ПРАЛОГ

Вецер пора роўнядзь мора, карабель люляе.
Чутны галкі клёкат палкі: порт ля небакраю.


Песня І

Калі, о мой сябра, гуляеш у карты ці з келіха п'еш ты,
з'яднаўшыся, бы ў ліхаманцы, з туманам дарэшты,

глядзі, каб пасля не плаціць за пацеху задорага –
каб цень не сышоў твой і ты не нажыў сабе ворага.

Паслухай: у нейкім мястэчку ля самае прыстані
ужо сакавік углядаецца ў мора іскрыстае.

Бы кветкамі, гавань убраная там каравеламі,
дах неба над ёю залаплены хмаркамі белымі.

Над ёй уздымаецца кран, бы вялізны каромысел, –
над горадам-садам, дзе гандаль квітнее і промысел.

Над суднамі ветразі высяцца там абеліскамі,
сцягі на тых ветразях яркімі барвамі бліскаюць.

Ад ветру шурпатыя твары – матросы на палубе,
у ціхія ночы па рокаце хваль згаладалыя,

у школе вятроў і тайфунаў пазнаўшыся з бедамі,
што ў кожнай нявыкрутцы страх перамогуць, не ведаюць.

І гоман абэлтухаў песняй разносіцца гулкаю,
і зграбны стаіць капітан каля борціка з люлькаю.

Барозны ад лінаў пасеклі далоні бязлітасна,
і чуб пасівеў, бы мукою прысыпаны сітнаю.


ТЛУМАЧЭННЕ

На дварэ – буралом,
а ў карчме за сталом,
выпіўшы джыну збан,
з чортам грае ў карты
(а гэта не жарты)
малады капітан.


Песня 2

За спінай застаўся базар, неахайнае торжышча.
Гэй, вецер, гэй, вецер, іграй нам, палотнішчы торгай шчэ.

Стаіць стырнавы, нібы чапля, заўжды пры штурвале,
напятыя мышцы людзей – з іх бы ліны звівалі.

Вятры заблукалі – і поўзаюць, хвалямі плёскаюць,
і ноч выязджае з-за краю цямрэчы павозкаю.

Ужо малаком па вадзе разышоўся бляск месяца,
а хутка і хмаркі сцяжкамі на мачтах развесяцца.

Сярдзіта лапоча сцягамі тайфун, нібы косамі,
калышацца судна, набітае шчыльна матросамі.

Штодня і штоночы плывуць яны воднымі пожнямі.
Даўно не вітаў іх на дрэве зялёны атожылак.

Гэй, дні – і вузейшых цяснін, і шырокае далечы!
Усё прамінае – хутчэй, чымся ляскат нагаечны.

І час не спыняўся, у лёце шалёна паскораны,
ён боль карчаваў, вырываў яго з сэрца да кораня.

Ды за капітанам ганялася нешта пякучае,
дзівоснае нешта ўнутры прыгнятала і мучыла.

Кіруюць на поўдзень яны, дзе ўзвышаюцца пагады.
Ніколі для гэтага сэрца не знойдзецца злагады.


ТЛУМАЧЭННЕ

На дварэ – буралом,
а ў карчме за сталом
зноўку ліецца джын.
Няшчасны, няшчасны,
чорту цень прайграў уласны.
Толькі каханне і джын лекуюць сплін.
Тут крутаверць,
там крутаверць!
Толькі мора, каханне і джын лекуюць смерць.


Песня 3

А вось і вяртанне – ад бураў, макрэдзі і горасці –
галодных, змарнелых і ўжо без калішняй бадзёрасці.

Прычаліў, прыплыў карабель – ён нарэшце швартуецца.
Мінаюць вар'яцкія дні з шумам мора і вуліцы.

Марацкія песні плывуць па тавернах у гавані –
віно для нябогаў, зламаных тугой і ўраганамі.

І тысяча лямп у распешчаным горадзе бліскае.
Бароды калматыя, целы дзявочыя блізкія.

За хваляю хваля да ветру трапляе ў нявольніцы.
Рагочуць матросы – шчацінне іх шорсткае колецца.

Хрыпіць саксафон і хіхікае басам за скрыпкаю,
і добра тупочацца ў танцы з мелодыяй дзікаю.

П'яныя танцоркі віхляюцца ў скоках без сораму.
Ды што капітана ўратуе, паможа што хвораму?

Цалуе ён вусны і п'е напаследак, каб шчасціла,
ды цень яго – скок са сцяны і вакол ужо шастае.

І келіх са звонам упаў, і ў карчме засутонела,
і цень закружыў капітана, узяўшы ў палон яго.

Дарма ты крычыш, капітан, і гукаеш аб помачы.
Усе паўцякалі. Ні гуку, ні водгулля поначы.


ТЛУМАЧЭННЕ

На дварэ – буралом,
а ў карчме пад сталом –
апусцелы ўжо збан.

Больш не будзе піцця,
пад сталом без жыцця –
малады капітан.


ЭПІЛОГ

На небе зоркі пачалі сям-там пералівацца,
а іх бялюткае сяйво – у хвалях люстравацца.

Пераклала з украінскай Ганна Янкута

Балада пра цень капітана

Багдан Ігар Антоныч