***
Людзі здараюцца нечакана
на жыццёвым шляху,
падаюць падарункамі лёсу
проста ў далоні.
Іх вітаеш як снег,
што не сустрэў перашкодаў,
ці як ільдзіны,
што прыбівае да берага крыгаходам.
Кладуць на стол свае цяжкія рукі,
разам з крыўдаю на руках,
расцілаюцца па канапе, па аблоках,
па ўзрушаных даляглядах,
прыносяць заблытаны вецер у валасах,
паўночны, паўднёвы,
якому хтосьці заўсёды рады.
І застаюцца шумам мора
ля сосен начных,
плямамі сонца
на лісці адроджаных кветак,
на кніжных старонках,
дзе затрымалася лета,
а мы смяёмся
як дзьве дурніцы.
І больш нічога.
Дзе ж той фотаздымак…
Выдых.
Уздых...
***
І надыходзіць момант,
калі ты ўсведамляеш, што ўсё,
ты - вольная птушка,
але зусім не ведаеш,
як жыць далей,
бо змяніліся прыярытэты,
калі ты разумееш,
што ўсе твае думкі пра сябе,
пра твае стасункі з навакольным светам
не адпавядаюць рэальнасці,
дакладней, ты ізноў не разумееш,
якая яна, твая рэальнасць,
і трэба вырашыць,
трэба яе прыдумаць,
перапрашыць,
ці што…
Павырасталі мае чалавекі,
з-пад коўдраў тырчаць валасатыя ногі.
Цяпер я – маці сталага веку?
А, здаецца, я – тая ж самая,
змяніўся толькі кантэкст
майго існавання. І прыярытэты.
Але змена прыярытэтаў –
яшчэ тое выпрабаванне,
калі ці не ўсе сяброўкі
пачалі насіць акуляры,
і не зусім зразумела,
пра што цяпер марыць.
Незразумела…
***
О Марк Аўрэлій, гэтая зіма
для старажытных рымлянаў
была б суцэльнай пакутай:
няспынныя эмацыйныя арэлі –
то мароз, то адліга.
Яна і для нас не тое, каб нейкая лёгкасць,
не тое, што прагулка па антычнай віле
ці па рымскім форуме.
Я спрабую наладзіць сваё жыццё
згодна з парадамі стоікаў,
я да многіх рэчаў дадумалася сама,
і я рада, што яны
падцвярджаюцца тваёй кнігай.
Хто тады наступаў на Рым?
Якія барбарскія плямёны
руйнавалі калоны і храмы,
імкнуліся знішчыць тваю культуру?
Ты ж бараніўся, бо разумеў:
прыгажосць не ўратуе свет.
Тым больш яго не ўратуе літаратура.
Такая вільгаць ад талых снягоў,
што, здаецца, вадою набрыньваюць думкі.
Туман праглынуў Пантэона абрысы.
Я разглядаю начны краявід за акном
і бачу дарогу ў квітнеючым краі
сярод кіпарысаў –
я магу гэта бачыць.
Потым кідаю вершы і паліваю
свае спаціфілумы і стапеліі.
Нават калі мне ізноў сказалі: ты – не,
гэта зусім не нагода,
каб паверыць ім і спыніцца.
Мы проста пойдзем у іншы бок.
Ці не так, Марк Аўрэлій?
***
Даць часу здзейсніцца, жыццю – адбыцца,
як лісцю – ўпасці, снегу – легчы на апалую лістоту,
у простых дзеяннях, пазбаўленых падмана,
якому тут не знойдзецца і месца.
І спіну – роўна, галаву – вышэй,
без страху нечакана спатыкнуцца.
І – не чакаць адноўленых паглядаў
з далечыні такой, што нават праўдай
больш не здаецца. Што твае пачуцці,
хто памятае скуры мармуровасць?
З душой адкрытай і з адкрытым сэрцам –
у новы дзень, расчынены насустрач.
Даць час знайсціся сэнсу, і адбыцца
тым думкам, што для ўсіх і назаўсёды.
Цячы ракой па просінях дажджлівых,
звінець вадой венецыянскіх ронда
у срэбных вадасцёках нашых вуліц.
І не баяцца памятаць альбо забыцца.
***
Дождж разбівае панцыры зморшчаных дрэваў,
пупышкі лопаюцца як лялечкі, з якіх выходзіць імага.
Сухая скура зямлі разгладжваецца, наталяючы смагу,
ды вернутыя з цёплага краю шпакі стаміліся ад залевы.
То прарывае нябёсы, то потым іх зноўку сшывае
разбэшчаны красавік, мітуслівы ад самага ранку,
клён пад акном зацвіў, і гронкі нібы трускаўкі,
нібы чужаземнае дрэва кудранія тут прарастае.
І менавіта ў момант пяшчотнага перастварэння,
перамянення на ўзроўні атамаў і малекул,
услед адыходзячым хмарам цягнуцца рэкі
і падымаюць гарлачыкі з дна да нябеснага прасвятлення.
***
Крылцы хрушчоў і пух тапалёвы змятаю з балкона,
лета пачатак, а неба замглёна, і сэрца замглёна.
Надвор'е – ногі падкурчыць , сядзець малітоўна перад акном
як перад іконай,
і ні разу не выйсці на вуліцу без парасона.
Чэрвень мінае, і ліпень мінае ў дажджах безупынных,
я прачынаюся – вецер і дождж абстрасаюць
ліпавы квецень з галінаў,
я засынаю – кроплі дажджу грукацяць падваконнем,
я разам з імі да самага жніўня лячу праз глыбіні сутоння.
Зорак падзенне ў калодзежы пачынаецца сёння.
Хмара нарэшце падраная на шматкі,
і відаць залатую поўню.
У прарэхі між хмараў неба шпурляе першыя знічкі,
некаторыя з іх назаўжды застаюцца на даху каплічкі.
Людзі імкнуцца праз дождж даляцець да зямлі
і да роднага дома,
Ўсё, што не могуць агучыць услых, прамаўляюць сабе пакрыёма.
Шкада, што большасць жыве чужым неўсвядомленым,
і толькі адзінкі – ўласным свядомым.
Я разглядаю праз кроплі сусвет і сяджу нерухома.
***
Шэптамі зорак
перамаўляюцца галасы сусвету
над памаранчавай поўняй.
Іх існаванне доўгае,
але таксама не вечнае,
помніш?
Можа таму і позірк твой
заўжды скіраваны ў цемрадзь
касмічнай просторы,
бо рэдкія птушкі далятаюць туды,
дзе галасы сусвету перамаўляюцца
шэптамі зорак.
Oro uostas
Хай гэта будзе проста доўгі дзень,
звычайны дзень глухога лістапада,
ад цемры ранішняй да цемры вечаровай
прашыты ненапружаным чаканнем:
з пажоўклым лісцем, вільгаццю ў паветры,
агорнуты імжой і туманамі,
без гоману і без дзіцячых крыкаў.
Бо восень надыйшла і стала ціха.
І толькі круцяцца лісты паперы
на ўскрайку горада ля вызначанай даты.
Тут мала золата, тут многа шэрых
паверхняў гладкіх, звілістых, шурпатых.
Як немаўляты спасцігаюць рэчаіснасць
навобмацак нявопытнай рукою,
так вецер дакранаецца паволі
да рэдкіх дрэў вакол аэрапорта.
Хай сёння будзе белае віно
і сінія агні на лётным полі.
І, выплываючы з аблокаў час ад часу,
як вартаўніцы ўсіх перамяшчэнняў,
са мной дзьве поўні рухаюцца разам –
на небе і на крылах самалёта.
І можа быць я паспрабую зноў
прастору змераць стужкамі радкоў.
І ўзняць з палёгкай келіх для натхнення.
Людзі здараюцца нечакана
Паэзія Аксаны Данільчык