Надаў Лініэль
נדב ליניאל
Nadav Linial

Сем дзён

Нібыта ў доўгім-доўгім сне
дні павярнулі назад:
спачатку быў адпачынак
подых жыцця
пасля чалавек
знік з улоння зямлі
і ўсё жывое
згарэла трава
не стала свяціл якія кіруюць днём
ку́пала водаў — рэзервуара для слёз
дня і ночы
тонкай мяжы што аддзяляе святло ад цемры
хаос
твар бездані


Гай Пэрэл
גיא פרל
Guy Perel

Прыкметы

Бацька калыша дзіця, якое маўчыць,
крумкач сядае на полі,
Яркон мутнее, падаюць кроплі,
сонца ўзыходзіць. Бацька калыша
дзіця, якое маўчыць,
зноў і зноў
гладзіць яго па галоўцы. Прыкметы,
прадвесце вайны.

Цёмная брама

Праз вайну адмянілі ўсе рэйсы, мы захраслі
ў Мілане і пайшлі паблукаць прыгожымі вулкамі.
Побач было жыццё. Мы бачылі тых,
што не бачаць, чулі тых,
што не чуюць, тых, што існуюць
і не існуюць. Душа — гэта месца,
і без душы няма месца,
месца няма.

Ісус прысутны на многіх карцінах Эль Грэка.
На дзвюх з іх ёсць крыж і шыльда з надпісам на іўрыце:
"Ісус, Цар Іўдзейскі".
Мы адразу звярнулі ўвагу на шыльду, бо
вока прыцягвае мова, позірк
шукае месца.

У сэрцы крыцкага багамаза, што маляваў
безаблічныя абразы, расчынілася цёмная брама.
Праз яе ён пайшоў у Італію, затым —
у Таледа. Вучыўся ў найлепшых,
забыўшы ўсё, што ведаў,
калі ўкрыжоўваў сябе на фоне Іерусаліма,
на фоне Таледа,
на фоне Кфар-Азы.

Ніхто да яго не маляваў
твар Укрыжаванага такім чынам —
няма ратунку ў пакутах,
ёсць галашэнне,
ёсць сумнеў у вачах,
што перакуліліся ўсярэдзіну і глядзяць
на рэкі крыві.


Роні Эльдад
רוני אלדד
Roni Eldad

Расказваю дзецям

Была птушка, была адна цудоўная птушка,
падобная на вераб’я або на чаротаўку, голас —
шэпт ветру ў таполях.
Было ў яе гняздо мяккае-мяккае,
былі ў яе птушаняты пухкія-пухкія, з чубком
і разяўленай дзюбай.
Птушка злятала ды вярталася да птушанят,
і яны, адчуваючы яе набліжэнне,
разяўлялі дзюбы — нецярплівыя, як любоў:
вось ляціць наша маці-птушка,
яна знайшла ежу для нас.
Птушка лунала над імі, яе голас быў
шэптам ветру ў таполях, і яна
ледзьве краналася крыламі іхніх галоў.

Быў цень не ад сонца,
быў цень, які адкідваў агонь пажару,
цень хцівай лапы — шчыльны, цёмны, плыўкі,
цень пачарнелай цемры — пражэрлівы звер.
Ён пільнаваў, ён навісаў над гняздом
і дачакаўся подыху ветру ў таполях.
Птушаняты разявілі дзюбы — нецярплівыя, як любоў,
перад ценем, што лунае, як маці-птушка, і вось не стала

ні гнязда                        ні дзюбаў
ні іх нецярплівасці   ні любові
ні сонца                        ні добрай прыгожай птушкі,
уся краіна — змрочны цень, які адкідвае пажар.


Яэль Глобэрман
יעל גלוברמן
Yael Globerman

Стан зніклых

смс з даліны смерці

смага мне блага
смага мне блага
смага мне блага
колькі гадзін
няма нікога
гэй дзе дапамога
я тут адзін

Маці

Ужо колькі дзён я такая —
ажно павылазілі вочы.
Дачка, як толькі ты ўбачыш,
як толькі ўцяміш, — ты прапала.
Не трэба глядзець.

Той, хто спадзяецца

Для таго, хто спадзяецца,
дзень — вялікі пясочны гадзіннік,
які пераварочваюць ноччу:
гадзіны перацякаюць на іншы бок,
назбіранае рассыпаецца.
Той, хто спадзяецца,
прымушае галасы замаўчаць,
каб слухаць рэха.
Ён збірае цені,
лепіць з іх цела
і называе табой.

Бацька

Адчай, адчай, усё, што вакол яго, — гэта адчай
адчай у небе, адчай на зямлі, адчай
капашыцца, адчай застывае

Ён ідзе да акна:
адчай лашчыць сабаку, адкрывае
лядоўню, шафу, навіны
адчай адчай адчай адчай
ва ўсім ва ўсім ва ўсім


Ёнатан Бэрг
יונתן ברג
Yonatan Berg

Пехатою па Мінску

Снег, што валіў камякамі,
выраўняў гэтую ноч.
Лёд: тысячатонны чыгун, шоўк, зацвярдзелы ў камень.
Імперыя пала, пакінуўшы па сабе
цыклапічныя збудаванні. Вось цырк,
ён дагэтуль грэе дзіцячыя сэрцы.
Іду пехатою. Застыла рака —
крывяносны сасуд акалелай эпохі.
На набярэжнай п’янюгі чаўпуць пра былую веліч.
Сталінград распаліў агонь. Бацька,
гэта мой бацька схіліўся над абеліскам?
Гэта ягонае размытая абалонка мільгае і растае між іншых ценяў
у апусцелых гулагах?
Гэта мая абалонка прагне свайго паўночнага імені.
Кірыліцай перамаўляюся з дзедам,
якога ніколі не ведаў,
збіраю сваю качавую сям’ю ў старых палітонах.

Пераклад з іўрыта Ігара Крэбса, Алеся Крэбса і Паўла Касцюкевіча
Цень краіны
Алесь Крэбс
Павел Касцюкевіч
Ігар Крэбс