ДАЖДЖАВАЯ-ЧАРВІВАЯ
Дзяўчына ў сукенцы з дажджавых чарвякоў,
з позіркам, поўным балотнай вады,
ідзе празь лес, пужае ваўкоў,
шыбуе ня ведаючы куды.
У яе з-пад пахі вырас жоўты грыб,
у яе ў валасах асінае гняздо,
у яе завушніцы з засушаных рыб.
Яна адрываецца на ўсе сто!
(Дзяўчына ў сукенцы з дажджавых чарвякоў,
а што ты будзеш рабіць, калі чарвякі распаўзуцца, а?)
А дома згарэлі сасіскі на пліце,
лічыльнік накруціў пяцьсот кіляват,
на сьценцы зьзяе надпіс: "Капец гапаце!",
пратэрмінаваўся барбітурат.
Яна ніколі ня здасьць на правы,
яна не заробіць ніколі мільён,
затое ў яе басаножкі з крапівы,
затое яе ведае ўвесь раён!
(Дзяўчына ў сукенцы з дажджавых чарвякоў,
а што ты будзеш рабіць,
калі чарвякоў пачнуць дзяўбці птушкі, а?)
Дзяўчына ў сукенцы з чарвякоў дажджавых —
часткова памерлых, а часткова жывых —
шчасьлівая, як ноч, і ясная, як дзень,
то плача, то сьмяецца, то ляціць, то ідзе.
ПАД ЛІНІЯЙ
Пад лініяй высокага напружаньня
алея йшла, засаджаная ружамі.
На гэтай напаўвысахлай алеі
бабулькі сьвяткавалі юбілеі.
А ўнукі іх ганялі спрытна мяч
пад лініяй электраперадач.
Бывала, мяч імчаўся, як сьляпы,
і зьлёту натыркаўся на шыпы
і заставаўся віснуць на кусце,
як у ката дзядоўнік на хвасьце.
Люблю вясну. Люблю ружовы пах
і мяч стары, праткнуты на шыпах.
У ГОРАДЗЕ КАМЕННЫХ СТАТУЭТАК
Па горадзе каменных статуэтак
бадзяўся заклапочаны падлетак,
пытаў: — Ці ёсьць хто-небудзь тут жывы?
І раптам голас чуецца з травы:
— Чырык-чырык!..
Падлетак азірнуўся:
нікога... І ў сабе ён зноў замкнуўся.
У ім застыў нявыплаканы крык.
Самота... Цішыня... Чырык-чырык...
ЧАРОЎНЫ ПІРАЖОК
Пекар, пекар, зьляпі мне зь цеста
піражок зь непрыстойным зьместам!
Панясу я яго ў пад’езд,
угрызаючыся ў той зьмест.
Буду я яго есьці, есьці,
патанаючы ў смачным зьмесьце.
А калі я яго зжару —
я натхнюся. Хоць і згару.
РУДАЯ ВАДА
Над заводамі стогне сонца,
заматанае ў правады.
Мы сядзім на гнілой кардонцы
з поўнай пляшкай рудой вады.
Перад носам падаюць зоркі,
аб асфальт разьбіваюцца: чмяк!
Мешанінай карбіду і хлёркі
набівае шчокі хамяк.
Падпільноўвае нас — і мацае,
нападае на нас — і ціскае...
Ён, напэўна, галюцынацыя,
але ўжо са сталай прапіскаю.
ТРЭНІРОЎКА
спрынтар бег на трэніроўку
спрытна велічна і шпарка
нехта нацягнуў вяроўку
ўпоперак алеі парку
спрынтар плача звоніць маме
закапаўшыся ў магілу
ён ляціць паміж дамамі
адрастаюць крылы
БІЯМАТЭРЫЯЛ
Сякера ёсьць пад кожнай лаваю.
Прыйшоў я сёньня на канал,
нырнуў, між водарасьцяў плаваю,
а побач цэлы арсэнал:
замшэлы бот, бляшанка ржавая
і чыйсьці біяматэр’ял.
Гартаю кніжку пра дзяржаву я,
дзе кожны трэці — генэрал.
Сяджу, мяшаю цукар з каваю,
лічу свой сьціплы капітал,
гляджу ў акно на дрэвы млявыя
і чыйсьці біяматэр’ял.
Жыцьцё крутое і цікавае:
вышэйшы бал — дзявяты вал.
То вольны, то заняты справаю,
шукаеш вечна ідэал,
а на шляху — сьцяна дзіравая,
пахілы слуп, нага кульгавая,
сабака з пашчаю сьліняваю,
трава густая шапялявая
і чыйсьці біяматэр’ял.
Звычайны біяматэр’ял.
Нармальны біяматэр’ял.
Банальны біяматэр’ял...
* * *
— Кім я быў?
— Яблыкам "Белы наліў".
— Хто я ёсьць?
— Вечная маладосьць.
— Кім я буду?
— Лялькай вуду.
ЁН ЗНАЙШОЎ САБЕ ПАРУ
Нас навучылі марыць
і адвучылі дзейнічаць.
...Па вечаровым бульвары
хлопец бяжыць за дзеўчынай.
Безь яе не пражыць —
вось і дагнаць стараецца.
Ён за ёю бяжыць.
...А яна выпараецца!
Вечарам... на бульвары...
Трэба ж такому адбыцца:
ён знайшоў сабе пару —
пара ў паветры клубіцца...
ГНОМІК З ЛЫЖКАЙ
У цёмна-бэзавым зацішку,
між россыпаў гнілой лузгі
сядзіць маленькі гномік з лыжкай
і сёрбае мае мазгі.
Сьвінцовы сьнег... Крывыя люстры...
Дом, збудаваны з каўбасы...
І я ніколі не стамлюся
прыгадваць даўнія часы,
калі дарослыя і дзеці
ішлі раёнам на раён
і разьлятаўся па сусьвеце
мазгоў узьбіты паралён.
Усе мы плюшавыя мішкі —
хто без вачэй, хто без нагі...
Нас абыходзіць гномік з лыжкай
і смокча нашыя мазгі.
ТЫРК, ТЫРК, ТЫРК
Стрэлы, выпушчаныя з арбалета,
у жывёлу ўтыркаюцца: тырк, тырк, тырк!
Не хвалюйся:
гэта тваё апошняе лета
ва ўстанове пад назваю цырк!
Кулі, выпушчаныя ў акрабата,
рыкашэцяць, прабіваючы цюль і флёр.
Мы зь сябрам схаваліся і п’ем гарбату.
Ён — мэханік сцэны, а я — суфлёр.
ІРТУТНІК
Зьзяе ў рэчцы ясны твой адбітак
і зусім адсутнічае муць.
Хочаш плаваць? Лепей не рабі так:
можа, гэта не вада, а ртуць.
Помніш, як табе казала мама,
што п’яніць іртуць, як нарката?..
Рызыкні — і з зыркай амальгамы
шарыкаў бліскучых накатай.
Вытрымаеш цяжар, бы пакутнік,
на камяк насунуўшы камяк.
Створыцца не сьнегавік, а ртутнік —
твой дарадца, сябар і сваяк.
СЬЛЁЗЫ НА ЛЯМІНАЦЕ
Немагчыма шчасьлівым быць цалкам —
кожны шчасьлівы фіфці-фіфці.
Даўні ўспамін... Пацалункі ў ліфце...
Сэкс пад бэтонамяшалкай...
Кіслыя сьлёзы на лямінаце...
Словы, узятыя ў пункце пракату...
Праца над філязофскім трактатам
на акрабатычным канаце.
ЛІРЫКА КІРУЕ НАМІ,
НАШАЙ ЯВАЮ І СНАМІ
У мяне ў галаве
лірыка паплыве.
У мяне з вачэй
лірыка пацячэ.
Вусны вабных дзяўчат
лірыку будуць піць.
Можна і горад, і сад
лірыкай затапіць.
Пойдзем усё адно
на лірычнае дно.
Кіслародную сінь
цягнем зь лірычных глыбінь.
Кіруе лірыка намі,
нашай явай і снамі.
У мяне бязь лірыкі ломка
такая, што проста няёмка!
Паболей лірыкі ў кроў!
Пойдзем да дактароў!
Кажуць, што ў кожнай з бальніц
лірыку ўводзяць праз шпрыц!
У горадзе каменных статуэтак
Вершы Віктара Жыбуля