Як думаеце, ці магла ў савецкі час выйсці кніга, дзе першы ж верш пачынаўся б так?

Як прагну вырвацца са змроку,
Пакінуць край жуды!

Калі не ведаць кантэксту, то гэтыя радкі аддаюць не толькі ўпадніцтвам, але і яўнай контррэвалюцыяй. Між іншым, такая кніга і праўда пабачыла свет у 1961 годзе — то быў адзіны беларускамоўны зборнік Арона Юдэльсона, якога ён так і не дачакаўся пры жыцці. Як і астатнія рэпрэсаваныя літаратары, ён быў поўнасцю выкрэслены з літаратурнага працэсу да таго моманту, як прайшла хваля рэабілітацыі. Пасля пачалі выходзіць кнігі, няхай і максімальна "прылізаныя" савецкай цэнзурай.
Даволі характэрны яшчэ адзін момант: аўтар прадмовы патлумачыў, што творца не паспеў шмат напісаць, бо памёр у 1938-м. Такі ж год смерці пазначаны і ў газетнай публікацыі, прысвечанай 75-годдзю паэта. Аднак да гэтых звестак варта ставіцца крытычна: цяпер мы ведаем, што Арон Юдэльсон быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.













Урывак з публікацыі ў газеце “Літаратура і мастацтва” ад 16 ліпеня 1982 года. Крыніца: skolas.jimdofree.com

Нарадзіўся будучы паэт 17.07.1907 г. у Рызе ў сям’і настаўнікаў. З юнацтва ён ўдзельнічаў у моладзевым камуністычным руху і ў 1923-м дэбютаваў у мясцовым нелегальным друку (публікацыі не захаваліся). На той час чырвоная армія была выбіта з Латвіі, а сама краіна была прызнана незалежнай. Аднак гэта не задавольвала Арона: паводле савецкага друку, Юдэльсон "адчуў на сабе ўвесь цяжар капіталістычнага свету". У гэты час і з’явіўся той самы верш пра “край жуды”:

Як прагну вырвацца са змроку,
Пакінуць край жуды!
Але куды?
Хоць свет шырокі —
Куды, куды?

Гэты верш размешчаны ў раздзеле "Блуканні", які ўтрымлівае творы за 1921-1927 гады, калі Арон яшчэ не жыў у СССР. Адпаведна, ніякай крамолы няма: жудаснай паэт лічыў родную Латвію, адкуль прагнуў вырвацца. Аднак куды? Лірычны герой верша не знаходзіць адказу, а Юдэльсон знайшоў. Гэта было ў прамым сэнсе жыццёва важнае рашэнне.












Вучань Арон Юдэльсон, 1923 год. Крыніца: skolas.jimdofree.com

Пасля школы паэт пераехаў у Польшчу, а ў 28-м нелегальна перайшоў мяжу, пасля чаго атабарыўся ў Мінску. Свае ўражанні ён адлюстраваў у паэме "Негарэлае" — з 1921 па 1939 гэтая станцыя была пагранічнай між Польшчай і СССР.

Кроў юначая крынічыць,
Нецярпліва хвілі лічыць, —

Заглушае стукат сталі…
Мчыць цягнік нястомна ў далі.

Шкло дрыжыць, брынчыць ад стуку,
А цягнік — стралою з лука.

Што тут позна, што тут рана,
Калі шлях на ўсход абраны!

Заўважым, што, паводле сюжэту, Арон не ідзе пешшу, як знакаміты кантрабандыст Сяргей Пясецкі, а едзе на цягніку. Ці то былі ў яго дакументы, з якімі ён спакойна пачуваўся на мяжы, ці то проста дадаў мастацкай выдумкі пра цягнік, бо неяк несамавіта трапляць у краіну мараў праз лес. Вось якімі радкамі вітае ён СССР:

З табой навек я, вольная краіна,
І ўжо не ў летуценнях — наяву.

Навек не атрымалася: на жаль, вольная краіна адмерае паэту толькі 10 гадоў.












Крыніца: skolas.jimdofree.com

У савецкім друку Юдэльсон дэбютаваў у 1929 годзе. Вершы гэтага перыяду (прынамсі тыя, што да нас дайшлі) прасякнуты надзеямі і аптымізмам:

Маладосць краіны маладой,
Твоя я, твой — з усім юнацкім палам!
Я іду плячо ў плячо з табой,
Мэта нас адзіная з’яднала.

Пісаў Арон на ідышы і выступаў у беларускім габрэйскім друку. У 1930 годзе паэт паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага інстытута, аднак кінуў вучобу на 4-м курсе. Працаваў у рэдакцыі гэбрэйскай газеты "Октобэр", а таксама на радыё. Калі ўтварыўся Саюз пісьменнікаў БССР, стаў яго сябрам, а неўзабаве яшчэ і сакратаром габрэйскай секцыі.












Арон Юдэльсон і Бася Шур. Крыніца: skolas.jimdofree.com

У 1932-м Арон пабраўся шлюбам: ягонай жонкай стала Бася Шур. Праз год з’явілася на свет першая дачка Міфа. Была ў сям’і і другая — Ізабэла, аднак Арон яе ніколі не бачыў, бо па яго прыйшлі, калі жонка была цяжарная. 28 кастрычніка 1937 года паэт быў асуджаны як “член трацкісцкай арганізацыі, які рыхтаваў тэрарыстыны акт”, да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстрэл адбыўся ў ноч з 29 на 30 кастрычніка.

Жонка не ведала пра смяротнае пакаранне: паводле афіцыйнай версіі, ён быў пакараны да пазбаўлення волі "без права перапіскі". Аднак неўзабаве ў дзверы зноў пагрукалі. Следчыя планавалі адразу забраць Басю, але яна толькі што нарадзіла другую дачку, таму мусілі пачакаць. Жонка паэта была асуджана як “член сям’і здрадніка радзімы” да 8 гадоў калоніі і этапавана ў Казахстан у Карагандзіскі лагер. Старэйшую дачку забрала цётка, а малодшая знаходзілася з маці ў лагеры да 3-х гадоў. Перад вайной яе таксама забрала цётка, але ўся яе сям’я разам з дзяўчатамі загінула ў Асіповічах.
Пасля вызвалення Бася жыла ў сваякоў у Рызе і Бабруйску, а потым эмігравала ў ЗША. Там яна і пахавана.














Дачкі Арона: Міфа (8 гадоў) і Ізабэла (3 гады). 1940 год. Крыніца: skolas.jimdofree.com

У інтэрнэце вершаў Арона Юдэльсона няма. Каб азнаёміцца з творчасцю паэта, прапануем падборку твораў з адзінай беларускамоўнай кнігі "Прывітанне", якая адначасова стала і яго развітаннем.

***

Як прагну вырвацца са змроку,
Пакінуць край жуды!
Але куды?
Хоць свет шырокі —
Куды, куды?

Я на любы цягнік без мэты
Гатовы ўскочыць на хаду.
Здаецца, вырвуся адгэтуль —
І шчасце я сваё знайду.

Але куды?
(пераклад А. Вольскага)

***

Не знаю, што заўтра мне доля рыхтуе:
Ці будзе пакутны, ці светлы мой лёс?
Усцелюць каменні сцяжыну крутую,
Ці словы для радаснай песні знайду я,
Ці ў роспачы ўвесь захлынуся ад слёз?

Сапраўдных сяброў у шляху адшукаю,
Сустрэну ласкавы дзявочы пагляд?
Ці чорная зграя
Мяне апантае,
І крыламі засціць крумкач далягляд?

Не знаю, што заўтра рыхтуе мне доля:
Ці радасны лёс, ці пакуты знайду?
У цяжкім змаганні здабуду я волю
Ці сонца з-за кратаў не ўбачу ніколі?
На ўсё я гатовы!.. Іду…
(Пераклад П. Макаля)

НАДЗЕЯ

Я воддаль бачу аганёк,
Нібы брыльянт цудоўны.
Плыве, мігае аганёк
Прывабны, непаўторны.

Здаецца, кліча: гэй, зважай!
За мною ўдаль імкніся,
Калі знайшоў, дык не губляй
Святла, што ззяе ўвысі.

Я воддаль бачу аганёк,
Праменісты, іскрысты, —
Мігае зорачкай здалёк,
Прывабны, яркі, чысты.

Дык не губляй свой аганёк,
Што ўводдалі ірдзее.
Бо гэта дзіўны аганёк —
І шчасце, і надзея.
(Пераклад С. Шушкевіча).

ПОЗНЯЙ НОЧЧУ

Пры месячным ззянні сяджу ля акна.
Чамусьці маўчаць салаўі.
І дума мяне непакоіць адна
Пра тых, хто палеглі ў баі.

І рана чыясьці душу мне пячэ,
І ледзьве адольваю боль.
А боль несціханы грукоча яшчэ,
Яшчэ незакончаны бой.

Тугу прадсмяротную бачу ў вачах
Салдата, якому не ўстаць…
Зліліся ў адно і надзея і жах,
І з думкамі не саўладаць.

— А можа, як з іншымі ўстану гарой,
Шляхі загародзім вайне!..
І тысячы думак, трывожных, як рой,
Уночы турбуюць мяне.
(Пераклад П. Макаля)

МАЛАДОСЦЬ

Маладосць краіны маладой,
Твой я, твой — з усім юнацкім палам!
Я іду плячо ў плячо з табой,
Мэта нас адзіная з’яднала.

Ты тайгу спрадвечную сячэш,
Пад зямлю спускаешся — у шахты.
Маладосць, ты ўсюды сёння тчэш
Прамянямі вышытыя плахты.

У глыбінях Крыварожскіх руд,
На тарфяных багнах Беларусі, —
Сэрцаў стук, машын няспынны гуд
З мараю крылатаю ў хаўрусе.

Звоніць эшалонамі Турксіб,
Дзе адны вятры дарогу зналі.
Нават дня пражыць мы не змаглі б,
Каб з юнацтвам долю не з’ядналі.

Маладосць краіны! Я цябе
На шляхах нялёгкіх услаўляю.
Толькі той — паэт, хто ў барацьбе
Песню для палёту акрыляе.
(Пераклад А. Вольскага)

Прывітанне і развітанне Арона Юдэльсона


Арон Юдэльсон