ДЗЕ БЫЛА ПАВІТУХА МАРЫІ

загадвалі ёй анёлы: дыхай! цярпі!
а цяпер вось пніся, марыя! ты зможаш!
ці яны зазірнулі толькі каб пасвяціць?
як ёй было ў першую ноч з дзіцем і разрывам прамежнасці
там, у хляве, дзе бык і асёл глядзелі на іх і жэрлі з ясляў
дапамагаў ёй язэп, удаючы, што ўсё разумее
ці яна давала рады сама, вынаходніца штучнага апладнення
што заснавала лапікавы клан, першы з часоў алімпа
бог трымаў яе за руку? ці язэп?
бог праў прасціну, аціраў анучай гарачкавы лоб?
ляжала яна на саломе, якая калола так, што потым гнаіліся ранкі?
што рабіла б марыя, калі б дзіцёнак захрас?
ці падарылі ёй тры каралі залачоны лактатар
ці замяшалі міры, каб хутчэй зажывала
ці абкурылі ладанам, каб абязболіць?
марыя з дзіцем выжылі ў тую ноч, вось дзе сапраўдны цуд


PLAC ZBAWICIELA

трамвай на plac zbawiciela
жанчына жуе між калон
белы хлеб з агурком, у вёдрах цюльпаны
на продаж

з кальца рукавамі ракі
разыходзяцца вуліцы
кола млына ў сярэдзіне
места

дзверы касцёла гартанная змычка
ў гуле малітвы
апошнія пальцы зімы
драпаюць шыю і растаюць

на сонцы чай, паднос і планшэт
plac hipsterów
колькі ўжо кіламетраў
кельнер набегаў

вентылятар над барам
вось-вось прыбяруць
вясёлка якую спалілі
падчас бела-чырвоных маршаў

балконы крышацца
стары будынак
з вырваным малочным барам
умацавалі сеткі

умураваныя ў сцены
рабочыя замёрлі
па стойцы смірна
усюды аркады


ЖАНОЧЫ ГЕРОЙ 2.0

прынц дарлінг трасе скіпетрам
робіць гучнейшым свой мікрафон
каторы раз паліруе нагрудны даспех
з дабрачыннымі мэтамі выстаўляе яго на аўкцыён
ягоны ацёчны конь
стаіць з шорамі ў стайні
у гусі-ды-лебяду гуляе з курамі
прынц дарлінг бярэ свежы фігавы лісцік
і піша на ім я фемініст
шрыфт даволі вялікі
пандора мусіла ўхвальна
паляпаць яго па плячы
золатка, я памагу табе з дзецьмі
усхвалявана ўсклікае ён
са сцэны, ловіць букет
няёмкія паўзы ў размове
ён запаўняе смешнаю байкай
ты, вядома, можаш стаць поплеч, пандора
я ўсё жыццё за гэта змагаўся
а мне, каб ты знала, пяць тысяч гадоў


ПЛЭЙБОКС ПАНДОРЫ

кажуць, што быў калісь адзін паўбог
які агонь у бога скрасці змог
яго аддаўшы людзям
каб адпомсціць, абкрадзены жанчыну выкаваў
пандору, што ў бляшанцы, куфры, вазе
трымала ўсе няшчасці свету
і мусіла пайсці за брата таго паўбога
такі быў план, такі пасаг
і першы ж песнятворца гесіёд яе віну
ў пяцідзесяці вершах распісаў
так евай сталася яна, усе астатнія былі пасля яе
і гётэ тры тысячы гадоў пазней увершаваў пандорай
дзяўчыну, што пакінула яго, старога
усім адорвалі яе, усім адорвала яна
адна надзея заставалася пры ёй
пакуль яна за словам слова гэтыя гісторыі
ўзрыўчаткай напаўняла, а потым кінула запалку
надзейных звестак пра яе знаходжанне няма
было хіба што віруснае відэа
яна на сцэне ля мадонны
бляшанку адкрывае, націскае плэй


ПАРТРЭТ МАСТАЧКІ-МОНСТРА

няма ў мяне лускі, няма арагавелых нарасцяў
няма смярдзючай пашчы, гнойных вадыроў
змяіных валасоў, няма і кіпця
што свідруе вушы ўдзельнікам ток-шоу
мяне яшчэ ніхто не бачыў
са спаленаю спінай, з хулахупам
ідучы ў начную краму
я не вешаю на пояс сабачых лап, бутэлечак з атрутай
калі б я знала загадзя свае жаданні
то стала б маці, як усе, паводле алгарытму
днк цяпліца. калі я стаўлю палкі ў колы
з’яўляюцца блакітныя сірэны не для таго каб выць святлом
ці вабіць гоншчыкаў. Яны бяруць мяне
да мелавых кар’ераў, вучаць спеву:
шукай нас у падземных сховах
не трэба мне змяінай скуры, клюшняў
рыбінага хваста і чорных кіпцюроў
мне дастаткова слова ад цябе, узмаху веек
калі ты на мяне зірнеш і ўбачыш монстра
скамяней


БАЦЬКАЎ ГНЕЎ

бацькаў гнеў кідаў рэчы па доме
упартую дошку
што тырчала з лакіраванай падлогі
ляльку хрыста, якая ўпала
с засохлай галінкі каляднай яліны
пакінутае
нованароджанае кацянё
потым было тлумачэнне, ён адчуў сябе ў небяспецы
праз наш пацалунак у доме на дрэве
мабыць высачыў дронам
іначай ён бы не здолеў
мы ж наўмысля завесілі шчыльна
заслоны з лісця і пагасілі ліхтарык
вусцішна было ўнутры
занеслі ў кнігу з пазнакай часова
расказвалі міфы еўропы
каб там былі адно лесбіянкі
цешыліся, што між чарвякоў у лістоце
адна адну не згубілі з вачэй
разам садралі нашы касцюмы трусіка бані
каб нас няспынна несла ў атракцыёне жахаў


СЯМЕЙНЫ ПАРТРЭТ

маці гэта кактус, яе пацалункі колюць
бацька гэта аса, бо падчас вячэры
яна насаджвае яго на відэлец
каб ён ёй даць джала не здолеў
дзіця гэта пыласос памерам з далонь
які жарэ яе час. маці і бацька
яго так турбуюць, што ён свой пылазборнік рве
і кроў на паліраваныя дошкі плыве


ЛЕКСІКОН

выкраслі бацьку, выкраслі маці, выкраслі сына
дачку, дзіця, радзіму са свайго лексікона
бабулю, дзядулю, цётку, дзядзьку, апекуна і кантроль
выкраслі са свайго лексікона, выкраслі ўладу
родавыя шляхі і шлюб са свайго лексікона
выкраслі словы-зомбі
што коцяць праз тваю мову
каб вычарпаць мозг
і не дай сябе ўпэўніць
што яны жадаюць толькі дабра
бо яны прыкрываюцца пухкімі словамі
матчына мова
бо калі аварыйны выхад
у цябе за спінай
іх рукі раптам б’юць праз сцяну
закалыхваюць
хапаюць за горла
так што ты можаш толькі рыпець
бы ржавыя абцугі
робяць цябе сваім інструментам
з якім яны могуць усё
катаваць, спяваць


ФЛАНЁРКІ

мы не змаглі б спыніцца пад ліхтаром
як парачка закаханых у дуанó, і потым проста пайсці далей
быццам мы заўжды былі на гэтай карцінцы
пакуль нам крычаць лесбіянкі. гермафрадыты. хворыя на галаву
хацелі б мы на шырокіх бульварах
адно назіраць і апісваць. не насіць камуфляжу
ад гэтых позіркаў не цярпець на шпільках, у кепках, ружовых
бомберах
у спадніцах, боксерах ці завялікіх кашулях… ды напляваць у чым
яшчэ не хутка мы зможам спакойна фланіраваць

Падборка друкуецца паводле выданняў "Kippbilder" (2019) і "Pandoras Playbox" (2022), Verlagshaus Berlin.

Пераклад з нямецкай Ігара Крэбса

Плэйбокс Пандоры
Анна Хетцэр
Ігар Крэбс
Фота Дзірка Скібы
Фота Дар'і Роскач