TAŬBIN

COGITO ERGO СУМ

Паэзія Марыі Мартысевіч

Марыя Мартысевіч

Вершы за 2023 – 2025 гады

* * *
Тройчы вакол Зямлі —
яшчэ па піве ўзялі нам.
Як шмат мы разам змаглі
у панэльках, клееных флізэлінам.
А цяпер занаваньнем з рэйкі
адхрысціліся ад Калі-Югі,
назапашваем батарэйкі
з вабі-сабі і лагом-хюге.


* * *
Бро Дняпро
чом брыдліва
цячэш паўзь мяне?
Спусцісься ўвесь, нібы кроў —
я тады згіну.
Мокранькая лаза
на той старане
выгінамі нагадвае мне вагіну

між клубоў-пагоркаў.
Задужа агідна? Што ж.
Без жаночых мэтафар
я вершы складала ў дзесяць.

Недзе ніжэй
улівае ў цябе пушэр-Сож
сілаю не маю —
вось і бесіць —
Бесядзь.

Мне б твой выток ці вусьце,
а не транзыт —
каняю пела б тады: ты — мая жыла.
Зрэшты — на зямлю:
я вылекавала танзыліт
і палашчу ў табе костачкі.
Бо заслужыла.


* * *
Па дарозе на Евіна
ёсьць акрайчык зямлі,
у яго штогод закопвалі мой адчай,
і каб клубні адчаю множыліся й расьлі,
трэба было зь зямлі вырываць малачай.

І грыбы там былі памерамі з дуб і клён,
але нешта ўсё куры — ня бабкі, не баравікі,
і між іх мясістых вільготных тасканскіх калён
можна было ў Расею прайсьці напрасткі.

Але шлях заступала Вымна, дзе Хабаты,
стылым прыжмурам сваім у любую пару.
Ні размоў, ні карцінак. Навокал — кусты, кусты...
І здаецца, што я ўсё падаю ў тую нару.


Танцорка Disco

Намаляваны
быць мусіў Мікі
(скрайняк — Гуфі).
Абасралі б,
калі б па майцы
плавалі гупіі.
Гэта цяпер абы-што
і вышыты танчык,
і курс купіўшы ў тык-току,
бо коўч танчыць.
Вось у нас былі — танцы:
лямбада там, макарэна…

У дзевяностыя ўвогуле ўсё
было ахярэнна.


* * *
Сяргею Балахонаву

Для чаго я неба капчу?
Каб змагчы captcha.
Сонечны пікачу —
Штучны вум —
Скача.

Мой натуральны вум —
Чыст арол-Бож’я-пціца.
Cogito ergo — сум,
Бо чаго весяліцца.


Выбрыкі на Малой сцэне

Калі правільна паставіць капусны пірог,
за права зьесьці акрайчыкі будуць біцца.
— Ой, а што ты клала?..

Цыбуля, яйка, тварог:
беларуская піца.
Вось бы зь ім к акторам,
ды на парог
хто цяпер пусьціць.
Нарэсьце жыцьцё — тэатар.
Толькі б лепш, як раней —
капусьнік.


На ранішніку ў садку сын быў Анёлам №2

Анёл нумар два, анёл нумар два,
У нашых шынках засела мардва,
Такая дрыгва, што
Не дапаможа нат ква,
Такая труба,
Анёл нумар два.


Стомленасьць Мілянам

ЛВДМ, зь пяшчотай

Віяланчэль па праспекце паволі плыла,
бэра-мутантка ўнутры грандыёзнай скрынкі,
чорная байда з кароткім абрубкам вясла,
большая ад нясучай яе дзяўчынкі.
Кажучы пра памеры сямейных пазык,
Мроячы сцэны Вэнэцыі ці Сэтла,
Выдаючы ледзьве чутны скрыпічны зык,
Гойдалася, як гандола на хвалях, басэтля.
Violoncello праскочыла "Каравай" — 
унутры футарала ажно вібравала тканка —
а пасля з усёй моцы ёбнула грыфам трамвай,
у які акурат караскалася музыкантка.


Хлопчык і зьбіты лётчык

Пётры Садоўскаму

"А мне ляцець толькі ў пралёт"
Андрэй Хадановіч


Мой мілы таварыш, мой хлопчык,
Ты помніш, магчыма, мяне.
Я ўпаўшы ля Корсікі лётчык,
Са мною ты лётаў у сьне.
Мяне ты ў лазуркавай сіні
Прашу, раз апошні прысьні:
Герою ня месца глыбіні,
Ён мусіць быць на вышыні.
Ды наканавана мне лёсам
Гаціць сабой тонкую гаць.
Цяпер ты ўздымайся к нябёсам,
А я буду дапамагаць
Ляцеці далёка, высока,
Як лётаў над Афрыкай я,
І біці зьнянацку, з наскоку
Ў сабачыя сэрцы зьвяр’я.
Збіраць у скарбонку на дроны,
Каб ворагі трупам ляглі,
Прайсьці праз усе забароны…
Ды так пабываць і ў Крамлі.
І ў гэтым усім, княжыч мілы,
Нам важна застацца людзьмі.
Мой голас пачуй з дна магілы,
Паклон з таго свету прымі.


Тэатр алка

І.
Помні, Маша:
у Менскую опэру
ходзяць, каб піць каньяк.

Ды прыбяры ты праграмку.

Яны могуць
пусьціць пыл у вочы
й паставіць Вагнэра;
яны могуць
уплесьці ў касьцюмы
адсылкі да Брэйгеля…

Марная марнасьць:
галоўнае тут — каньяк.

Штоантракт —
сто каньяку.
З "Набукі" выпаўзаеш.

Бо традыцыя.

Ты ж пыталася
пра традыцыі.

Рэпертуар тут адзін —
каньяк.

Бо ён тут быў.

І не блытай мне
Менскую опэру
з Менскім цыркам.

У цырк хадзілі,
каб слухаць джаз.

Бо ён там быў.

Два берагі
адной ракі, Маша —
а такая розніца.

Рысачка,
якая робіць тутэйшай.

Помні, Маша,
маю навуку.

І наогул:
здай нарэшце
сраны бінокль.

ІІ.
Помніш яе навуку.
"Набука".
Выпаўзаеш.

Бабілёнская вежа
усьвідроўваецца ў культурны
слой Траецкай гары,
нібы вінны кратэр.


Хачу ў KDW

А вось што ганебнейшае:
аднакурсніца ў ка-дэ-бэ
ці з ананасамі піца?
Або калі пакахаеш
старэйшага за сябе,
а потым аказваецца,
што ён сцыцца?

Як па мне, піца — толькі так,
аднакурсніцу хачу ў ка-дэ-вэ,
пра мужчын — ня будзем.
Усё-ткі мы, беларускі, —
мірныя людзі.


Credo

У гэтым жыцьці
я веру
ў Карму і карму,
у Сянно і што ўсіх рассудзіць
шкілет з касою,
У вострыя: розум, вока, язык і браму
І перадачку маршруткай —
З мотальскаю каўбасою.
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading