TAŬBIN

Адсюль зноў пачынаецца сусвет

Выбраныя вершы ўдзельнікаў "Фэста аднаго верша" 2023-2025 гадоў

Фэст аднаго верша

Сяргей Прылуцкi

Галава ў паветры

І


колькі цяпер іх
пад навальнічнымі аблокамі
громам штучным

і зямля попельная
тлее ўнізе

ані дакрануцца да яе
ані ўгледзецца пільна
да недасяжных драбніц

ІІ

што адбываецца
калі трапляеш у нікуды
без улюбёных рэчаў?

грэбеня коўдры шкарпэтак
крамы пад домам

без краявіду знаёмага

цяпер незнаёмцы
ў тым краявідзе

і прывіды блізкіх:

той зачапіўся за комін дзяцінства
той між арак юнацтва завіс

і плачуць бо ўсё гэта
морак пражыты
няма ўжо яго
і ня будзе

ІІІ

што гэта зараз:
чалавек ці снарад у паветры?
хто ці што стала ў гэтую хвілю
нічым ці нікім?

мелодыя тэлефонная
гучыць няспынна
пад надмагільлем цагляным
і рэшатам крон

ня ведаў вас многіх
такіх цудоўных

сьмерць пазнаёміла нас

ёй адзінай смакуе
пір на гэтых руінах
танцы на папялішчы

лепш не было б
гэтай сустрэчы

якое шчасьце было б
чужаніцамі заставацца

ІV

колькі ў целе тваім спынілася куль

і колькі кветак любові
ўва мне пакуль што пульсуе
пад сьнегам скуры
пад галавы разбураным дахам?

V

галоўнае — уваскрэснуць!

тым хто ляжыць у палях
і тым хто ўсё гэта бачыў
і тым хто ня быў там
і тым хто не нарадзіўся

VI

над нашым будынкам
ляцеў чалавек без галавы

VII

і скончылася вайна

VIII

або не



Маргарыта Аляшкевіч

*

Міргае гірляндай ялінка і падае снег,
дровы ў каміне патрэскваюць — проста казка!
яшчэ б заміж боек вясёлы дзіцячы смех
яшчэ б заміж гневу спагада і Божая ласка

Калі ўсе сышлі не на фронт, а коўзацца з горкі
Калі ўсе сядзяць за сталом, а не там, дзе зараз
калі ашчушчэнія зніклі, як сонны морак
калі спаўняюцца лепшыя нашы мары

Дастануць прэзенты — у хвоі, пад пышным бантам:
здаровых жывых мужоў,
маму з татам,
ката, папугая, сабаку і цэлы свабодны край —
садзіся ды грай




Марыя Бадзей

***

Узяць душу сваю як дзіця
І завесці ў лес.
Куды ты палез?
Чаго табе няймецца?

У лесе не знойдзе ніхто нас,
Надзея ды хтонь, не зойдзе ніхто:
ні людзі, ні чэрці.

Чаго табе не сядзелася,
Усё драпалася ды крычалася, ды прадраклося.
Зляцела з восі
Зямля твая, і неба на голаў,
І сонца ў спляценні палае звышновай.
Ні джазу, ні басановы,

Ні падыспаню, на карапэту.
Я не ведаю, дзе ты
Шукаеш, душа мая, мяту ды вецер.
Цяпер веру.
Рванымі сецямі
Цягнем з азёр жамяру ды сон —
Як там пісаў адзін пан з Расон
У такія ж часы зацьмення.

Бо ноч і трымценне
Не ўзятыя з ніадкуль.
Ад куль, ад сякер, ад мячоў,
Ад крыку маіх валасоў
Я не адракаюся — каюся — бо дзеяслоў
"гары" ("гараць", "рагатаць", "граць" — "гарэць") —
гэта ярасць мая і журба,
чары, поўныя скрухай ушчэрць.

Дрэвы ў маім двары
Хістаюцца — бура з пушчы.
У гушчары ў гэтым ні пантэра, ні рысь,
А мова скача табе на плечы —
Брысь, мова, брысь!
Хоць нечым суцешышся.
Мы толькі ў самым пачатку.

Іронія: кідаеш шчыра пальчатку —
Угневаны Ахілес!
І бачыш: зямля варушыцца і
Так страшна ўсур'ёз.

Ды гэты вакзал — не лес.
Ды гэта сляза — не лёс.

Крывавыя землі, куды нас бусел прынёс,
З гліны якіх ты злеплены,
Абпалены смуткам іх, хараством.
Любое баство
ператворыцца тут у камень —
Як аман у пацерах —
Лямант, ламачча, галлё,
Заўсёднае "дзе я".

Курсіў чарнакніжнікаў і чарадзеяў
Чытай. І глядзі:
Страхоцці дзяцінства —
Кажан, воўк і дзік
Цяпер за цябе. Твая памежная варта.
Упарты паўночны смех
На ветах і маладзік.
Абвостраны слых імхоў.

Лес перад табой. Ідзі.


Лина Казакова

Какой-то холодок чего-то,
Но не зимы,
Он не усталость, не забота,
Не страх, не мысль
Он двор, соседская собака,
Он ТЭЦ с трубой,
Он от восхода до заката
Теперь с тобой
Из мира он, из тех окраин,
Что спят на дне,
Где стал себе когда-то равен
В холодном дне
И в арочном проеме сердца
Скользнет, мелькнет
Какой-то холодок — не смерти,
Наоборот


Галіна Свірына

Расстрэча


Тыя жоўтыя кветкі ў горадзе прадавалі за тыдзень да.
(Маргарыт на жыццёвых ростанях вабяць такія рэчы).
У суквеццях сухой акацыі выкрыжоўвалася бяда.
У халодных закуццях паркавых
снежылася
расстрэча.
Углядаўся ў яе пранізліва шэравокі дом-ліліпут.
У мінулым стагоддзі ў ім
яна Паннай была на балі
і са знаўцам ўсяго й Венецыі танцавала вальс Wiener Blut,
разагнаўшы трывожных яшчарак з зарасніку чапараля.
А цяпер ані знаўцаў, ні танцаў,
ні снежных сустрэч, ні зімы.
Чапараль перасох, і яшчаркі
распаўзліся з аранжарэі.
І страшэннымі веліканамі вырастаюць наўкол дамы,
і ўнутры яшчэ свеціць нехта,
ды ніхто і нішто не грэе…
Пастаяла адна, успомніла, паглядзела на жоўць і смерць,
памяць вызваліўшы ад імені, кінула кветкі долу
і — расстрэлася.
І вярнулася у сусветлую кругаверць,
каб ізноў захапляцца здымкамі
ды маляваць анёлаў.


Ілля Кульбіцкі

Маўлень


Зноўку снегу няма і следу
Ў навагоднім каля-нуля;
Я па шэрань на поўдзень еду,
Праз туман цярэбячы шлях.

І ніяк не агорне розум
Сумных думак цяжар; але
Там, за шклом, у лесе марозным,
Бачу: скача вольны маўлень.

Порстка ён між дрэваў імчыцца,
Абтрасаючы з голля прах;
Не дагоніць яго маўчыца,
І расстрэльба яму не ў страх.

А туман загусцеў, няйначай:
Знікла постаць… Ды ёсць адказ:
Покуль ён, нясцішаны, скача —
Нам змаўкаць таксама не час.


Алесь Дуброўскi

А сцюжа ўплятае нябачную стужку
сусвету ў валоссе…
(А студзень і люты — браты Папялушкі
ад мачахі злоснай.)
Тэкст варта тлумачыць прабел за прабелам,
за рэбусам рэбус.
Так вока за вокам, так цела за целам
абмацваюць неба.
Намацваюць вены, прастукваюць сцены
пад слоем шпалераў.
Пад слоем адчаю пастэльных адценняў
намацваюць веру.
Прастуквае льдзіны — імгненні, гадзіны —
нахмураны стораж.
Трыместр віхуры — твой брат трыадзіны,
сястрыца-прастора.
Не знішчыць прабелы, не выскачыць з цела,
зіму не адкласці.
…А тэксты і людзі на роўнядзі белай
браты па няшчасці.


Зміцер Дзядзенка

*


наследаванне Юрыю Левітанскаму

завяршыліся святы агеньчыкі згаслі калядныя
але штосьці яшчэ калярова мігціць уваччу
і цішком за заслону нібыта ў сімфоніі гайдна
з інструментам музыкі сыходзяць згасіўшы свячу

але музыка шчэ не здалася пульсуе ўпарта
і хаця карусэля заезджаным дыскам хрыпіць
мы павінны паспець мы павінны дайграць сваю партыю
покуль свечка зусім дагарыць


Раман Цымбераў

У парку віленскім
Дзе ціш і лістапад
Старанна танчаць
Бездакорнай парай
Сум светлы восеньскі
У жоўтым аж да пят
І неба беззаганнае як мара.

Імгненне абысці малы сусвет
Дзе восень на хвіліну адпачыла.
Глядзець бы і глядзець, ды збег планет
Сурочыць зіму ветрам сцюжы стылай.
І крочыш да сяброў, у цяпло, ў музей
Дзе роспачы няма кутка, зацей
Дзясяткі і прытулак ў Вільні мілай.

Адсюль зноў пачынаецца сусвет:
Дарогаю да даўняй Вострай брамы,
Дзе быццам бы чакаеш арыфламы,
За ёй кароль зацянуты ў калет
Ды гоман гараджан за куфлем піва,
І брукаванка павядзе цярпліва
У Рым, Парыж ці нават Новы Свет…


Георгий Бартош

***

Снежинки такие крупные и увесистые
словно это не снежинки
а белые барашки
которые мирно паслись на своих облачках
пока чья-то циклопическая
неподвластная воображению
рука или нога
не смахнула их вниз

Они падают
набирая ускорение в соответствии со всеми положенными законами физики
только свист стоит
они даже блеять не могут
только перебирают в воздухе ножками
пытаясь замедлить падение
но где там…
шлёп… шмяк… шлёп… шмяк…

А в это время говорливые великаны в грубых ботинках
наступают на их тельца
и умиляются:
Ах, какая красота!
Ах, Матушка Зима, Дедушка Мороз!
Как я люблю эти бескрайние просторы, белоснежные покровы!
А этот скрип под ногами, он такой уютный…

Может быть
барашков для того и выращивают
чтобы потом сбрасывать под ноги слепошарым болтунам

Может быть
и нас выращивают только для того
чтобы периодически мордой об стол…

Мне
конечно
хочется верить
что меня пестовали для красоты и гармонии
которые я распространяю вокруг себя
даже если ничего не делаю


Но подозреваю
что всё-таки именно для этого:
мордой об стол!


Стах Лысы

* * *


І Бог сказаў: ўздымі свой кій!
І расступіліся снягі,
і я прайшоў па дне бліскучым.
Абапал высіліся кручы
сляпуча-белых мяккіх сцен.
Я дакрануцца не пасмеў
да іх вячыстае прыроды,
а асцярожна па праходзе
між іх ішоў і ўсё глядзеў,
як з гэтых стромаў дзе-нідзе
тырчаць галіны, ліхтары,
рагі дамоў, сцягі, балконы.
Я быў нібыта ва улонні,
у рэбрах снежнага кіта,
які пад відам завірухі
наш горад цалкам паглынуў.
І думаў я пра глыбіню
сваёй нязнанае дарогі,
як раптам цень старой трывогі
на шалях веры калыхнуўся.
Я аглядзеўся, азірнуўся,
мяне працяў раптоўны страх.
Не знаю я, што па пятах
ішло за мной па гэтым дне.
Ці ворагаў падступных гнеў,
ці сілы велічнай прыроды,
ці чалавек, ці звер які.
Ды Бог сказаў: ўздымі свой кій!


Алёна Варанец

твой транспарт, як і каляды, прыходзіць так ці іначай,
хоць ты ўжо даўно не верыў, стаміўся лічыць гадзіны

кіроўца цябе ўбачыў
і болей ты не адзін

сядаеш на Маршалкоўскай, і што за акном — няясна,
бо снег замятае сёння так моцна, што будзь здароў
сняжынкі віхрыць, уласна
як думкі ўнутры галоў
кісель твайго розуму боўтае шторазу на паваротах
мяшаецца брукаванка з будынкамі навырост
чаму ў цябе соль на ботах?
дзе бачыў падобны мост?
дарога ідзе наўпрост
трамвай жыхароў гайдае
люляе

і раптам дзверы адчыняцца асцярожна
наступны прыпынак "возера", "малінаўка 3", "усход"
ты ведаў на памяць кожны

паверыць у цуд няможна,
хоць быў дзіўнаваты год

як быццам не ловіць сувязь, а ты атрымаў смску:
— у гэтым чароўным свеце
знаходзься, перадавай
білет на адну паездку
аўтобус тралейбус трамвай


Наста Кудасава

*

І сумеецца сумець,
гарачы пачуўшы сум…
Бы ў бясконцасці зім — нечаканага лета задуха!
Я пасланка цяпла.
Я пяшчоту ў твой дом нясу.
Толькі дзверы наросхрыст пакінь для мяне,
толькі слухай,
як радок да радка я вію нам утульны верш,
высцілаю шурпатае дно шэрым пухам бязмоўя…
Мне так важна ісці да цябе!
Там, дзе ты жывеш,
я, магчыма, пазбудуся горычы
і апрытомнею.
Я, магчыма, вярну сабе веру,
бо там, дзе ты,
не згасаюць сады
і нішто нашых будняў не тлуміць…
Там адолеецца манаполія нематы,
і расступяцца воды зімы,
і сумеецца сумець…

Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading