Верасовы эль
Галаўэйскае паданне

Варылі верасовы
Напой здавён-даўна,
За мёд быў саладзейшы,
Хмяльнейшы ад віна.
Варылі яго разам
І неслі ў цёплы дом,
І ў шчаснай асалодзе
Бавілі дзень за днём.

Ды вось кароль шатландскі,
Што згубу нёс паўсюль,
Пайшоў вайной на піктаў,
Цкаваў іх, як казуль.
Доўга яны ўцякалі
Ад лютых ваяроў,
А па змярцвелых пустках
Лілася жывая кроў.

Расцвіў улетку верас,
Усюды хараство,
Ды не знайшлося ўмельцаў
З яго зварыць пітво.
Малыя півавары
Пад змрочнаю гарой
Спакой сабе адвечны
Знайшлі ў зямлі сырой.

Кароль між пустак едзе,
Верас буяе наўкол;
Кулёны ціха плачуць
Сярод гудзення пчол.
А ў караля ад гневу
Аж чырванее твар:
"Хто элю нам наварыць?!" —
сярдуе валадар.

Ды неўспадзеў васалы
Разгледзелі здаля
Дваіх маленькіх піктаў —
Здабычу для караля.
Пакінулі зацішак
Падлетак і стары,
Бязбоязна маўчалі
Апошнія майстры.

Кароль сядзеў пагрозна
На баявым кані
І кволых чалавечкаў
Разглядваў з вышыні.
"Няўжо вы хочаце смерці,
Замала зведалі бед?
Я вам жыццё, паршыўцам,
Пакіну за ваш сакрэт".

На строме ў бацькі й сына
Перахапіла дух.
Грымела ўнізе мора
І верас цвіў наўкруг.
"Кароль, — прамовіў бацька,
Стрымаўшы цяжкі ўздых, —
Давай на пару словаў
Адыдзем ад усіх”.

"Старым жыццё дарагое,
А гонару — грош цана,
Я таямніцу адкрыў бы,
Калі ўратуе яна".
Голас яго вераб’іны
Выразна быў чуцён:
"Я таямніцу адкрыў бы,
Калі б не маладзён.

Жыццё юнакам забава
І смерць — не вялікі жах,
А я не змагу прадацца
У хлопца на вачах.
Скруціце яго, звяжыце
І кіньце ў бездань вод,
Тады раскрыць вам тайну
Здалею без турбот".

Схапіўшы хлопца, жорстка
Скруціў яго васал
І звязанага скінуў
З высокіх цёмных скал.
Мора яго забрала,
Зароўшы яшчэ люцей.
Са стромы зорыў бацька —
Апошні з малых людзей.

"Праўду сказаў табе я:
Надта быў сын малады —
Мужнымі не бываюць
Хлопчыкі без барады.
Цяпер і агнём не вызнаць
Тайну маіх зямель,
І разам са мной загіне
Наш Верасовы Эль".
Роберт Льюіс Стывенсан