***
Глядзі тут —
лоўж — на розныя галасы
Каменне вострае
Там і марское аблашчанае — соль зазналі
маладыя каханкі
Чорныя кветкі
зорныя — па бакох
Шэпт чалавечы — вось смутак квітнее
Да паратунку — тая працягласць —
у промень асветленая
Сагнуты ў народ
У народным
У целе непрыхаваным усе часткі як берагі
Цень напаўзае на цень
— на ўсіх будзе слёз —
абмыешся ва ўцісканні
У тым што завязана тут —
падзенне ў гук
выпадзенне
лаві
галубка вараняці
праз крылца анёлава вызірні соладка —
у кроў усясвету
Вось і думку адрынуў — у зерне непрыхаванае
Ці тое святло ўсярэдзіне ўкрыў
Ці той нож позірк працяў
Галубы зямлю галубяць
у траве
воласам накрытыя
Ад воласа да воласа — сполахі — агнявыя дарункі
ды і цела тут ссечанае
Расплюшчыць вочы быццам памерці
на золку ў святле
6-7.10.25
***
О сусвет карункавай жамяры
Тут і лапікі вясеннія — адзін два тры
Выкупалася ў барвах ачунялая тут
Лаві
Вочкі бліскаюць — вясна вясна —
вось яна ўтрымайся
Гэтай зімой — крывадушная яна быццам ліс
хвастом круціць — для застрашэння
У бясчассі хто пакружыся
Хто каго запляце
прылашчыць пяшчотнага
Дзіцятка майго дзіцятка валасы
густыя ночкай свету начнога
вачыма невытлумачальнымі
коламі — да светлага
Быць шчырым — быць тут
І да падзелу
Падзеленае сэрца
Там і чаша твая сляпая —
толькі звон толькі звон
“Божа Божа” — пакажы як ты вымаўляеш
раздзімаюцца ноздры
На выдыху — быццам смерць
Вецер для свету
Ён нібы ліс дажыдае
Жывот уздымаецца жывёльнае
Што ў імі тваім
Як яны спяшаюцца паглядзі
Калі б жыццё адбылося як сад —
я табе заўжды інжырынкі на далонях
Што ў імі тваім
Там і бачнасць
Бачнае
Расхіні рукі ручанькі працягні
О бачнае маё
Матылькі нябачныя
Дзень растапыраны як далонь
Нябёсныя караблі
І стрэламі пачварна
Хавайся хавайся
Да зямлі галавой — да сапраўднага
Там сланечнікі звіняць
Чорным — налепкі нябёсныя
Гэта быццам адно
Хто ў агні як у дыханні
3-6.10.2025
***
Наўкол голас бы птахаў разлятаецца ў голас
І дом мой амаль не мае вагі
грукоча дзвярыма
Вось і сонечныя караблі
кінутыя пад адхіл
Лаві сонечных зайчыкаў у сваёй галаве
Цела хіліць да цела —
гэта восень для выжылых
Хто як бог
злеплены з словаў
І ў зямельных варонках
у чародах
думак дакладных
(Хто яшчэ выкрыў сакрэцікі
пра нашае і пра другое)
А пакуль
свята макавых семак
Лехайм
17-18.10.2025
***
Дзе і ты
марнееш да кінутага дзіцяці
Дробныя існасці
скамянелыя бы ўдар
І адважыўся нехта — да блакітнага крыку
Лютасць да лютасці —
матулька-зямля
як бязлітаснае стварэнне —
вочкі-гузікі
ва ўсечаным ладзе
Твае ж вусны бы ляпны чарназём
Што яшчэ кідаючы цень на зыходнае
Горад-цацка
бурыцца і паўстае
Прасвет і прасвет — восень звініць бы на забаву
21-23.09.25
***
Тут і жоўта-чырвонае пудзіла
з белымі абадкамі
чалавек-вецер чалавек-прах
тут — дзе і я рассыпаюся
(дзе і ты мяне пацалуеш
сніўся мне чалавек вялікі
чалавек пясочны ён пранёс мяне
да ветранага твару — да майго чужога
Пясок — ён быў сам свет)
А цяпер усё як да міру мірнага
дзеткі дзетачкі шамацяць
вугольчыкамі прыціхлымі
чарнічныя ягадкі коцяцца ў ноч
там і шарыкі шкляныя
з дзяцінства майго
Прыкладзі тут вушка
мы потым схлусім
што чулі святло
бачылі два сонцы (бачылі тры)
хлусня нас прыгалубіць
пасля выдзьмем слова —
майстры шкляныя майстры ліхія
па літарцы — М е н с к
(выдзьмем на далонях)
Так і ў дзень панясём
У Ерусалім панясём
лістапад 2025
***
Маленькія святы
блукаюць жоўтымі балёнчыкамі —
хінуцца да сонейка
як да матчыных грудзей
Дзінь дзінь — прыслухоўвайся да нябёсаў
Потым сонца тут прыпадзе
За зверам распластаным
у час свежавання
Яго сэрца з колішніх камянёў
Ты не кажы тут нікому
Бразгаюць ужо нажы
І мяснік глядзіцца ў люстэрка
У сузор’е стомленых костак
Белыя скрыні
на моры-зямлі
з хвалямі-галасамі
Тут і ты папрасі
Паслухай як звініць чарназём —
званамі малюшачак-перлінак
Яны — мары дзіцяці
Мы ж амаль што нябачкі
ноччу шэпчамся
казкі спяваем
на галасы зменшаных продкаў —
яны як штукары —
цені здзімаюць у нябёсы
Месяц цалуе ілбы
31.10-1.11.2025
***
людзі тонкія — святлом
і ў станчэнні — як трава яны як трава
чужая сама і сабе
устань і тут —
гарызонт воласам зрэзаны
у валасах назапашаных —
смутак як зорнае
вецер — ад гнязда да гнязда
абмыць кроў у пяшчоце
ногі белыя як пачатак
літасцю жоўтай
дзе і бездань края бязмежнага
што і быць і ня быць
у апошнім жаданні
ля ката дыханне
сцягно на сцягне
23-25.10.2025
***
(уціснута) адарвана ад зямлі
маляўнічая вучаніца
тут падлічваем
па пальчыках
у мяўканні валацужных катоў
пазалочаных святасцю
плач шакалаў у травах
сціснутых у палахлівы ахапак
аблокі — жыламі
прамымі як крык
ноч — прывідным мармытаннем
як перакаці-поле
кастрычнік-лістапад 2025
***
Твар твой
быццам дарунак
паўстаў
белы
танклява-крухмальны
безабаронны
бы імгненне што цягнецца
Хай бы нешта прыдумкай
Бесцялесны гарэза
З воблакам тонкім быццам спалох
І — з часу тутэйшага — з позірку ў дзеянне
фігуркамі
у ценяў здрабненні
у сцісканні
да цацак
чый цвыркат бы кпіны
2-10.09.2025
Квітнее смутак
Вершы Евы-Кацярыны Махавай