***
я намагаюся, але не магу не думаць
што добрага, пасля ўсяго пабачанага і перажытага
не будзе больш ніколі
але, можа, не заўсёды будзе настолькі паршыва?
так, табе цяжка, але камусьці яшчэ цяжэй
і ад гэтага яшчэ горш
бо не можаш не думаць
не можаш не ведаць
так, табе горка, але рэчывы
зробяць лягчэй адно на хвіліну
а потым зробяць яшчэ горш
так, табе балюча, але яшчэ адна вясна
стрывае ўсё, што з намі адбудзецца
і свет не пахіснецца, бо заўжды падае
і мы не можам яго злавіць
задыхаючыся пад вагою страху, смерці і немагчымасці ўсіх уратаваць
ад нянавісці да абмежавання ўвагі і эмпатыі
паміраючы з роднымі пад абломкамі
нічога не будзе напрыканцы — толькі канец
па той бок — таксама нікога
я не чакаю сустрэць вас "там", мае каханыя і любыя
якія ўжо загінулі
там, за мостам і парогам макавых палёў
мы не пабачымся болей ніколі
мы ўваходзім у пустэчу і распускаемся ў ёй дарэшты
нібыта нас напраўду ніколі не існавала
і калі мы нейкім чынам застаемся, то ненадоўга
у памяці тых, хто пакуль што трымаецца ў свеце жывых
і праз каго гэтае жыццё было для нас — і для іх — недарэмным
гэты адбітак любові, калі яна была
у разадраных варонках зрэнак
пад сціснутымі манеткамі
паўмесячных павек
калі хто і будзе са мною напрыканцы
дык хіба толькі ты
калі дажывем
і толькі з табой я хачу сустрэць
канец свайго адзінага існавання
пераход у бяскрайняе Нішто
***
1. мы залежныя ад святла, паветра,
ежы, вады і цяпла
[а цяпер — ад данатаў і зброі]
жывем на планеце,
залежнай ад гравітацыі сонца
і ўпісаныя ва ўласную рэальнасць
уяўныя формы часцінак, малекул і атамаў
энергіі і рэчываў
і не можам выйсці па-за ейныя межы
якімі б яны ні здаваліся
і якімі б яны ні былі
хіба што ў думках, ва ўяўленні, канцэптам "душы"
ты можаш пакінуць цела
адзін толькі раз
і назаўсёды
падумай, ці хочаш ты зрабіць гэта проста цяпер?
абстрагуючыся ад жахаў непазбежнай
і незнікомай паўсядзённасці
што перажывае людзей
але гэта не выхад па-за межы ўласнага "я"
гэта погляд з-за калючых дратоў абмежавання
у цэнтры многіх галактык —
звышмасіўныя чорныя дзіркі
мы дагэтуль не зразумелі нават умоў загадкі
існавання і сусвету
усеканца і ўсестварэння
што б мы сабе ні прыдумлялі
мы як словы
залежныя ад намеру
і ад кораня
як драпежнікі мы залежныя ад уласнай здабычы
у спробах як мага менш бязглузда
пры гэтым забіваць
у жорсткім свеце матэрыі
якая не можа да канца сябе памысліць
бо ёсць штосьці большае
2. мы як людзі залежныя ад іншых людзей
і ўпісаныя ў нейкую сацыяльнасць
але руйнуем яе
не маючы сіл адолець жах
што на нас наваліўся
і забівае нас кожны дзень
ва ўсяго жаху ёсць выканаўцы і імёны
як у той песні спявалася?
"цябе можа гэта забіць"
цябе — то не прыгожая любоўная метафара
цябе гэта можа забіць
тваіх блізкіх гэта можа забіць
ла-ла-ла-лай-ла-ла-ла
толькі без музыкі
і без іншых словаў
шмат хто яшчэ зламаецца
хоць цяпер мы не заўсёды ведаем хто
і выжывуць далёка не ўсе
і не выжывуць далёка не толькі закаханыя
а адзінокія і дзеці, героі і злачынцы
няма недатыкальных
апроч тых, хто сам сябе адгарадзіў ад гэтай вайны
цалкам
татальна
нібыта тое не яго, не яе, не іхняя справа
а чыя?
усіх тых, хто на дзясяткі кіламетраў бліжэй да смерці
за цябе?
хоць усё яшчэ можна ўябаць ракетай
згубленыя касманаўты ў зорным чаўне
з патчамі і аўтаматамі
дрэйфуеце
ля гарызонту падзей
не ўсе памруць
хтосьці такі вырвецца, выжыве
і раскажа пра ўсё, што бачыў і перажываў на вайне...
*
мо тады мы не сябры табе?
ніколі й не былі?
ці гэтыя смерці цябе не датычацца?
добра
як скажаш
ці прамаўчыш
але для тых, хто пачуе:
як
пра ўсё гэта
цяпер гаварыць?..
1. і тут зноў самотныя і бедныя мужчыны
аказваюцца ў нябачнай несправядлівасці
якая большасці абыякавая
у жанчын прынамсі ёсць фемінізм
які яшчэ доўга будзе актуальным
а ў мужчын — толькі абавязак
і першародны грэх
быццам гэта я вінаваты ў тым, што нехта пачынае войны
*
мала каму патрэбны іхнія душы
хіба што целы
некаторым мужыкам сапраўды класна
але далёка не ўсім
калі ты адзін, то няма каму падтрымаць
калі няма грошай і сувязей
не адкупішся
з табою будзе тое, што будзе
такая маскуліннасць коціць чалавека к чорту
табе няма ад каго ісці
і няма да каго вяртацца
2. а грамадства само настолькі траўмаванае
што хоць і гатовае змяняцца і любіць
але няма сіл падчас вайны
рабіць усё правільна
на жаль
мы і да вайны былі далёкімі ад дасканаласці
грамадства не хоча разумець тое зло
што залежыць ад нас саміх
а некаторыя зрываюцца на тых, хто проста пра гэта гаворыць
калі хтосьці мае выбар
як менавіта далучацца да барацьбы
то ў кагосьці яго няма
проста так склаліся людскія практыкі на вайне
у якіх мы жывем
мужчыны нібыта больш прыдатныя для вайны
іх быццам не так шкада
то бок шкада
але не так, як жанчын: ну куды ты яе
на штурм хочаш адправіць?
ды не хачу, нікога не хачу
проста мне прыкра, што мяне адправіць на штурм
нікому не шкада
проста, можа, хопіць ігнараваць рэальнасць
у якой жанчыны могуць быць больш эфектыўнымі за мужчын?
і хопіць называць адзінаправільным патрыятызмам
стэрэатыпы і прадузятасць да мужчын і жанчын
а для мужчын мабілізацыя — гэта
як бы бязглузда тое ні гучала
нейкая "руская рулетка" — нявызначанасць украінскага камандавання
якое не рэфармавалася, а адкацілася ў савок:
дзясяткі тысяч цудоўных людзей уліліся ў шэрагі УСУ
і не змянілі іх
затое саўковыя парадкі арміі змянілі іх
забіваючы ініцыятыву...
гэта рандом, выпадковасць, абставіны
настрой і мэты чалавека, які аддае загад
на ўмоўныя 50% — бадай адна дарога
што прастрэльваецца варожымі птушкамі
бо хтосьці ігнараваў тую праблему ажно да моманту
калі позна нешта рабіць
акрамя хаосу
усім, хто пацэліў, пашчасціла больш
за тых, хто не
а гэты камандзір сам забіраў 200-х з поля бою
а гэты зрэзваў байцоў, бо хацеў выслужыцца
а гэтыя недалюбліваюць вайсковага гея са сваёй часці
БЫЦЦАМ ЁН ГОРШЫ ЗА РАСЕЙЦАЎ, БЛЯЦЬ
наверх прабіваецца лаяльнасць да ўлады, а не да ўкраінскага народа
быццам чым болей страт — тым лепш?
павінна быць наадварот
і людзей павінна быць больш шкада
чым тэхнікі
але калі камандзір прывыкае
што, колькі б ні страцілі, — прывязуць яшчэ
то навошта зберагаць тое яшчэ адно дадазенае падраздзяленне?
3. расейцы забіваюць нас — і гэта дадзенасць
будуць забіваць, пакуль змогуць
а не пакуль захочуць
большасць забівае нас без асаблівага жадання
проста грошы і страх
але тое, як мы ваюем
гэта наша адказнасць
гэта мы
і я не пра салдатаў
якія робяць усё, што могуць
а пра людзей у камуфляжы
якія думаюць толькі пра сябе
я пра грамадства
якое найперш мусіла абараняць вайсковых
неабходным для іх спосабам
а не толькі ў срачах у інтэрнеце
хто з грамадзянскіх выйдзе на пікет за дэмабілізацыю?
і ці не ўручаць таму чалавеку пасля гэтага позву
ператварыўшы няроўны абавязак у пакаранне
але грамадства паралізаванае вайной і выжываннем
і ўлада літаральна робіць усё
што мы ёй дазваляем
любая ўлада
праблема далёка не толькі ў адным нейкім імені
гэта стала сістэмай
большасць з іх такія
тыя, хто ўліваюцца, становяцца такімі
або іх выкідае
і мы мусім прабіваць да улады годных людзей
а іх насамрэч нямала
на гэтай горкай, страшнай зямлі
хоць расія шмат з іх забіла
мы павінны зберагчы як мага большасць
усіх сваіх
[— ты не маеш права пра гэта казаць!
— а хто мае?
— вайсковыя
— але яны не могуць гаварыць усё, што думаюць
бо такія правілы субардынацыі
дык хто можа сказаць пра несправядлівасць
што па-рознаму тычыцца ўсіх нас?
а мёртвыя ўжо нічога не раскажуць
ні як яны памерлі
ні праз каго]
How to speak about all of this now?
Actual Ukrainian poetry in Belarusian translations