TAŬBIN

It’s not us

Poems by Anatol’ Ivaščanka

Anatol’ Ivaščanka

***
Мова — мая ахова.
Мова мая — мой Сьцяг.
Мова мая — мой Гонар.
Мова мая — мой Шлях.
Мова мая — зброя.
Мова — мая вайна.
Мова мая — мроя.
Мова — мая віна.
Мова мая — шанец.
Мова — стрэл ва ўпор.
Мова — таемны ружанец.
Мова — дзядзька Рыгор.
Мова — мая малітва.
Мова мая — таўро.
Мова — няспынная бітва.
Бітва са злом.
На злом…
Мову маю
пад канвоем —
ў жоўты пясочак,
ў расстрэльны роў.
Мова
пад ботам маёра.
Меты на карках
маркерам карнікаў.
Меты на целах
ад ног гапароў…
Мова мая — вызваленьне
з карцара, з клеткі, са змроку, з турмы.
Разам
падняцца з каленаў.
Разам
чакаць пераменаў.
Мова мая — Мы.


ULTIMA THULE

Калі ноч накрывае бязмоўны прыдушаны горад,
бы бусьліха — ад ліха — крылом ахінае гняздо,
выпаўзаюць празрыстыя цені са сховаў і нораў
ды блукаюць па вулках пустэльных бяз гуку й сьлядоў.

Хто яны, тыя выпаўзкі ночы, — празрыстыя дэманы-спаркі?
Вальдэморта ці Саўрана шыза-калматая раць?
Дэпрэсіўная навалач, душы бадзяжных сабакаў?..
Хто іх кліча навонкі і што прымушае блукаць?

Можа, Ктулху Вялікі іх цягне з прадоньняў каменных?
Мо крывавы карбункул падняўся зь няміскіх віроў?
Ці падземныя коньнікі клічуць Рамана ў дваццатым калене?
Толькі кажуць, што бачылі іх ля Плябанскіх Млыноў…

Дзе курган векавечны глядзіць на гасьцінец бяссонны,
дзе шукае прытулку самотны прывід млынара,
дзе разрэзвае ночы пранізьлівы вокліч князёўны
і ня можа знайсьці супакою пракляты атрад.

Курапаты, Вялейка, Лагойск, Чэрвень, Рудзенск, Барысаў,
Лепель, Віцебск, Бягомль, Валожын і гэтак далей.
Dol Guldur, Ліхалесьсе… Адвечная ultimae рыса.
Колькі шчэ неаплаканых неадсьпяваных касьцей?..

Калі горад бяссонны агорне смугою і ценем.
Калі выпаўзуць здані са шчылінаў ды тайнікоў,
у равах ды лагчынах пасьцеле ім ночка пасьцелі*.
Дай ім, Божа, спачыну.
І дай ім вярнуцца дамоў.
_____
* Сягоньня ў рыштках, каля крам пасьцеле ім ночка пасьцелі.
Язэп Пушча


ГЭТА НЯ МЫ

Возьму и воскресну  то-то вам будет потеха.
А. Башлачоў

Гэта калі бракуе паветра.
Гэта калі ў горле камяк.
Гэта калі на пяць кіламетраў
ў баку
і ў цэлым —
таксама галяк.

Гэта калі прыкручаны ножкі
ложкаў,
Калі голас захрас.
Гэта калі нібыта ў апошні
раз уваходзім у спальню штораз.

Страчаны сэнсы й рамсы паблытаныя.
Ноч. У сутоньні тоне адказ.
Гэта ня мы — суткамі й літрамі.
Not with your prayers.
Not «Two of Us».

Гэта ня мы малітвамі вашымі.
Гэта ня мы ў вашых шыхтах.
Гэта ня нас вы не заўважылі
ў ліку аб’ектаў вашых атак…

Чэрвень чарнее новымі стратамі.
Скончыўся джаз, вось жа, ня ваш.
Патасны пат
упартае партыі.
Паліць у цёмную бездань
СашБаш.


ЗАХАВАЦЦА

Ранкам 27-га дня чалавек выйшаў зь сябе.
І больш туды не вярнуўся.

Захавацца.
Дажыць
        да вясны.
Дагартаць
пералётныя сны*.
Дапаліць
        недапалены золак.
Дапісаць
        кулямётнае сола.
Перабіць
        усе стрэлкі,
                     парогі,
                                   паролі.
Даіграць
        зьненавідную [трэцюю]
                                                ролю.
Выйсьці вонкі
зь сябе.
Й не вярнуцца
туды больш
ніколі.

____
* Назва нізкі вершаў Наталкі Русецкай.


* * *
А. Х.

Сьнег занёс дарогі ды парогі,
аўтазакі, бусы ды астрогі,
Саркафаг ды пляц Кастрычніцкі,
Фелікса й “палац” Пішчалаўскі…

Сьветла так, хоць вока выкалі.
Цёмна так, бы ў першы дзень, калі
Бог сьвятло ад цемры аддзяліў.

Горад наш пад покрывам смугі.
Скрозь акупацыйныя сьнягі.
Мік & Майк шыбуюць да ракі.
Па дварох курсуюць варанкі.

Безьмяжак разгортвае свой сьцяг.
Саркафаг узьняўся на касьцях.
Неба набрыняла ад тугі,
цяжка ціснуць хмары-абцугі.

Я табе лістую з-за сьцяны.
Прывітаньне, цёзка дарагі.
Шчэ крыху — й дацягнем да Вясны.
Шчэ крыху — й пабачаць пацукі:
горад НАШ
і нашыя — сьцягі!


* * *
Ірэне Г.

Перахрысьці канверт,
перахрысьці скрыню.
Ён даляціць, павер,
не прападзе, ня згіне.

Нават калі слата
зноў агарнула душы.
Нават калі свалата
цісьне, трушчыць і душыць.

Ён даляціць, павер,
паўз замкі і праз краты.
Паўз бетонны бар’ер.
Паўз драты й казематы.

Ў Полацак і Магілёў,
ў Жодзіна, Гомель, Ветку,
ў Воршу, Гародню, Шклоў —
з волі чаканая вестка.

У скляпеньні тугі,
у адсекі надзеі…
Празь сівыя сьнягі.
Праз парсекі завеі…

Вейна, Бабруйск, Ваўкавыск,
Берасьце ды Навасады.
Горкі, Мазыр, Дзяржынск,
Віцьба й Пішчалаўскі замак…

Сэрцам перахрысьці
і пакладзі ў скрыню.
Покуль ляцяць лісты,
не прападзем,
ня згінем.

* * *
горад замазаных сьцен
горад забаненых слоў
горад замкнёных вачэй
горад зашытых ратоў
горад замазаных слоў
горад замкнёных ратоў
горад забаненых сьцен
ты не чакай
перамен


* * *
згубленыя ключы
калі?
сэрца-ківач
сэрца-вязьніца
людзі чужыя
як ты чужы
сьніцца
паэт-чужаніца

страты
паразы
па-за і па-над
разам
сьвятар і бажніца
вязень і блазан
бывай
вартавы
разам
званар і званіца

26 жніўня 2021


* * *
Не гасі ліхтара у вакне,
калі нават у сэрцы імгла,
калі ўсё у густым тумане,
не гасі у вакне сьвятла.
Не гасі у вакне ліхтара,
калі нават вайна у вакне,
калі ў сэрцы імгла і страх.
Не гасі ліхтара.
Для мяне.


* * *
сьнежка за сьнежкай
лепяцца строфы
ды патанаюць у студні

ці-іхая ноч
дзікая ноч
вые прастуджаны студзень

горад стаіўся
горад ня сьпіць
скурчыўся ў карцарнай клетцы
зоркі мігцяць
нары рыпяць
ные бетоннае сэрца

чорная пятніца
зноў нараджаецца
ў спохватках шэрае раніцы

карнікі сьпяць
сьпяць змагары
месяц гайдаецца на ліхтары
рухнуць муры
не спыняемся!

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading