te amo, mark sandman

пазваніў мне ноччу
гук нокіі выхапіў са сну
як галодны тамагочы.
ты запытаў: хочаш па горадзе зараз
праехаць?

уключыла cure for pain
ты запаліў папяросу. мы шукалі
Oratorio de la Santa Cueva
робячы самакруткі з мокрай паперы
а раніцай
ты злізваў з маіх салёных
пальцаў pescaíto frito, папіваючы
херэс.

зараз жывеш на coucil
estate над італьянскай ежай навынас
кажаш, што пазнаю цябе па
агню, што тлее на тваіх
вуснах. але хтосьці нядаўна
расказаў, што ты памёр.
можа гэта проста супадзенне імён
бо пішаш мне часам
смскі на свае нарадзіны
і Рош ха-Шана. і калі ідзе
дождж.


сукенка

апрану тую квяцістую сукенку
на якой гарошак змагаецца з белай ружай
за першы план. легкадумна
замоўлю cabrillas con tomate.

вечарам у гатэлі будзем
глядзець parts unknown і выйдзеш
на балкон пазваніць сваёй
дачцэ. мая сукенка абаўе твае
лыткі ад павеву лёгкага брызу.

добра табе ў гэтай сукенцы.


шукаем oratorio de la santa cueva

нехта прыехаў сюды спецыяльна
зрабіць прапанову сваёй дзяўчыне
пад Catedral de Cádiz. Noches en los jardines de España пахне
noomi basra (чорнай цытрынай)
настурцыяй нарцысам і брызам
з мора якое блытае мае валасы.

шукаем Oratorio de la Santa Cueva.
і propose the toast to my
self control які мае сэнс толькі
тады калі ты стаіш побач.


назіраем паказ фламенка на вуліцы ў Кадыксе

я ўбірала водар тваіх
папярос калі зрабілася цесна
ў натоўпе людзей
назіраючых за фламенка. танцорка
нібы атлетка і яе татуажы схаваныя
пад чорнай сукенкай. ты здымаў
яе з мяне апоўдні ў гатэлі
нагрэтым музыкай і херэсам.


італьянскае лета

лета ў 1999 было спякотным як
ў 1897. д’ябал прагульваўся
вулачкамі Палестрыны і замаўляў
carciofi alla giudia. заўсёды бяры
страву з дошкі якая вісіць над прылаўкам
у астэрыі, сказала перад тым як
прайсці праз брамку
сціскаючы ў далоні квіток. і заўсёды
памятай, што гэта можа быць
квіток у адзін бок, дадала
перад тым як забыць
мапу твайго твару.

Італьянскае лета