TAŬBIN

Pavel Kapanski: Sometimes you want to hold on to the words and not give them back

Interview with Belarusian poet Pavel Kapanski

Pavel Kapanski

Artur Kamarouski

Photo by Ivan Ivanchanka

Напрыканцы мінулага года свет пабачыла невялічкая кніга вершаў Паўла Капанскага. Адразу відаць, як доўга аўтар ішоў да яе, наколькі вывераныя і дакладныя там вершы. У гэтым інтэрв’ю Павел расказвае трохі пра “Акрамя”, перамены ўнутры і звонку, а таксама пра шматмоўнасць (таксама ўнутры і звонку).


А. К.: Давай пачнём з такога пытання. Акрамя – чаго альбо каго? што ты пакінуў у мінулым ці прыхаваў на будучыню? ці гэта больш “а акрамя таго, яшчэ i”?

П. К.: Акрамя вершаў у кнізе, ёсць іншыя – ажыўшыя і напісаныя, схаваныя і новыя, што яшчэ чакаюць свайго часу. Акрамя мяне запячатанага ў кнізе, ёсць яшчэ я па-за ёй. Акрамя саміх вершаў, ёсць людзі, што хаваюцца за імі, іх лёс, іх гісторыя. Так можна, у прынцыпе, бясконца працягваць – назва задае пытанні, а адказы ўжо могуць быць для кожнага свае.

Прыхаванага на будучыню – шмат. Ці стане моцы і жадання рэалізаваць – вось галоўнае пытанне. А пакінутага, бадай, што і няма. Omnia mea mecum porto.

А. К.:  Напісана, што ў зборніку – вершы з 2010 па 2024 гады (пры тым, што іх і так-та няшмат). Відаць, ты той яшчэ цэнзар самаго сябе. чаму засталіся менавіта гэтыя вершы? Як ты збіраў гэтую кнігу?

П. К.: Кожны асобны верш у зборніку (як і кожны верш у кожнага аўтара), гэта адбітак часу, месца, пачуццяў. Але для кнігі мне хацелася, каб «акрамя» гэтага адбітку была яшчэ мажлівасць прачытання тут і цяпер, без кантэксту. Спадзяюся, атрымалася, але і добра ўсведамляю, што гісторыя і кантэкст для кожнага твора вельмі важныя.

Калісці Андрэй Хадановіч параіў, каб я паглядзеў на свае вершы не як Капанскі-паэт, а як Капанскі – настаўнік, каторы ўмее чапляцца да дэталяў, вышукваць і знаходзіць лішняе. Будучы вялікім пракрасцінатарам, мне спатрэбілася шмат часу і дапамогі сяброў, каб паследаваць гэтай парадзе. Асобная падзяка тут усім-усім, хто выказваўся наконт маіх вершаў за ўсе гэтыя гады.

А. К.: А ці была думка паглядзець на вершы як Капанскі-чытач? Ці ўвогуле магчыма ажно на столькі адасобіцца ад напісанага?

П. К.: Правільна, Капанскі-чытач уваходзіць у камплект Капанскі-настаўнік. І таксама верна наконт адасаблення – галоўная думка тут, стаць па іншы бок слоў.

Што датычыцца таго, ці мажліва так увогуле, ці гэта не ілюзія і не самападман, гэта цягне на харошую і глыбокую размову. Па-мойму, лягчэй рэдагаваць вершы, калі прайшоў нейкі ўмоўны час. Гэта дазваляе сапраўды паглядзець на напісанае іншымі вачыма. Нават калі не “чытача”, то хаця б сябе іншага. 

Тут яшчэ важна, што ніколі не ведаеш, што можа “зачапіць”, што адгукнецца ў кожнага. Таму галоўным ўсё адно застаецца сваё бачанне і смеласць прачытаць-паказаць сваю творчасць іншым.

Напэўна, ніколі немажліва цалкам адасобіцца ад самога сябе. Для таго і патрэбная крытыка з боку іншых. 

А. К.: Што да самацэнзуры – наколькі ты крытычны да сваіх тэкстаў? Наколькі для цябе важная/цікавая крытыка з боку іншых? 

П. К.: Унутраны самакрытык за гады, канешне, падрос, пасталеў і займеў нейкі свой голас. Пакуль, напэўна, дасягнуў узроўню – вось гэта лішняе, а вось гэта не. Не ўсё, што на пачатку добра лягло, дапамагае цэльнасці. Гэта і пра “забіццё любімых” і пра паглядзець на твор вачыма самога твору. Нібыта добры верш той, які не патрабуе маёй прысутнасці. 

Любыя словы ці заўвагі ад іншых важныя, але да пэўнага ступеню. Раней, напэўна, я быў да крытыкі больш чуллівы. Цяпер – цешуся, калі чытанне маіх твораў выкліча нейкую рэакцыю.

А. К.: Як змяніўся паэт П. Капанскі за гэты час – 14 гадоў? Напрыклад, калі ўзяць нейкія дзьве каардынаты: 2010 і 2024. Чаго ў тваім паэтычным свеце паболела і паменела?

П. К.: Напэўна, выкрысталізавалася бачанне таго, што кажу і пішу. Паболела месцаў у памяці і ў сэрцы, да якіх можна звяртацца па творчасць. Тое, што раней было важна, але ў тым канкрэтным моманце жыцця, зараз набывае большае значэнне і вагу.

Паменела хіба што слоў. Часам іх хочацца затрымаць і не аддаваць.

А. К.: Але ўсё ж такі жаданне пагаварыць з чытачамі перамагае ў пэўны момант?

П. К.: Мажліва для кагосці выданне кніжкі ці размова з чытачамі цалкам натуральны працяг творчасці. Але насамрэч ні тое, ні другое не з’яўляецца такой лёгкай справай. Таму да, гэтае жаданне накапліваецца і перамагае, а часам цалкам адсутнае.

А. К.: Магчыма я мала чытаю сучаснай беларускай паэзіі, папраў, калі я памыляюся, але вершы з тваёй кнігі – рэдкі доказ моцнай інтымнай лірыкі. гэта ў іх які Капанскі: даўнішні ці сённяшні? Ці чытаеш ты сам такую паэзію і каго?

П. К.: Гэта, канешне, вельмі моцныя словы. Падаецца, гэта Капанскі заўсёдны. Але яму таксама спатрэбіўся час, каб зразумець, што ён такі. Ды і,нібыта, ён усё яшчэ ў сумневах.

Я б не сказаў, што спецыяльна шукаю і чытаю інтымную лірыку. Але вока сапраўды чапляецца за лірычныя вершы. Напэўна з-за таго, што яе не так шмат сёння.

У свае часы мяне вельмі ўразілі рэдкія, але вельмі моцныя лірычныя вершы Андрэя Адамовіча, пазней – Rafał Wojaczek.

А. К.: А чаму, як ты думаеш, такіх вершаў няшмат? Ці толькі праз тое, што мы зараз жывём ад вайны да вайны?

П. К.: Не ўпэўнены, што такіх вершаў няшмат. Але іх, канешне, меней, чым вострасацыяльных. Тут не толькі ад вайны да вайны. Падзеі ў свеце перасталі быць “недзе там”, адбываюцца тут і цяпер, пад бокам у кожнага. І ў гэтай бясконцай інфапрасторы, сапраўды, не так шмат месца застаецца на інтымную лірыку. Таму яна нібыта адпавядае сваёй назве і застаецца “інтымнай”, тым, што кожны хавае ў самыя патаемныя кішэні.

А. К.: Не менш рэдкая з’ява – кніга вершаў адразу на 3 мовах. Як разбірацца ў сваёй галаве з рознымі мовамі? Чаму адзін верш пішацца па-беларуску, а другі – па польску, напрыклад?

П. К.: Проста даю мажлівасць выхаду словам і карыстаюся такой мажлівасцю. Напэўна, адзіная спроба неяк упарадкаваць словы ў галаве, гэта вывучэнне моў, чытанне. Каб у патрэбны момант злавіць сябе за думку і добранька яе патрэсці.

А ў галаве мовы блытаюцца, канешне. Лёгка можна не заўважыць як ужыў нейкае, падавалася б, трапнае слова, а яно з іншай мовы. Гэта адначасова і боль, і нагода, каб параіцца з кімсці і знайсці добры адпаведнік.

А. К.: У кнізе два эпіграфы. Разанаў і глюк. Што ў іх паэзіі табе блізка?

П. К.: У Разанава, бясспрэчна, сімвалічнасць вобразаў. І адначасова іх канкрэтнасць, падчас чытання не ўзнкае думка, а што адкуль узялося. Кожны вобраз грунтоўна, з усіх бакоў паказаны, амаль выціснуты да эссэнцыі. Кожная метафара – сугучча і сукупнасць, ніколі не стаіць паасобку.

У Глюк шмат чаго, ад пытанняў, вельмі чалавечых, вельмі інтымных і асабістых, што гучаць у ейных вершах, да абагульненняў, якія ўзнікаюць са звычайных жыццёвых падзеяў.

А. К.: Альбо пакінуць гэтыя іншыя словы? Ці верш мусіць быць напісаны нейкай адной мовай?

П. К.: Не мусіць. Дакладней, верш павінен быць такім, якім павінен быць. Атлічная таўталогія, якая абсалютна нічога не раскрывае, акрамя сутнасці. Толькі аўтар ведае. І абсалютна не факт, што паівнен ведаць нехта іншы.

А. К.: “Хочаш даведацца якое заўтра на дотык? Пахавай спярша учарашняга сябе”. Якое вось зараз заўтра цябе як паэта, напрыклад? Пасля кніжкі “акрамя”.

П. К.: Улучнае пытанне. Бо гэтыя радкі пісаліся як такі прамы зварот да самога сябе. Трэба шмат чаго пераасэнсаваць, нешта пахаваць, а нешта наадварот – выпусціць, што стрымлівалася гадамі.

Паэтычнае заўтра няўцямнае, але цалкам рэальнае. Навобмацак, але з добрым багажом больш глыбокага разумення сябе, сваёй паэтыкі і таго, што павінна быць прамоўлена.

Ну і вядома, прэзентацыя кнігі.

Тэкст: Артур Камароўскі

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading