TAŬBIN

It’s suffering to living out loud

Poems by Alieś Dubroŭski-Saročankaŭ

Alieś Dubroŭski-Saročankaŭ

* * *

Будаваць, як той хмарачос, свой уласны лёс.
Як фрызуру з начосам, узводзіць яго — наўскос
ад сусветаў іншых. Як нейкі бясконцы мур
ад віхур касмічных і ад зямных авантур.

Ці пусціць гэты воз пад адхон з высокай гары:
а пайшло яно ўсё, а гарам яно гары!
Легчы тварам у бок бяссэнсіцы, дагары
жыватом і маўчаць, як кажуць усе дактары.

Ці няхай ён будуецца сам — гэты лёс. Наўскос
ад рэальнасці. З цэглы нябачнай празрыстых слёз,
з непразрыстых ісцін — жалезабетонных пліт.
З невыноснага шчасця жыць на гэтай зямлі.

May 29, 2024


* * *

што можа быць прасцей
як скрозь цаглінне сцен
як скрозь смяротны цень
у целе уваскрэслым
праходзіць пехатой
няўлоўнаю хадой
у сэнсы
як у дом
дзе шафы
посуд
крэслы

адзежа
ежа
пыл
начынне тых магіл
дзе ўтульна ўсё жыццё
і дзе так страшна потым
эстэтыка пургі
сусветнае тугі
вячэрняе смугі
суботняе самоты

калі сам-насам з ім
маўчаннем белых зім
(шматкрылы серафім
шматтомны збор хаосу
падтэкстаў шызы дым
прадонне парадыгм
сінонімаў рады
злучкоў і косак россып)

о немагчымы дар
няўлоўная хада
скрозь сцены
дзверы
дах
скрозь цішы колер белы
пакута жыць услых
сярод касцей сухіх
для словаформ нямых
быць уваскрэслым целам

дык быць альбо не быць?
камусьці дах і быт
камусьці слоў і рыфм
глуханямыя сцэны
гучанне – вось твой дом
там страшна толькі днём
а потым – ход канём
скрозь сцены

July 4-5, 2025


* * *

Як словы канчаткамі, дрэвы чапляюцца веццем,
свой пішучы сказ на глухім да метафар праспекце –
у хісткім кантэксце пяціпавярховак даўнейшых.
Са смецця эпохі растуць пяцістопныя вершы,
каб лісцем асыпацца проста пад ногі, пад колы,
каб шолахам сум наганяць на аптэкі і школы,
прыпынкі, будынкі з вачніцамі, поўнымі страху:
смяецца хіба што вар’ят па дарозе на плаху,
а мудрай прасторы вядома, што час – гэта кат;
і кожны, хто сказы дапісвае, – крышку вар’ят.
Як словы канчаткамі, будзем чапляцца шматкроп’ямі,
якія нам хтосьці з нябёс надыктоўвае кроплямі,
як дар (індульгенцыю? прытчу? шпаргалку? падказку?).
І мы праглынаем канчаткі – як Божую ласку.
У жанры, які хуткамоўкай дзіцячай завецца,
чапляйся за сэнсы – карэннем, лістотаю, веццем…

October 1, 2025


* * *

На жаль ці на радасць, пісьмёны на вечных скрыжалях
напісаны мовай, якая – заўсёды чужая.
Ты можаш на памяць завучваць спражэнне, скланенне,
ды толькі заўжды ёсць падтэксты – у кожным імгненні, –
якія не ўкласці ў граматыку, не перакласці.
Іх рыфмы – наросхрыст, іх метрыка, рытміка – насцеж,
а сэнсы – бясконцасць блакітная, глуханямая.
Быцця галізна, што адзення маўлення не мае.

June 14, 2025


* * *

Ратуймася ў зялёным гэтым лісці
ад драматычных сцэн, ад белых сцен.
Ёсць з кожнай немасці кудысьці выйсце –
хаця б у голас кроплі на лісце.

Яны гавораць – кроплі, жнівень, колер.
Паролі ў іх свае на кожны дзень.
Ратуймася ад белі гэтай столі
ў быцця зялёных строфах: іх ніколі
ніхто даслоўна не перакладзе.

August 8, 2025


* * *

Як ціха гучыць прыгажосць і як сціпла, бы крыж,
імя сваё троннае носіць.
Празрыстасць ніколі не можа сарвацца на крык –
ні зоры, ні росы, ні восень.

Ім густ не дазволіць рыторыку, пафас, апломб.
Іх стыль лаканічны – узятае ў дужкі сутонне.
Усё дасканалае ў свеце – не ісціны ў лоб,
а паўзы, падтэксты, паўтоны…

August 12, 2025


* * *

А давайце праверым,
дзе канчаецца верш
і будзённая проза
на празрысты мароз
выганяе пачуцці,
каб вучыліся чуць,
выганяе свядомасць,
каб вучылася дом
будаваць на каменні.
Бо настане той дзень,
калі ўспеняцца рэкі –
і патоп на дварэ.
Калі дзьмуць будуць ветры,
калі свет зараве
галасамі бяздоння…
Ці ўтрымаецца дом,
што стаяў на сугуччах,
што стаяў на рагу
матэматыкі рытму
і магічнасці рыфм?
І стаяў і стаяцьме!
І не нам ваяваць
з матэматыкай Бога
ўсемагутнага, бо
што здаецца нам прозай –
гэта вершы Яго.

September 7, 2024

Here you can buy the new poetry collection "Instant Calendar" by Alieś Dubroŭski-Saročankaŭ:
kniger. by

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading