TAŬBIN

Children of the builders of the tower of Babel

Poems by Vikcja Udovina

Vikcja Udovina

Ein Lied über das Mitleid

далонь называе Vergangenheit мінулым часам
так пыльна тут як у карэнні бархана
патрапіш аднойчы — і прыйдзецца заставацца: bleiben im Mitleid

Spiegel des Schadens і шкоды
човен поўніцца стужкамі, але я прашу штурмана
узяць Schere са дна

obwohl ты мог бачыць іх у руках Далілы
але напісана іншай рукой твая кніга
парасон з кола чортавага перашкаджае трымаць
мне свой каўнер, лацканы, Pelz і Austausch
дазволь сабе называцца тут чужым імем
каб зашмарга не выслізнула aus Hände

і вялізная лейка, струмень з якой стане стралой
Калідонскіх ловаў, каб вепр умыўся mit reinem Waßer
адзіная мая зброя супраць шкадавання

Normalsterblichen гадуюць пшаніцу
патрапіць бы толькі ў жалабок
між плячэй тваіх, Schultern узараных
і пашкодзіць страшна і пашкадаваць


EPISTOLA X

Ты кажаш пра пелікана! Дык што ж! Вірлавокі і мажны, ён чэзне на раллі, дзе вымерхаўся і кагадзе сканаў ад распуснай пустэльні па-за вачыма парканнага пудзіла.

Я чытаю лісты да каханай жанчыны, датычныя кромкі цукру сусальнай набрыдзі. Аналойным атрамантам цвікарных лавак я пяю ўсе ссохлыя дошкі гэтых акратэраў. Дзевяць падручнікаў для карыбантаўскіх вучняў — вось, што складае суставы хрусткага пацука на выпасе. Не чапай іх чыстымі рукамі.

Спакваля прыходзіць і ўладар саду, і не прапусціць ён раёк стрыманай грады. Вужлак плёса не дае адбіць мне феакам паклоны.

Каму мы пяём свае песні?

Пыльная менора дыктуе: “Не едзьце сюды, вы не даедзеце”. Мальтыйскі мост падае мне 10 (хай бы нават і 20) магчымасцей для скасавання. Нябожчык катакомбаў — я, я пракладу яму дарогу юстыніянавымі фрэскамі.

Схрысцім жа свой сорам. Праб’ем кстамі.


***
Вось Вэрлен у палярыне
Н.С.
Berezinaslied, свáя-прут-свáя — і Напалеонаўскі скарб: хлебны гузік.

Апраметны сабака, заўсёды чамусьці расшпілены,
праз поле жалеза моста разгрызае.
Мост — сам сабе гіперонім. Не страшна яму?

Парканна-царкоўны вакзал жадае сабе шкляной столі,
прагне цяпліцай быць, але ж на то RэйкI P[п]уховыя трэ,
манах-машыніст прамаўляе хвалу шчупаку, смяецца ў вочы
[і правільна робіць] на пытанне пра буржуазную прыроду чарота.
А ці грэшна то вымаўляць такі гук, якім дзед Барыс каня спыняў?*

Мой еўрапейскі сябар**! Вазьмі мяне за руку
І давай дачакаемся апошняй жанчыны, здольнай сплесці ляльку з кастрыцы,
Шкада, ты спужаўся яе гнусавасці, а то б па восені яблыкі разам збіралі.

Што я змагу зрабіць, ну, скажам, з аднаго шыўка?
Крок, быццам. Спыніцца й спытаць: чаму менавіта валошка?
Не, каб біблейскім чалавекам стаць: кінуць кветку ў смецце.
Золак прысмакаў, крыж пачастункаў, выкладзены на стале эмалевым,
адпусці мяне. Наогул гэта як гільзы ў тамбуры,
з правай рукі суворавец, з — левай арцюр адамоў.

Як скончыць песню, што хавае пытанне сувязі грунтовых водаў?
Бо кожны швейцарскі жаўнер, што загінуў пад Бярэзінай,
раўняецца колькасці карагодаў падчас ваджэння сулы на Гомельшчыне,
я так магу жангляваць афрыкатамі, а ты ведаеш адну — і тое
скароджаную: “ТШЧ”! Ганебны хлеў К’еркегора, пакрыты граалем галаногім,
аддасцё яго басой пстрычцы — якраз да пары ёй, заінелай, заспанай.

Так лопнуў слоік з гранітнымі разводамі,
А мне не далі веры, што я паходжу з месца, у якім не была ніколі.
Але ж я амаль там усё.
І тут я таксама сама па сабе (а не да каханка),
на тое ўсё роўна, на неба над пляцам, на трэнне скуры
я адно запомніла: няхай пані не грэша. NB.

*Кшталту “тпррру”
**Mon Européene


***
дачцэ, што нарадзілася без лёсу

устань рана, жэнь* барана
гані яго, ажані яго
няхай надламіўся цукровы ражок
ніц злего — усё будзе як трэба

1. калі жалезны клямар дзедавай аглоблі
увап’ецца ў скрылікі тваіх пазванкоў
на заскарузлым цаліку, адбіўшыся шнарамі ад пабівання вербай,
залі іх бурштынам і пакінь разам з малярыйнымі камарамі і велізарнымі мухамі

2. Вялікдзень — то наша сіналефа
але з тваёй каленкі ўжо выліўся атрамант
проста на драўляную лавачку

3. і калі я загадала табе кінуць іх і застацца тут, ты спужалася, таму выпрастайся і ўздыхні, бо я больш не спытаю

*калька з польскага “гнаць”


***
С.С.

Was muss ich dich nennen?
Lenticchia или Madonna?
Пры бурных рэках рэдка растуць пладаносныя дрэвы.
Мы außerhalb des Wassers.

бурштынавая ралля прасцін
з кужалю занадта жорсткага
саскрэбены з ляфортаўскай морквы
ён не дае ні спаць ні дыхаць

мы будзем гуляцца
ў імператывы бавоўны
пад столлю — тры крокі
ад голай зямлі да стварэння
раратняга шляху на санках
толькі гара навыварат

merci je ne devrais pas traduire mes poèmes comme Maxim Bagdanovich


***
Леві-Строс на спляснелым жэтоне
гайдае нагой калыску,
Я // Купала гушка- выспавата- -е сонца.
Насенне шчарбатых прашчураў-грэшнікаў зноў спрагае дзясловы на
-йсці
каханне то прыкрысклівасць то
капліца выраёва-раённая
поўніцца ажынамі
стаіць — дзынькае

яха-чуста-цьсвісла-ч-чуу-збала-мучанай
зьверакруг умбрыйскай лагчыны — мой горад
мой горад мой горад — пятка цыбуліны
з-за яе зараз за яе дзяўчына кныхае
мой горад н е к а р ы с н ы

Наперад выходзіць вучань Мятода, задзіра:
“Мой родны Буг, што ж ты ім здрадзіў?”
Вучань Мятода, задзіра сыходзіць.
апускаецца заслона
заслона чырвоная, пафарбаваная з дапамогай карміну (кармазыну).
кармін (кармазын) здабываюць з чарвяцоў. на заслоне надпіс:
“история государства…”
далей не відаць


EPISTOLA M

Не думай, што я не ведаю, пра што шапталіся Гесперыды, калі адна адвярнулася да палыну шчыліннасці. Дрэвавыя канкістадоры, тады яшчэ з высланымі вачыма выбудавалі для яе траекторыю цытаты Аквіната. І я не стану спрачацца, бо не маю мензуры сумленнасці ідальго.

Змыць кроў з маярата Людовіка — то марныя рытвінкі твайго чала. Калі я прыбяру праўду і надам адценне воцату мёду — ты, я ўпэўнена, здолееш апазнаць мяжу пашырэння ксілафонавага лісця. Хлеб і хула — наш падарунак дзідам стагоддзяў, хай яны ўзнімуць іх сярод пушчы, такой, якая нараджала Ромула, і праваляцца пад зямлю разам з тымі, хто працягвае шукаць у ёй золата Нібелунгаў.

Пульхны мозак Ахіла высмактаны якой-небудзь грэцкай зязюляй. Здзервянелая варта стаіць: прыслухоўваецца да аднавуснага вяселля, і не падпусціць цябе, каго не змог расчуліць вычэсанай з пярсцёнкаў венеры заплачак.

Мы развітваемся так, як прыходзіць у галаву першы, самы натуральны для чалавека колер прыстойнасці. Бяры яго, зрывай кураслеп, чаго мне шкадаваць!

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading