Бронзавыя звязкі
Апроч верша "Тэнісісты", перакладзенага спецыяльна для гэтай публікацыі, нізка "Бронзавыя звязкі" змяшчалася ў выданні серыі "Паэты планеты": Багдан Ігар Антоныч. Вершы. Пераклад з украінскай. Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2022.

Нізка вершаў "Бронзавыя звязкі" ("Бронзові м’язи") з кнігі "Вітанне жыцця" ("Привітання життя", 1931)

Багдан Ігар Антоныч (1909−1937) — украінскі паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, творы якога былі пад забаронай у СССР. Шырокую вядомасць яго творы атрымалі толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Антоныч зрабіў моцны ўплыў на ўкраінскую паэзію ХХ стагоддзя.

1. Песня спаборнікаў
(Пісня змагунів)

Любім сонца мы і спорт,
песня нашая заўжды ў мажорнай гаме,
любім выперадкі мы ў бурлівым гаме,
проста, без вагання ў порт
човен наш плыве.
Гімнастычны крок
грукае па пляцы, быццам барабан;
так выстукваецца наш жалезны ямб.
Пырскае пясок.
Любім мы: напругі пот,
просты погляд, далеч, рытм і шлях угору,
промень сонца, ўсмешку, вольную прастору,
пругкіх хваляў смелы ўзлёт.
Мы не паддамося стоме.
Ад
працы сэрца не заломіць.
Сонца смаліць так, што целы ззяюць бронзай.
О, яшчэ рэкордаў мы здабудзем розных:
нават свету зменім мо
лад.
Дзіда свішча — з рук ідзе — ды
лашчыць дыску ляск.
Па-над гоманам заўзятым
кулі срэбны бляск —
ловіць мякка мяч.
Мы не ведаем няўдач,
нам:
роскаш небяспекі,
радасць перамогі.
Не баляць нам ногі,
як трымаем марш,
дужа, як дэйнэкі[1],
смела, як ушкалы[2],
найвышэй, на скалы.
Строй наш —
вечнае вясны зялёны бэз,
махам рукі, маршам нагі
мы вітаем сонца зрэз —
бронзавыя, зграбныя багі.

2. Бег 1000 метраў
(Біг 1000 метрів)

Подыхі свішчуць у глыбах лёгкіх,
што як лятучы шар.
Плыву ў крылатым ног палёце
ў сіні абшар мар.
І ані руху рукамі, і ані руху нагамі;
як скамянелы, стан.
Я толькі торсам узворваю воды,
толькі паветра рву перашкоды,
быццам жалезны танк.
І ані ўзмаху ног, і ані ўзмаху рук;
закамянелы рух.
Я выпушчаны са стрэльбавай кулі стрэл,
я выпнуты лук,
узвіхраны ветру дух.
Дзесь пада мною ў бок адваротны
белым каскадам
плынь пяску мкне.
Дубовым таранам на грудзі мне падае
ды нібы градам,
у вочы мае
зернем б’е.
О белы туман пяску! Цябе я самну;
мэтаў не зломіць плот!
О вясёлка з пяску! Цябе я сагну;
ты яшчэ спыніш свой лёт.
Куды ні зірну, куды ні зірну —
сотні вачэй з імглы,
позірк — удару грук,
пугі выгукаў тнуць,
кожны гарпун люты, злы.
О, не трэба воплескаў, не трэба, не!
Дарма не злучайце рук.
Вашага энтузіязму павук
гаці не створыць мне.
Я не спынюся ніколі, не спынюся ніколі;
як
фінішу стужку парву,
у сінім растану полі.

3. Скокі з жэрдкаю
(Скок жердкою)

Набраў паветра ў грудзі,
аж засвісталі гукам флейт.
Узнёсся шост угору;
так дзюбу ўзносіць птах,
калі ўзлятае ледзь.
Нібы слупамі ў глебу,
нагамі ўбіў сажнёвы крок.
Наскрозь прабіты вецер.
Ад ног адно галоп.
Угору стрэліў скок.
Штурхнуў сябе, й жардзіну
адкінула назад рука.
Залапаталі ў ветры
з нагамі рукі ўраз,
як крылы ветрака.
Хай з алавяным целам,
здаецца, лёгкі, нібы ліст.
Шкада, не затрымацца,
бы ветразь па-над крыкам
мас,
паволі ўпаў уніз.

4. Дзяўчына з дыскам
(Дівчина з диском)

Гляджу знямелы, захаплення поўны,
і слова з вуснаў вырвацца не можа,
гляджу на стан твой, горды, зграбны, гожы,
як ты стаіш, застылая ў разгоне,
краса Дыяна з поўняю ў далоні.
Рука з птушынай лёгкасцю кранецца,
Як узрушае гэты рух імгненны.
Не бачу ўжо нічога я, ды пэўны:
натоўп абудзіш ты шаленствам герца[3],
маё, нібыта дыск, ты кінеш сэрца.

5. Тэнісісты
(Ситківка)

Роўная пляцоўка. Шоўкавы пясок.
Ніцяны масток сярод квадрата.
Спрытна сноўдаюць ля сотаў з боку ў бок
Хлопцы ў белым, белыя дзяўчаты.

Яснасць мерных, круглых, роўных рухаў,
Беласць плям на зіхатлівым полі.
Бы чародка бестурботных духаў
Грае жэрабем уласнай долі.

6. Дужанне атлетаў
(Змагання атлетів)

Суддзя з ільсняным тварам, быццам бонза,
яго свістка пранізлівы сігнал,
у позірках — узрушанасць, запал
і плёскат рук, і майго цела бронза.
І вось у поўнай моўкнасці далоні
мой пераможны кубак узнялі,
а побач мой сапернік на зямлі,
удала звалены ў двайным нельзоне.
Я грэцкі бог, антычная статуя,
выходжу з ганарліваю павагай,
дарма што воплескі яшчэ віруюць.
З маім здабыткам крочу на спачын,
я піць хачу, я ўвесь палаю смагай,
да губ падношу келіх — там палын.

Пераклад з украінскай Веры Бурлак (Джэці)


[1] Узброеныя дручкамі сяляне, удзельнікі паўстання 1657−1658 гадоў у Левабярэжнай Украіне.
[2] Рачныя разбойнікі.
[3] У запарожскіх казакоў — паказальны выступ перад боем з мэтай псіхалагічнага ўздзеяння; таксама — двубой, бойка.
Багдан Ігар Антоныч