З кнігі “Браткі” (1929)


Жаданне ідзе на марское дно

Я больш не жадаю нічога
ні ад жанчын, ні мужчын, птушак, жывёл, істот, рэчаў.

Увесь дзень я адчуваю, як прыліў гайдаецца, гайдаецца,
не ўдараючыся аб бераг
ува мне.

Адно пасярод акіяну–


Шкадаванне сябе

Я не бачыў аніводнай дзікай істоты,
якая б сябе шкадавала.
Маленькая птушка скалее насмерць і ўпадзе з галіны,
ні разу сябе не пашкадаваўшы.


З кнігі “Апошнія вершы і яшчэ колькі браткаў” (1932)


Поўнае жыццё

Чалавек не зможа напоўніцу жыць, калі не памрэ і не перастане зважаць,
не перастане зважаць.


Карабель смерці

І

Прыйшла пара восені, ападання пладоў
і доўгай дарогі да забыцця.

Яблыкі падаюць, нібыта вялізныя кроплі расы,
каб разбіўшы сябе, адкрыць сабе выхад з сябе.

Прыйшла пара адыходу, пара развітання
з самім сабой і шукання выхаду
з сябе ўпалага.

ІІ

Ці збудаваў ты сабе карабель смерці, скажы?
Збудуй жа яго, бо ён будзе табе патрэбны.

Злосная сцюжа ўжо блізка, калі яблыкі будуць падаць
густа, амаль аглушальна, на патужэлую зямлю.

І ў паветры лунае смерць, нібыта пах попелу!
Ах, ці ж ты не чуеш яе?

І ў разбітым целе спужаная душа
сціскаецца раптам, скаланутая сіверам,
які свішча на яе праз адтуліны цела.

ІІІ

Ці ж можа чалавек вызваліцца ад усяго
ударам кінжала?

Кінжалам, клінком, куляй чалавек можа
разбіць сябе, адкрыць сабе выхад з жыцця;
але ці ж ён вызваліцца ад усяго, скажы, ці будзе ён вольны?

Не, безумоўна! бо як жа забойства, тым больш самога сябе,
можа вызваліць ад чаго-кольвек?

ІV

Дык пагаворым жа пра спачын, вядомы нам,
дасяжны нам, глыбокі, цудоўны спачын
моцнага супакоенага сэрца!

Як жа яго дасягнуць, як нам вызваліцца ад усяго?

V

Збудуй жа карабель смерці, бо павінен ты рушыць
у найдаўжэйшае з падарожжаў – да забыцця.

І смерцю памерці, доўгай, балючай смерцю,
якая цябе старога аддзяляе ад цябе новага.

Ужо целы нашы ўпалі, разбітыя, дашчэнту разбітыя,
ужо душы нашы точацца вонкі праз бязлітасна
прабіты ў іх выхад.

Ужо цёмны і бясконцы акіян зыходу
зацякае праз прабоіны нашых ран,
ужо набліжаецца да нас гэты патоп.

О, збудуй сабе карабель смерці, маленькі каўчэг,
пагрузі ў яго ежу, невялікія праснакі і віно
для доўгіх уцёкаў у цемру забыцця.

VI

Памалу цела памірае і цёмны патоп
захлынае нясмелую душу, размывае пад ёй апору.

Мы паміраем, паміраем, мы ўсе паміраем
і нішто не перажыве смяротны патоп, які нас захлынае,
і хутка ён захлыне цэлы свет, увесь навакольны свет.

Мы паміраем, паміраем, памалу нашыя целы паміраюць і моц пакідае нас,
і душа сціскаецца голая пад цёмным дажджом пасярод патопу,
туліцца за апошнімі галінкамі дрэва нашага жыцця.

VIII

Мы паміраем, мы паміраем, і ўсё, што мы можам, –
гэта пагадзіцца памерці і збудаваць карабель
смерці для найдаўжэйшага з падарожжаў.

Караблік з вёсламі і ежай
і маленькімі місачкамі і ўсім рыштункам,
які належыць узяць з сабой душы-падарожніцы.

Пусці ж свой караблік, пакуль памірае цела
і жыццё пачынае падарожжа, пусці крохкую душу
плыць у крохкім караблі смеласці, у каўчэгу веры,
які нясе запас ежы і маленькіх патэльняў,
і запас адзення,
па чорным бязмежжы патопу,
па водах зыходу,
па моры смерці, дзе мы ўсё плывём
пахмура, бо караблём не кіруем і порта не маем.

Няма для нас порта, няма куды плысці,
толькі глыбей ва ўсё цямнейшую чэрань
па-над бязгучным бяспенным патопам,
дзе чэрань зліваецца з чэранню, зверху і знізу
і паабапал чэрань, і таму няма ўжо аніякага курсу.
Там караблік; але ён прапаў.
Ён невідочны, бо вакол яго невідочнае ўсё.
Ён прапаў! прапаў! аднак
ён дзесьці там.
Нідзе!

VIII

Прапала ўсё, цела прапала,
цалкам знікла з паверхні, прапала зусім.
Чэрань зверху стулілася з чэранню знізу,
а паміж імі караблік
прападае,
прапаў.

Вось ён, канец, вось яно, забыццё.

IX

Аднак цягнецца з вечнасці
нітачка цераз чэрань,
цягнецца наўсцяж,
слаба курэе па-над чэранню яе бляклы туман.

Ці падаецца толькі, ці гэты бляклы туман
Курэе крыху мацней?
Ах, пачакайце, чакайце, бо гэта ж золак,
бязлітасны золак вяртання да жыцця
з забыцця.

Чакайце, чакайце, караблік
дрэйфуе паміж смяротна-попельнай
шэранню золку і патопам.

Пачакайце, чакайце! вось, аднак, жоўтая ўспышка
і нечакана – о, змерзлая, знураная душа – ружовая.

Ружовая ўспышка, за якой усё пачынаецца зноў.

Х

Патоп спадае і паўстае з-пад яго дзіўнае і цудоўнае
цела, выцертае, бы ракаўка.
І караблік кіруецца дадому, губляючы курс і вецер
пасярод ружовага патопу,
і крохкая душа сыходзіць назад, у свой дом,
напаўняючы цяплом сэрца.

Трапеча сэрца, адроджанае спакоем
нават з забыцця.

Збудуй жа сабе карабель смерці, збудуй!
бо ён будзе табе патрэбны.
Бо падарожжа ў забыццё чакае цябе.

Пераклад з англійскай Андрэя Вылінскага

Карабель смерці
Дэвід Герберт Лоўрэнс
Андрэй Вылінскі