танцорка
тваё фіялкавае цела танцавала
бы трубка таксафона ў руках эпілептыка
з тэлевізара побач надзвычайна ціха грала песня
але ты яе чула надзвычайна выразна
бо гэта твая любімая песня
якую ты праслухала амаль трыльён разоў
якую ты ведаеш да апошняга фальшывага акорду
якую ты выштампавала дарожкай пласцінкі на паверхні мозгу
каб раз за разам слізгаць па ёй іголкай памяці
і ўспамінаць яе
успамінаць і танчыць
незалежна ад гучнасці
і яе прысутнасці ўвогуле
ты танчыла так
быццам хтосьці цягне цябе за нябачныя нітачкі
ты скакала і торгалася
як дрэва падчас землятрусу
як ляснутая электрычным токам
як укушаная шалёным сабакам на радванцы
ты скакала так што усё вакол пачало падаць і руйнавацца
карціны паляцелі ўніз
намаляваных на іх персанажаў прыбіла рамамі
кніжкі пападалі
разбіліся з імі выпакутаваныя метафары і алітэрацыі
выбухнуў электрашчыток
іскры з разарваных травінак дротаў камікадзна паміралі
зрывала краны
вада была рада ўцячы з іржавай турмы савецкіх труб
сцены руйнаваліся
развітваліся цагліны са шпалерамі і разеткамі
знесла дах са столлю
галубы застрэліліся бо згубілі інтэрнат
распадаліся шафы
адзенне аўтаматычна стала вялікім натоўпам бамжоў
лядоўня разбілася
мышы што павесіліся ў ім ажылі і спалохана выскачылі з вокнаў
ложак разляцеўся
пачвары пад ім цудам ацалеўшы паўцякалі хто куды
дзверы сарваліся з петляў
зладзеі што хацелі іх зламаць абвясцілі жалобу
гадзіннік у апошні раз пацалаваў падлогу
час цяпер ёсць толькі словам у гістарычным слоўніку ўкраінскай мовы
вокны разбіліся на аскепкі
хуліганы заплакалі бо цяпер няма чаго разбіваць
выбухнуў тэлевізар
…іголка саскочыла з дарожкі мозгу
ты спынілася
азірнулася наўкол і зразумела
што ад твайго дому нічога не засталося
толькі металалом кавалкі цаглін і смецця
што цяпер табе няма дзе жыць
што цяпер ужо…
… іголка раптам вярнулася на пазіцыю
ты зноў танчыш
зноў скачаш
бы трубка таксафона ў руках эпілептыка
падчас нечаканага
бы сюрпрыз
эпілептычнага
прыпадку
шпацыр
калі ты не такі
то не выходзь на вуліцу
бо на вуліцы
абатруць
/міхайль семенко/
шаноўныя мінакі
вымагаю ад вас неадкладнага выканання
майго сціплага пажадання –
не перашкаджайце
я выгульваю свой страўнік
усё па правілах –
ён на павадку
які шлагбаўміць прастору
двухметровай арматурай у колер хакі
вось пашпарт ягоны
ён здаровы ніколі не хварэў
агляды праходзіў і праходзіць у час
…дзе наморднік? –
а навошта? ён жа ж
добры
ён жа ж
не кусаецца
…чаму я яго выгульваю? –
дык гэта…
– апетыту няма!..
вось нагульваем разам
ужо тры дні
бесперабойна ходзім –
з запасам нагульваем
наперад
на ўсякі выпадак
…пельмені ж астываюць
толькі што мая зорачка нябесная зварыла
з гастраному пельмені
харооооооооошшшыя
пельмені
індустрыяльны пейзаж
спёка бязлітасная:
заводы расплавіліся
быццам кавалак сыру
№81-82 кіеў-ужгарад
скрозь электрычныя агні
цягнік на поўдзень мераў мілі
/тодар кляшторны/
давай братка з Богам – дапамажыце з чамаданам пажалуста –
таварышы вашыя білеты – дайце бялізну
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – вып’ю пляшку піва – лепш бы жыўчыка купіў
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – дзе мой бутэрброд? – адчыніце вакно!
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – вось табе на пагоны – уна! – можа ў даміно?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – красвордыыыыыыыыы – а чабурэкі свежыя?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – пазалаці ручку дарагой – сам ідзі нааа…
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – штосьці мяне ўкачала сонейка – бляць да сарціра не мог данесці?
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – кум хочаш анекдот? – што сядзіш як нурсултан назарбаеў налівай
еду
еду
еду
еду
еду
прыпынак – мой – паездка люкс братка! – здаём пасцельнае бяльё!
едуць
едуць
едуць
едуць
эшалоны – і без мяне
едзе
едзе
едзе
едзе
канфедэрацыя вагонаў
ароджаны ранак
všetko znovu začína
a to je zúfalé
/slobodná európa — ráno/*
ранку няма –
зжэрлі на сняданак
запілі кавай пазяханняў
наўмыснае выпадзенне з ложку – немагчымае
вакол яго –
бесперспектыўнасць дня
без ранкестывалю
асінічка
аранішняя
апрыгожая
аранішні
ажытні
ахлеб
адзяўбе
ранку няма –
віна краўцоў
з дэфіцытам аксаміту ранішняга неба
ранку няма –
панарамная параноя майго заспанага эга
ранку няма
па небе
не run
Ра
*усё пачынаецца спачатку
і гэта адчайна
/свабодная еўропа — раніца/ (пер. са славацкай)
сюррэалістычнае
чума вайны –
скелеты будынкаў
танчаць стрыптыз
***
адлегласць – камяк тугі
і сон белага цяпла
у пастках залатой вясёлкі
/алег каверка/
адлегласць –
маршрут
ад мяне
да цябе
засланы
кіламетрамі
лістоў
і фотаплёнкі
адлегласць –
палкія
сантыметры
паміж маёй
пячаткай вуснаў
і тваім
аркушам
скуры
адлегласць –
паветра
паміж
нашымі
гарадамі
адлегласць –
рэйкі
тэлефонных
правадоў
якімі
курсуюць
доўгія
цягнікі
сказаў
і каларытныя
электрычкі
вершаў
адлегласць –
клетачкі
календара якія я
закрэсліваю
адмяраючы
час да
нашай
наступнай
сустрэчы
адлегласць –
даўжыня
магнітастужак
на якіх
запісаная
твая
ўлюбёная
музыка
адлегласць –
сотні
краін
якія мы
з вялікай
асалодаю
і жаданнем
не наведалі
адлегласць –
гэта тое
што нас
раз’ядноўвае
і адначасова
яднае
моцным
зварачным
швом
***
кардыяграма
гадзіннікавага
механізму
стала
шакавальным
бы забойства
гангадзэ
і безапеляцыйным
бы клятва
на Евангеллі
доказам
неперадбачанай
бы першае
юнацкае
каханне
і бяздушнай
бы сацрэалістычная
паэзія
хваробы –
тахікардыі
часу
менавіта
таму
ніколі
ніхто
нідзе
нічога
не паспявае
бо час
праз гэтую
хваробу
кожны дзень
паскораны
рэактыўнейшы
ракетнейшы
просьба
…калі раптам адбудзецца ядзерны выбух
то знайдзі калі ласка вялікі цвік
і пакладзі ў маю правую далонь
усё роўна які будзе той цвік –
крывы ці роўны
ржавы ці нармальны
савецкі ці новы
не пытай мяне “навошта?”
не лічы мяне вар’ятам
мне цвік патрэбны
для адной надзвычай важнай місіі –
я хачу нашкрабаць
на велічэзнай
пафарбаванай у індыга
фанеры неба
нашы імёны
на доўгую
светлую
і вечную
памяць
па дарозе з працы дадому
акварыум вясны
зверху хтосьці магутны насыпаў корм зорак
і мы нібы рыбы з лёгкімі
склееныя абцінкі плоці і костак на нітачках
вытарашчылі вочы на іх і дзівімся іхняй прыгажосці
мы ўсе блукаем туды-сюды па вечаровым горадзе
з цэхаў офісаў каворкінгаў прылаўкаў кас
да кватэр пакояў ложкамесцаў і прасці Госпадзі каханак
мы цягнем патлы сваіх ног па зямлі аднекуль кудысьці
і марым пра выходны
пра адсутнасць працы ўвогуле
пра мора морышча грошай каб не хадзіць на працу
пра ледзяное піва з мальцамі ў двары
пра курватуру
пра танцы пад святлом корму зорак
і падсумоўваем дзень цяперашні
усе ягоныя факапы і перамогі
пра заўтра мы не думаем
вайна ж на двары
планаваць наперад падчас вайны –
справа вар’ятаў
ды дзяржаўных
службоўцаў
Кардыяграма гадзіннікавага механізма
Вершы ўкраінскага паэта Віктара Ноўградзі-Леца ў перакладах Дар'і Бялькевіч