызнання болю, пра тое, што часам яно само па сабе можа станавіцца гаючым, калі хтосьці можа засведчыць наш боль, сказаць “я бачу, што табе балюча” і “я табе веру”.

*У кнізе Наста згадвае, што Артур аднойчы ёй параіў кнігі амерыканскай пісьменніцы, паэткі, аўтаркі п’ес і публіцысткі Джуліі Кэмеран. Найбольш вядомыя з яе кніг — пра чалавека і творчасць. Напрыклад, “Шлях мастака”.

Набыць кнігу Насты Манцэвіч “Цела таксама архіў” можна тут:

Кнігарня “Кнігаўка”

Кнігарня выдавецтва “Skaryna Press”

Тэкст: Артур Камароўскі

Фота вокладкі публікацыі: © Povilas Baltinas

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading