Павел Капанскі
Песня для лялек
Айна Вілангер (н. у 1979 г.) — нарвежская пісьменніца і паэтка.

У 2021 годзе яна апублікавала сваю чацвёртую кнігу — лірычную гісторыю "Onkel Arne og månen ", заснаваную на дзённіку сноў яе дзядзькі 1967 года. У 2022 годзе выходзіць у друк яе пераклад Эн Сэкстан "The Notebooks"(1974). Раней яна разам з Кірсцін Рэфструп пераклала з германскай на нарвежскую "Hexentexte" Унікі Цюрнс (2019).

Айна таксама піша тэксты для трупы лялечнага тэатра пад назвай "Theater Corpus". Яна атрымала стыпендыю "Tanum woman" у 2018 годзе, і прэмію "Stig Sæterbakken memory" за 2019 год.

1.
Я лялька?
Я — лялька!
Я сню? ці я танчу?
Я дурніца і какетка
Амаль жывая
З мяккім містычнапластычным целам
Мой безаблічны падрыхтаваны да ўсіх эмоцый у свеце
Мова нябачнай змяёй выпаўзае праз мае сцятыя вусны
У мяне дзве спрытныя куксы замест рук
Вось мае ногі: палова і цэлая
Фу! Якія ў мяне брудныя вушы!
Бачыш мае сляпыя вочы?
Бачыш, што я цябе бачу?
Тут пачынаецца
падарожжа ў краіну мрояў
найдальшы кут рэчаіснасці,
што прыхавана ў гэтым падсусвеце?
Дзівосныя цуды і фальшывыя дзівы
Танчаць талеркі ды коцяцца косткі
Ці лялька — капітан, лялька — барадатая жанчына?
Ці вулічны спявак з Парыжу!
Кветкі спяваюць і срэбраны дождж у паветры
Канешне, я магу чараваць,
чараванне і ёсць
спачуванне

2.
Аднойчы я была дзіцячай лялькай
Клапаціліся пра мяне з любоўю
Апраналі ў строі і капелюшы
Наўкола мяне парцаляваныя маскі ды маленькі посуд
Алавяныя жаўнерыкі і шыпастыя фантастычныя фігуркі
Дзіця цягала мяне паўсюль
нібыта я таксама была дзіцём
Мяне любілі і шпурлялі з фатэля ў партфель
як нармальнага плюшавага мішку
з адарванай галавой
А! Старажытнае лялькавае чараўніцтва!
Маё мінулае зашыта
у кожным шматку тканіны, кожным гузіку, кожнай нітцы
Ці ж мая дзівацкая адзежа не прыгожая?
Толькі памятайце, нішто і ніколі не можа дасягнуць сваёй мэты

3.
Маё зледзянелае цела
няроўная хада
пусціпавалюся
я не прапарцыйная?
Добра выхаваная і нязграбная
але паслухмяная, як гадзіннік
Так, я зраблю, як скажаце, гаспадар!
Мой уладар, кіруй мной, як заманецца
І я знайду тое, чаго нават не шукала
Душу?
Хутка я зноў памру
але спачатку стану чымсьці іншым
Прадавачкай газет Соняй, што ня ўмее чытаць
Сабакам, што хоча навучыцца жангліраваць?
Ці ж няма нічога больш займальнага
чым убачыць, як нешта мёртвае
абуджаецца да жыцця?

Пераклад з нарвежскай Паўла Капанскага
Айна Вілангер
Фота: Баард Хэнрыксэн