A bat's flight
ідуць пад радарамі звышгукавыя лісты-летакі
таблойды ва ўсю капіпасцяць прылёт тае-самай-каметы
а восень зноў пашыхтавала ў небе аблокі-палкі
ды зрэзала дрэды
сівая кабета змятае на могілках смецце ў вядро
наш час-ваўкалак пустазеллем абвялым кладзецца пад ногі
і нашча куляем з біклагі гарэлку а следам сітро
й чакаем падмогі
выкрыкваем словы рандомна ў бязмоўны калодзеж-сусвет
нібы кажаны правяраючы слушнасць маршруту па гуку
але найчасцей у адказ прылятае свінцовы кастэт
пад рэбры ці ў вуха
не прыйдзе падмога й камета да мэты зноў не даляціць
метафара тэтрысу ў гэтай прасторы трывала працуе
праз дым папяросны задумліва ў шызую далеч глядзі
а раптам пачуеш
* * *
перажагнацца і...
у прорву
не трэба
тэатральных сцэн
не трэба
пра астрог і торбу
(ці – кайстру, адзін хрэн)
пра метафізіку самоты
агіяграфію тугі
вось гэтых пыльных тэарэм…
не трэба
дружа дарагі
лятуць у вырай крумкачы
пацук у дзюбе
слушны знак
тут хочацца адно — паліць
тут хочацца адно — не жыць
як завяшчаў упалмінзаг…
тут — пешшу
да любой мяжы
(без карамелькі за шчакою
і без базукі на плячы)
рыфмуючы
маліць/смаліць
валіць
такі о курва
вечны кон
такі о німфа
вечны вырак
замнога слоў
зашмат пантоў
крывых скрыптоў
сівых снягоў
слядоў
казліных капытоў
душыць катоў
глядзець сланоў
у гэтым ссслаўным
шшшапіто
засцерагальнікі згарэлі
даўно
ў паветры
небяспекі пах
ізноў арэлі
не быць лайном
і жменя фенібуту
тут не ратуе
пі, Гертруда
усё адзіна
што савой
што пнём
перажагнацца і…
у цемру
тут ніхера не фрэндлі, бро
ізноў
па коле
глеба й кроў
тут вырашаюць
хто я?
той
хто не свіння
і не сабака
усё па коле
мазэф*ка
* * *
гадавалі сады
унутры
хараство — у вачох ды хто ж бачыць
адчуваю свае сорак тры
рыхтык бравы жаўнерык удачы
залацістага яснага дня
прычакаць
толькі хрэн прычакаеш
калі будзеш сядзець і чакаць
айкумена мая дарагая
зноўку цесна ў асадах радка
пачуццю што вадою між пальцаў
ды чакае рака
рыбака
(ды рыфмуецца лёска/луска)
і як за́ўжды — дачорта дарадцаў
вырывалі равы
два на тры
выракаліся альфаў ды мачаў
хараство
ў таго хто ўнутры
ён пабачыць і можа
прабачыць
айкумена мая дарагая
дагарае ад краю да краю
беспрытульны жаўнерык удачы
жо нё манж па сіс жур
няйначай
Voices
𝘤𝘶𝘮 𝘵𝘢𝘤𝘦𝘮𝘶𝘴 𝘤𝘭𝘢𝘮𝘢𝘮𝘶𝘴
мы жывем і не чуем свае галасы
галасы нашы бы пад сярпом каласы
у бяздонную невараць-прорву ляцяць
у сляпую бязмоўную студню
вы паслухайце як аглушальна маўчаць
усе тыя каго столькі год не чуваць
хто не ў змозе далей сваю немасць трываць
чужаніца
адсутны
адсуну-
ты
* * *
нафігатарам верыць —
у лес не хадзіць
абіраем маршрут
праз лугі ды палеткі
трэба слушныя вушы
сабе адпусціць
каб пачуць спеў душы
што выпырхвае з клеткі
з нелегалкаю-мухай
праз золку імжу
мы фарсуем кардоны
часы
і парсекі
нацягнула прырода
дажджу паранджу
і санліва
прымружыла вейкі
а ў булонскіх лясах
ні кляшча ні грыба
і у Сене даўно
пра ляшча ані згадкі
нас вучылі: жыццё
верблюда́ — барацьба
толькі што нам бадзягам
а нам – анігадкі
нафігатарам верыць —
сябе не любіць
і пакуль плебс спявае
абрыдлага лепса
мы пакуем заплечнікі
рондлі
мяхі
і збягаем ад лепса
ад плебсу —
да лесу
A little cat's secret
Што трэба для шчасця котцы?
Не так і многа, здаецца, —
нязлога ціхага слоўца
ад сэрца — такое бяды.
Што трэба для шчасцейка котцы?
Здаецца, зусім небагата —
каб нештачка ў місцы любімай
было хоць на донцы заўжды.
Каб тыя, хто ёсць яшчэ ў хаце,
былі між сабою ў суладдзі,
у міры, спакоі і згодзе,
ў любові ўзаемнай жылі.
(Ды не забываліся коцю
палашчыць калі-нікалі!)
Што котачцы трэба для шчасця?
Зусім небагата, паверце —
каб не зачыняліся дзверцы
у ла́зеньку ды ў туалет.
Было каб з чым пагуляцца,
было каб дзе пакачацца…
Такі вось зусім невялічкі,
маленькі кашэчы сакрэт.
* * *
насуперак
канвульсіям пастпраўды
напоперак
няпрошаным парадам —
вастрыць сціло
і берагчы Святло
няхай па горла намяло
маны
пустое гаманы —
праз абцугі
прагорклае віны
пад урачысты гук сурмы
усё ж датаньчым
да вясны
Voices
Poems by Anatol' Ivaščanka