TAŬBIN

Пан Блішчыньскі

Пераклад верша польскага паэта Баляслава Лесьмяна

Баляслаў Лесьмян

Ганна Янкута

Ганна Янкута

Фота Барташа Банкі для Інстытута гарадской культуры

Казіміру Вежыньскаму  
яго жыццёвым змаганням з прывідамі сучаснасці
і заваёўным творчым пераўтварэнням.




Гэты сад, што пан Блішчыньскі раззяленіў у прымроку,
Там, дзе цуд квітнее ў жаху і бязладдзі,
З небыцця быў здабыты блішчавінамі зроку
І ў траве прарос, што мроіла аб садзе.

І калі кашмар шчыруе ў велічным кашмараванні
Між імглой і небам, небам і вадою,
Бесцялеснеюць рукі травяністае здані
Над дзіваннай, над быллём, над лебядою.

Поўны векавечных згадак, Бог такой хвілінай лётаў
Між аблокаў — валацужнай сцежкай, значыць, —
І спыніўся на стыку дзвюх міжзорных сумотаў,
Там, дзе цені мігатліва абыячаць.

Клёнава зашамацела, насупор аднак жа клёнам —
Гэта блытаніна цішы, страта цішы.
"Хто лістоўнасць алеяў разнябыціў зялёным,
Навязаўшы галас гордай гэтай вышы?"

Ціша… Не чуваць адказу… Мчаць аблокі і гадзіны.
Далеч неба — тая ж далеч патайбочча.
Тут у свет з цёмных нетраў выйшаў, бы з дамавіны,
Пан Блішчыньскі: "Божа!" — скрушна ён шапоча.

"Не знішчай ты сёння, Божа, сноў, што высніліся явай
Там, дзе толькі сны, і смерчы, і грымоты,
Я прысады ўцялесніў! Гэта рук маіх справа…
Мой намер… Мае дзівосы і палёты...

Выбач вышуканым кветкам, што я выздабыў з нічога,
Смутак не віні бязродны й пазачасны.
Божа, я вінаваты! Не судзі твор мой строга,
Увайдзі ў мой сад!... У сад… У мой уласны!

Вызнаю Табе празрыстасць і гушчарнасць гэтай веры,
Веры ў іншасвет раслінна-матыліны.
Увайдзі ж у мой сад! Хай ён — толькі хімеры!
Хай ён — толькі міражы пустой хвіліны".

І ўвайшлі яны ў гушчэчу, каб застацца твар да твару
І ўказальнікі жыцця пакінуць ззаду,
І цьмянелі, і моўчкі выступалі на пару
Між прысадаў, між прысадаў, між прысадаў.

Сніўся сад. І ў гэтым садзе вялі вязы, сохлі сосны,
Кожны хмыз там — тагасвету адлюстровак,
Заблукалыя цішы бралі ў ім пад крыло сны,
Не было, аднак, ні соваў, ні баговак.

У найбольш далёкіх зорак папрасіла схову неба,
Прабадаць аблокі рогам месяц скеміў.
У пяску душы мёртвых мільгацелі: ім трэба
Новых смерцяў, а па смерцях — волі ў цемі.

Выспавая залацістасць бліскае ў глыбі алеі —
Тую выспу спудзіш нават рухам броваў.
Вось і поўнач у лісці светлякамі хлусее
І трывожыць рэзрух высненых дуброваў.

Пан Блішчыньскі клапаціўся, каб заклён дубам не муляў,
Каб гучалі як жывыя шум і пошум
І каб існы лішайнік ядавітай брыдуляй
Пасаваў няісным дрэвам-лістаношам.

Спраўджваў ён, ці птах-лілея ў прышласць жаўрукуе спевы,
І ці першы вуж-цюльпан між весніх кветак,
І змушаў ён вачыма неслухмяныя дрэвы
Прыпадобніцца да звыклых так ці гэтак.

Надта ж дзіўна небывалкі шчэрыліся ў кветаложах,
Гнула дрэвы злое вечнасці навала.
Жвір няпэўны і хрусткі пад нагамі прахожых
Існаваў — і ўжо яго не існавала.

Так яны ішлі, аж выйшлі ў заглушэлым відмакраі,
Там, дзе цень дзяўчыны вочыў даляглядка —
Яе вусны і грудзі, сны, што ўночы збірае,
Так імгляць, каб іх кахалі даастатку.

Яе вейкі — залатыя, досць тых веек, каб заднела
Дно азёр уяўных — месца смерці ўяўнай.
Крыллем хваляў няспешных адступала нясмела
Яе коска з плеч, вяртаючыся спраўна.

У яе Бог кінуў погляд, а яна з імглы спавою
Сінь пустэчы ў вочы ўяўныя ўвабрала.
"Хто ёй творца?" — "Ніхто, бо не была ні жывою,
Ні памерлай — не жыла й не памірала.

Я шукаю ў ейных пасмах траў быцця, аскепкаў поўні —
Толькі марна мару аб зіхцістым цудзе ж!
Так мяне мілажаліць той нябыт прывідоўны,
Будзь ласкавы да яго... Я знаю — будзеш.

Выцяў я свой сад з цямрэчы, адарваны ад прычыны,
Сцежкі ў пустцы вёў і з кветак там вязьмо віў —
І ўжо ўсё разумею, кром таемнай дзяўчыны,
Кром тае, што я кахаю". Бог бязмовіў.

"Досыць дбання ў сонных рэчах, стомы досыць у мярцвяччы.
Сад мой трызніць іншы раз лісцепазбыццем...
Божа, шчодры ў аблоках, дай паразы і ўдачы
Тым, што знаюць: іх няма — ды быць карціць ім!

Што ў Тваіх абсягах стала?.. Просяць даць ім цудаў хмары...
Моляцца на сподзе свету снегавеі.
І раптоўна — дзяўчына ў тым бясчасным кашмары
За мяжой жыцця бяздумна целавее.

Дык наблізься, чорны бераг! Дык наблізься, сіні вечар!
Што ж сабака мой завыў ад замарокі?
Ці з халодных тых вуснаў столькі дзіўных плыве чар
Для таго, хто ў скрухі верыць і сурокі?

Знаю я нядолю ўшэсцяў і ўваскрэслых вуснаў смутак!
Плач у зелені... Канец жыцця зямнога...
І ўсё гэта баліць мне... Сам сабе я балю так!" —
Пан Блішчыньскі заклінаў абсяг і Бога.

Толькі Бога не было ўжо — і дыхнуў на кветкі морак.
"Божа, злітуйся!" — шапталі здані ў нетры.
Той жа, сны блаславіўшы, да наступных плыў зорак
Праз паветры, палахлівыя паветры.

Свет мінае і мінецца — так з нябёсаў ён прыкмеціў,
І вада на камянях асвеціць сненне...
Пан Блішчыньскі ў нямое шэпча вуснаў суквецце:
"Хісткі ценю, марны ценю, дзіўны ценю!

Заблакітней — адблакітней... Гавары й недагаворвай!..
Гэта тут — сусвет, дзе страціла сябе ты?
Мо табе прыналежаць па-над іншаю прорвай
Іншы сад, нябыт — і іншыя сусветы?

Існаваць не пачала ты ні ў паўсне, ні на пагосце,
Следу ног тваіх яшчэ не знала квецце, —
Я ў цябе закахаўся пасярод нічагосьці,
Змрочнасць вырачыў тваю на тагасвецце.

Ці з табой ісці ў глыб жалю, ці ў глыб іншае даліны,
Аж да смерці свету, што нябёсам сніцца?..
Да цябе як цягнуцца — небывалай дзяўчыны?
Ты — мой зыб, каханы твар, мая імгліца.

Гэта рэшткі маіх лёсаў: злая ноч і дзень сцярвятны,
Гэта — сполах чар, які ў каханні тоне.
Ад нябыту да вуснаў — толькі крок акуратны,
Ад бяздоння праз дрыготку — да бяздоння!

Сніцца лісцю — бесканечнасць, сніцца чоўну — вод аблічча.
І адрынутых заранак блякнуць промні.
Смерць у прах нас рассмешыць ці нас з новых слёз вытча, —
Ўсё адно, апошні дых, усё адно мне!

Ноч заб'е нас — не мячамі, а канваліяй і ружай,
І маўклівасцю магіл, і ўздыхам дрэўя.
Ты ж схапі сутнасць ночы, пацалуй — і адужай,
Каб ні следу ад яе ўжо не сустрэў я!

Здані мараць захлынуцца ў нечаканым шматмагіллі,
Іх нястачу ў сне не назавём бядой мы.
Спіць мой прывід у яры – на смарагдавым схіле,
Ценю, абудзі яго, вазьмі ў абдоймы.

Там, у высі і найвысі — ад галінаў і да Бога
Срэбна сноўдаюць бязгуччы і ніштоты.
Пра цябе так дзівосна я не ведаў нічога,
Што няведа для мяне — замест пяшчоты".

Змоўк раптоўна пан Блішчыньскі і пабачыў, што ў балонях
Прыбывала і агеньчыкаў, і конаў.
Ён у вуснах кахаўся, у грудзях, у далонях
І часоў мінула розных незлічона.

Ён абняў яе рукамі, даабняўшы пацалункам,
З зор вачам дадаў відушчых залацінак,
Цень жа чэзнуў, самотнеў, бо, адданы лятункам,
Ён не ведаў пра каханне і спачынак.

Ноч бізун спляла іскрысты з блікаў, варажбы і дзіваў,
Каб хвастаць ім неслухмяныя грабніцы,
А на месяцы цьмелі рыскі гор і праліваў,
Між якіх — адно аддаль і смутак ніцы.

Змрок скуголіў у таполях, а нішто свістала ў клёнах,
Палыхнулі ў месяц смерць і павуціна...
Пан Блішчыньскі ўсё скеміў, і ў вачах утрапёных
Горыч бліснула: "Растане ў ноч дзяўчына!"

І растала ў ноч — дзівосы, сном зачатыя, зляцелі,
Вусны, грудзі, рукі сцёрты тагасветам.
І распалася цела на жалобу па целе
І няведу пра яе — і ўсё на гэтым.

Не памерла — ды памерлі яе водбліскі ў азёрах.
Тагасвет канаў. Расплыўся цуд бясследны.
Вечнасць, ты бытавала з ёй у гэтых прасторах!
І быў бледны пан Блішчыньскі, вельмі бледны.

Пераклала з польскай Ганна Янкута
Scroll to Top

Discover more from TAŬBIN

Subscribe now to keep reading and get access to the full archive.

Continue reading