З дзіркай у сэрцы
*

сёння выйшаў на шпацыр у бруднай адзежы
у заплямленых штанах
з дзіркай у цішотцы
з дзіркай у вене
з дзіркай у зубе
з дзіркай у сэрцы
сёння развітанне заўтра спатканне
заўтра апранацца ў брудную адзежу
у брудныя спартыўкі, у тлустую пляму вышэй калена
у парашок са срэбра і пачуцця віны

прачнуўся а 5:40 як заўжды
пачуў стук знутры
атынкаваных сцен

выпівае драпіны высмоктвае кроў і часткі тканак
т-лімфацыты нерэактыўныя вірусы
невядомыя вірусы
няпрошаны адсутны віч

вітаю пана
пан чысты


*

прагна
моцна
кампульсіўна
церучы, у абодва бакі
ўглыб

wali konia як апошні раз
у жыцці
wali аб сцены, аб фрамугі,
аб стальніцы, аб сябе, аб мінулае

узлазіць і ехаць
спехам, хутка, туды, без звароту
адчуваць
сябе

спускаць
на сцены, на фрамугі, на стальніцы,
на сябе, на будучыню

адчувай, адчувай гэта, прашу цябе
адчувай


*

мне патрэбны вы ўсе
надзвычай моцна
хаця б на хвіліну

каб вы адгукаліся
абажалі любілі і прымалі
каб віталі і казалі cześć
siema i nara

я ёсць тут ёсць і патрабую
ўжо як пяць гадзін звонку
я і мае вантробы мае кішкі

разам а не паасобку
не ў час налёту
і бамбардыравання
я мае кішкі і праблемы
і тое што ў іх сядзіць
супраціўляемся знікненню

мне баліць што нічога не магу
мне баліць сітуацыя ў працы
трохі баліць мне сэрца пасля восьмай кавы
трохі баліць мне што магу мець
мець уласныя такія нязначныя
трывіяльныя дробныя праблемы першага свету

уласна пра ўсё гэта і думаю
не пра тое што дома
не пра тое што прыляцела і прылятала
і будзе прылятаць
да апошняга заходу нашага сонца

думаю пра тое што ўсё гэта адбываецца
не толькі ў маёй галаве перапоўненай працай
перапоўненай боргамі платай за кватэру
паперамі дакументамі і пячаткамі
перапоўненай разбітым сэрцам
якое выліваецца з берагоў

думаю пра тое што я ёсць і тое супер класна
думаю пра тое што ўсё навокал і так лішняе
у параўнанні з тым калі мне было дзевятнаццаць
думаю пра тое што на разе
пакуль усе наўмысна выйшлі за півам на маім раёне
пакуль усе прымасціліся -
я іду і балакаю

сам з сабою


*

ідзі на тэрапію - казалі яны
ідзі падлячыся пагавары з прафесіяналам
з кімсьці хто шарыць
што гэта ўсё або праз непрапрацаваныя траўмы
або
праз адсутнасць патрыярхальнай фігуры ў тваім жыцці
усё праз фалічную фазу ў тваім дзяцінстве
усё праз тое што не было таты
а калі ўсё ж і быў то ў версіі манетарнай
табе трэба пра гэта пагаварыць
не з сябрамі ў інстаграме

ён сядзіць перад табою
паміж вамі
толькі два рады
ён сядзіць а ў тваёй галаве гром
грыміць
сука як жа мне баліць

ён сядзіць блядзь не адзін
а з некім другім
узлахмачаныя валасы
цёмныя валасы
і ён не бачыць мяне, не адчувае мяне
я як паветра мяне шмат і я паўсюль
але гэта курва усё

я прыйшоў паглядзець што ў гэтым сезоне
прапануюць на дошках маёй сцэны
я прыйшоў прычасціцца культураю і мастацтвам
я не прыйшоў сюды дзеля цябе
а ты тут ёсць і не бачыш мяне.

не вытрымліваю
выходжу на 45 хвіліне
пасля трох слабых сцэн
пасля дзесяці моцных сцэн у маёй галаве
выходжу толькі я
выходжу і мне блядзь дужа баліць

ён застаецца на гэтай сцэне
на крэсле два рады перада мною
ён канешне ж застанецца з ім
я буду жыць з сабой
заўсёды

выцягваю ровар з шафы вялікай сцэны
выцягваю вывожу вылажу адсюль
гэта быў блядзь дакладна мой апошні спектакль
еду дахаты
еду парушаю
абганяю на пешаходным
не збіваю але было блізка
блізка да дома
да таго каб замкнуцца
зачыніцца і зашыцца

ідзі ўжо паспі


*

гэта ўсё
адціснулася
адбілася
адпячаталася
на вейках і пад вейкамі

не страх не боль
не смутак

выкурыў?
выпаліў

выпаліў гэта ўсё
і тое ўсё

не лобзікам
толькі пяшчотаю
крохкасцю

не страх не боль
не смутак

выкусіце
выкусіце за ўсё тое што ў яе
праз вас пад вейкамі
выкусіце
за тое што ёй страшна
а часткі мяне раз’ехаліся
пакінулі

мне зноў пяць
Генічэск мора
надзіманы атракцыён

мне зноў шэсць
баця дальнабойшчык
узяў мяне з сабою
ў дарогу пад Мелітопаль

цяпліцы цыбуля рапс
палі і бракуе мора

адпусці
ён прыходзіць толькі ноччу
ён прыходзіць бярэ
і навальвае
гэта ўсё
пад мае вейкі

пакрычы
стане лягчэй
пабі ў сцяну
скажы маме што кахаеш яе
пагартай альбом

во глядзі
медуза на беразе

скажы што сумуеш
і што точна-прэточна
будзеш

і адпачні


пераклад з украінскай і польскай Артура Камароўскага