*
Перад мяжою зьберажы
тую Любоў,
як цвет ажын.
Сяржанцкую вернасьць.
Дзіцячую, сабачую.
І плач, які
не пераплачу я.

Дайсьці да меж,
акрэсьліўшы сьляды.
Трымаць і межы,
і трымацца разам.
Ў кастрычніку застацца назаўжды.
Як па наказе.

Тая Любоў,
як ступлены нажы,
такая горкая,
што робіцца тваёю,
трымаецца на тых,
хто на мяжы.
І тых,
хто за мяжою.


*
Калі мы скідваем бронекамізэлькі,
шаломы, бушлаты, курткі, рукавіцы,
і ямо мандарыны каля буржуйкі
і становімся падобнымі да дзяцей,
я часам думаю,
што ты дзесьці ў суседнім пакоі.

На вёсцы
мясцовая кабета
паклікала дзіця: "Сыначку".

Але кожны з нас
азірнуўся.


*
Мы зноўку спрачаліся,
калі цябе сустракаць.
Але, знаеш,
і 25-га і 7-га Бэтлеем
абстрэльвалі і бамбавалі.

Няма ані ясьляў, ані ягнят, няма
пэрынатальнага цэнтра, няма
дзіцячага садка, няма
дзіцячае пляцоўкі.

Калі пасталееш і ўжо гаварыцьмеш,
скажы сваёй маці, хай скажа маёй,
як ёй гэта ўсё
перажыць.


*
Сьвяты Ян Павел Другі
у даўнія бясплатныя часы
прамовіў у Львове:
"Дождж падае — дзеці растуць".

Сьвяты Яне Паўле,
я вырас пад гэтым дажджом.
Але прыйшла такая зіма,
і ўсё вымагае такое платы,
што падаюць
толькі сьнег і жаўнеры.
Жаўнеры падаюць — дзеці растуць.
Жаўнеры падаюць — дзеці растуць.


Украінская літаратура

Хто так і не зьявіўся
ў нашае паэзіі?
Хто не ўвайшоў
у літаратурны працэс?
У каго загаловак і біяграфія
на адным крыжы
побач?

Кажуць, літаратура —
гэта пра словы і цішыню між імі.
У нашае цяпер
больш цішы.


Ізюмская камунія

"... гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ламаецца
дзеля адпушчэньня грахоў"
З тэксту Боскае літургіі

*
Гэта ёсьць целы нашыя,
якія за нас ламаюцца.
Але аніводнага адпушчэньня грахоў.
Гэта ёсьць целы нашыя,
якія часам так лёгка ламаюцца,
калі іх выцягваюць з-пад зямлі.
Тут нашыя лясы, а тут — нашыя крыжы.
А гэта ёсьць целы,
якія толькі за нас ламаюцца.

Цяпер добра бачыш:
мы як твой сын.
Толькі аніводнага адпушчэньня грахоў.
Зірні:
тыя ж косткі выходзяць вонкі,
тая ж кроў і вада.
Але аніводнага адпушчэньня грахоў. Слухай:
той самы енк, тое самае маўчаньне.

Так выглядае
Ізюмская камунія.
Тут нашыя лясы, а тут — нашыя крыжы,
а жывыя выкопваюць нябожчыкаў і кажуць:
гэта нашыя целы, гэта ж нашыя целы.
Мы так падобныя да твайго сына.
Гэта нашыя целы, зірні, гэта ж нашыя целы.
Мы ўжо даўно як твой сын.
Столькі цел, зірні, столькі цел.
Мы – твой малодшы сын,
які нікому гэтага
не адпусьціць.


Баба

– Не кажы, дзе ты ё. Скажы,
ці там, дзе ты ё,
змалацілі пшаніцу?
Я чула ў навінах, што на Данбасе
ня будзе жніва.
Але дзед не паверыў, то і я
не паверыла.

Першага верасьня, як першага верасьня.
Малыя пайшлі ў школу,
малая — у садок.
Спачатку я плакала, не хацела ісьці на лінейку.
Але дзед пайшоў, то і я
пайшла.

Дык я ж усё плачу, ты знаеш.
Малыя былі ў строях,
малая – з банцікамі.
Але да гэтага верасьня
хтось больш ня мае строя.
А хтось ня мае чым плакаць.
А хтось
больш ня мае ўнукаў.

Божа, Божа.

Не кажы, не кажы, дзе ты ё.
Але ці там, дзе ты ё,
ўжо пачаліся дажджы?
У нас струменіў,
але невялікі.
Такі дробны дожджык.
Такі дробны,
што можна браць дзіця за руку
і йсьці зь ім
уздоўж дарогі.


Марсавае поле

1
Жаўнер укленчвае перад жонкай,
як яна перад сынам,
калі завязвала яму матузкі
ў дзяцінстве.

Не ўзіраецца жонцы ў вочы,
як яе сын у маленстве,
калі адчуваў правіну.

Жаўнер кажа:
вось табе, любая, сьцяг.
Любі яго.

2
Дала яму ў дарогу свой дзіцячы малюнак.
Каляровая кветка
на ўсю старонку школьнага сшытка
і подпіс:
"Бог ахуўвае нас".

Намалявала 15 год назад,
ёй шчэ сямі не было.
яму таксама.

Цяпер сабе думае —
сьмешна, далібог, але думае сабе,
а што,
калі б напісала без памылкі?

3
Перад вяртаньнем сына
ёй сасьніліся буслы.
І калі пайшоў яе ўнук,
старая рана лягала спаць
і позна прачыналася.

А цяпер яна часта прыходзіць на тое поле.
Стаіць сабе, узіраецца.
Нібы вось-вось паляціць.

Стаіць сабе, узіраецца.
Нібы вялікі бусел,
які ня хоча,
каб яго ўцешылі.


Дзеці

Калі мы гаворым пра надзею,
напраўду гаворым
пра дзяцей.

Я ўдзячны, бо памяць пра цябе
дагэтуль знутры ўсплывае,
хаця й столькі часу мінула.
І калісьці ўсе дзеці
будуць мружыцца ад сонца.
А тыя з нас, хто выжыве,
пабачаць, што ўсё гэта
было не дарма.

Мы тут рэдка гаворым пра надзею,
ці пра патрыятызм, ці
пра Бацькаўшчыну.
Але калі й гаворым, то заўжды
пра дзяцей.
І, знаеш, калі я думаю цяпер пра цябе,
уяўляю, якім дзіцём ты была.
Як ты мружылася
ад сонца.

Тыя з нас, хто выжыве,
будуць доўга маўчаць.
Бо навошта словы пра надзею,
калі вось яна поруч.
Стаіць у запэцканых шортах,
чухае рукі, пакусаныя камарамі,
паказвае сонцу
малочныя зубы.


*
Дасылай вітаньні дзецям.
Кажы, што птаха ў грудзях
зноў пацягнула мяне на Ўсход.
Няхай не баяцца.

Я знаю, ты ня любіш птаху.
Але я не абіраў між вамі.
Проста яна прачынаецца,
выпростваецца,
а крылы такія,
ну як мне не пайсьці?

Дасылай любоў дзецям,
як яны дасылаюць
малюнкі нам з хлопцамі.
І той,
дзе абрысавана 9 маленькіх пальчыкаў,
а на дзясятым
скончыўся фламастэр.
І той,
які я ў кіцелі нашу йшчэ зь лета.
І асабліва той,
на якім намалявана маленькая
драўляная кармушка.

Ён мой улюбёны.


Першае да карынцянаў

Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая,
не зайздросьціць, любоў не пыхлівая,
любоў баіцца жывёльным страхам,
але працягвае йсьці,
любоў магла б здацца, пакінуць усё,
але працягвае йсьці.
А часам у любові прастрэлены ногі,
альбо ў нагах любові асколкі,
і ногі яе сьціскаюць турнікеты,
альбо ног у любові больш няма.
Тады любоў нясуць яе сябры.

Любоў капае акопы і жыве ў іх,
і грызе ў іх лёд з разрэзанае пляшкі,
калі хоча піць у мінус дваццаць.
Любоў выходзіць на баявую варту,
паднімаецца на пазіцыі
з грыжамі, гарачкамі, прастатытамі,
з кантузіямі, астмамі і алергіямі,
з высокаю верагоднасьцю
не вярнуцца,
з думкамі пра кагосьці
найважлівага.
Усё церпіць, верыць ва ўсё, спадзяецца на ўсё, усё трывае!

Любоў адрозьнівае на слых
вылеты градаў, прылёты мін і рух танкаў.
Вочы любові баляць,
калі доўга глядзець у цеплавізар.
Прачынаецца любоў уначы,
калі мышы ў бліндажы запаўзаюць
пад яе бушлат.
Часам любоў
доўга ванітуе ў пасадцы пасьля цяжкага бою.
А часам
любоў закрывае вочы сябрам сваім.
І загортвае іх у спальнікі
і выносіць.

Ніколі любоў не сьціхае!
Хаця й прароцтвы існуюць, але спыняцца,
хаця й мовы існуюць, але змоўкнуць,
хаця й веды існуюць, але скасуюцца.
Бо часам заканчваецца абстрэл,
і любові закрываюць вочы,
і сябры загортваюць яе ў спальнікі,
і выносяць.

І тады яна
пераходзіць да жывых.




Бог ахоўвае нас
Артур Дронь