ТРАМВАЙ
глядзіцца неба ў трамвай сустрэчны
мінае неба пусты прыпынак
у залачоным яго блакіце
танцуюць джыгу слупы-іголкі
гляджу ў прашыты трамваем горад
зашыты ў неба ўдыхаю горад
мінай прыпынак сустрэчны горад
ашчэр іголкі ў пустэчу горад
хай будзе джыга тваім блакітам
на залачоных трамвайных струнах
хай будзе неба тваім трамваем
хай чуе шые глядзіць танцуе
хай сёння заўтра тваё навекі
хай будзе з’явіцца прыйдзе стане
3 ЦАР. 19:11
І гэта праўда, што Ён не ў землятрусе,
І не ў агні, і не ў буры — ў лёгкім ветры,
Альбо ў праменьчыку травеньскага сонца,
У руху ледзьве прыкметным між лістоты,
У збегу нот з улюбёнае кружэлкі,
У нейкай рэпліцы шчырай, нечаканай,
У тым пачуцці, якое ты не ўцяміш,
Але адразу пабачыш — і згадаеш —
У Дабравесці Яго паміж радкоў.
То ж не дзівіся, калі Яго не бачна
Паміж арлоў, двухгаловых альбо белых,
У чадзе свечак, запаленых бяздумна,
Пад клабукамі бязвокага сабору,
Між крыважэрных нібы-адзінаверцаў…
Бо гэта пройдзе, як прамінае бура,
А Ён — заўсёды, паўсюль — у лёгкім ветры,
І валадарству Яго няма канца.
ДАМБРОЎКА
калі йдуць прапаведаваць сцяг
сыходзяцца пры пустым месцы
пакуль ліхтары вагаюцца
свяціць ці ўстрымацца
ломяць зефір
набіраюць рэшты
дванаццаць кашоў
пераказваюць адзін аднаму
жахі сівой двухмесячнай даўніны
каб стрымаць абяцанне
і не забыцца
чакаюць
разам з ветрам
пакуль не стане немагчыма
чакаць
з’яўляюцца неўпрыцям
з чэрава двара
скрозь зубы стаянак
робяцца вушамі вуліцы
робяцца вачыма вуліцы
робяцца святлом вуліцы
робяцца голасам вуліцы
вецер танцуе
чырвоным і белым
паветра гудзе
чырвоным і белым
лісток дуба
што ўзыдзе потым
спявае пра перамогу
якую памятае
АНТЫЦЫКЛОН
у цэнтры антыцыклону
дым з коміна мкне
проста ўгару
антыцыклон
адкідае на перыферыю
ўсё
бежанцаў — на захад
нацыстаў — на ўсход
бойню — на поўдзень
розум — у нікуды
штось трымае душу
на месцы
ці то корань
ці то ланцуг
як яна зайздросціць
дыму з коміна
ТРЫСНЁГ
(з паэмы «Яна прамаўляе»)
Пасеем жыта — збяром трыснёг.
Янка Дзягілева
была рака — і застаўся шлях
былі масты — і застаўся жвір
за краем рэек ляціць трамвай
заходу ў спіну грыміць агонь
шкілет вахцёра адсунь убок
ключоў не трэба — замок струхнеў
дзе дрэмле пёс — там дзвярэй абрыс
расчыніш дзверы — пабачыш лес
кранешся дрэваў — пазнай трыснёг
адчуеш погляд — услых кажы:
зямля народзіцца праз паўдня
глядзі не бойся не памірай
Ледзяныя вятры, снегапады і град
У злосці гнуць яго, але не зломяць.
Алена Вайнароўская
трыснёг казыча пусты трамвай
грукоча ў полі халодны фронт
трывожным небам — прыступкі ў склеп
раскрытым сэрцам — гаворыць гнеў
у сэрцы спіць дасвятынны шлях
па ім праходзіць анёльскі полк
у гулкай цемры — нязломны спеў
з пустога месца — бязмоўны спеў
хто слухаў спевы — абраў навек
сабе напрамак на тым шляху
хто крыкнуў „хлусіш“ — абмерлы слуп
хто крыкнуў „здайся“ — разбіты збан
хто крыкнуў „веру“ — жывы трыснёг
хай цісне вецер — цвіце каштан
звініць багоўка дзівосных сноў
лунае погалас: не памром
ВОСКРЕСЕНІЕ
навагодні зомбі-хорар
Пад Новы год ваўкі не вылі,
Прымоўклі сыч і казадой,
А дзеці на старой магіле
Гукалі дзеда з барадой.
Яны стаялі шчыльна ў крузе,
Заклён спяваючы пад нос;
Было ўсё роўна ім: хоць Зюзя,
Хоць Сантаклаўс, хоць Дзедмароз.
Але таму, што Грышка Букін
Паблытаў словы ў мантры той,
Не Пэрнуэль, не Ёўлупукі —
З магілы вылез… Леўталстой.
Гнілы! Шалёны! Дзеці ў страху
Пабеглі, ўзняўшы крык і плач,
А ён жывую чарапаху
Шпурнуў у спіны ім, як мяч.
Грымелі косці, быццам кеглі,
Як ён выходзіў за цвінтар;
На шум дарослыя прыбеглі,
Садовы ўзяўшы інвентар, —
А ён сказаў ім: „Грубай сілай
Змагацца нельга вам са злом!“ —
Паадбіраў сякеры й вілы
І ногі завязаў вузлом.
Тады ж праз лес ён шлях нагледзеў —
І там, каб пешкі не ісці,
Загнаў лася і трох мядзведзяў,
Нібыта жонку пры жыцці;
А потым, праз палí ў тумане
Цягнуўшы ногі давідна,
Прыйшоў пад горад на світанні,
І гораду была б хана —
Ды дворнік Хведар, малайчына,
Заўважыў, як магільны фрык,
Злавіўшы, нейкую жанчыну
Цягнуў на рэйкі пад цягнік.
І ён падкраўся пехатою
Ды, быццам воўка дрывасек,
На дзесяць дробных леўталстоеў
Таго рыдлёўкаю пасек.
Вох, верашчаў мярцвяк закляты —
Як статак дзікіх парасят!
А дворнік той прыйшоў дахаты
І накаціў сто пяцьдзясят.
…Зіхцяць бярозы белым веццем,
На снезе голуб піша ліст,
І не псуе Каляды дзецям
Паганы рускі рэаліст.
-
замовіць кніжку можна на сайце выдавецтва Skaryna Press