Андрэй Вылінскі
Турэмная песня

Ён доўга глядзіць на мяне і кажа:
"галоўнае – гэта любоў"



Я адчыняю акно
і праз яго ўрываецца ў дом агонь
іду праз плошчу праз горад праз яго кратовыя норы
у кожным сустрэчным – агонь
кожны сустрэчны – агонь
заплюшчваю вочы – агонь



"галоўнае абы вайны не было"
кажа яна прыбіваючы да сцяны партрэт камандзіра
тых хто цяпер у горадзе
"галоўнае абы вайны не было"
б'е дзіцёнка па руцэ бо грызе брудныя пазногці
лічыць бутлі з вадой цагліны хлеба
падсоўвае нагой матрац да сцяны

крупаў хопіць на тры дні
солі на чатыры
гарбаты на пяць
яблыкаў бы гразі

"ідзі пагуляй на вуліцу
пачнуць страляць — хавайся ў бомбік"

і лічыць далей
кансервы
цукеркі
бульбу
гародніну
лекі
чыстую бялізну
запісвае лічбы на свежы аркуш памяці
рупліва кожную лічбу наноў засяроджана
і скаланаецца раптам
нібы нехта выпадкова прычыніў дзверы і заспеў яе аголенай
аднымі толькі павекамі скаланаецца

"руки подними! сдавайся!
кожа губы глаза — лицо твоё триколор*
и когда ты выйдешь во двор
увидишь сама: мир чист как душа
услышишь лепечущий звон калаша
горы костей укрывают пески
сдохнуть от пули бы, не от тоски
в город красивый на танке — бурят
лопает звонко спелый снаряд
рожу к земле посильнее прижми
и не будет войны
и не будет войны"

у кутку левага вока
дыктар па чарзе агаляе дваццаць чатыры іклы
у кутку правага вока —
да якога зрэнку давесці цяжка
нібы роўную лінію на аркушы
нібы руку працягнуць праз цела каханай каб не сарвацца на іншыя мацнейшыя больш утрапёныя рухі
цяжка давесці зрэнку не заплюшчыўшы вочы
дзіцёнак паволі цягнецца да клямкі
тонкі мігатлівы нібы на экране тэлевізара
брудныя пальчыкі павуцінкі завіткоў
калена якое паставіла на высокую прыступку
уся постаць яе выцягнутая і залітая свежым нібы паветра святлом

яна прачыняе дзверы
праз дзверы ўрываецца агонь
заплюшчвае вочы — агонь
агонь



прыйшлі ўсе: школьныя сябры

хлопцы з дзвіжу
байцы з якімі ваяваў
бабулі з плакатамі
Валодзя з банерамі
Дзіма з мегафонам
Жэка з фаерамі
Андрэй з калонкамі

жонка сябры сваякі ўжо там

нічога не відаць праз мяшок завязаны на галаве
адчуваю пах цвілі застоенай вады
адчуваю кожную дзвярную раму праз якую вядуць
пясочныя гукі крокаў
лаву
халодную сцяну

прыходзіць першы мент і кажа: дай
цыгарэту мне купляць а табе яшчэ прынясуць
такім як ты заўжды прыносяць
цыгарэту гарбату пілачку ў хлебе
смяецца

прыходзіць другі мент і кажа: чытай
на вазьмі чытай каго ты забіў
тыцкае ў грудзі кнігай
злуецца
а рукі не развязвае

прыходзіць трэці мент і кажа: пад'ём!
вядзе мяне праз дзевяць дзвярных кругоў трымаючы за рукі
сумны механічны Гермес
ведае што магу азірнуцца і тады скончыцца ўсё
таму трымае за патыліцу

нібы перад смяротнай карай я адчуваю адлегласць
ведаю што выбару не будзе
застаецца колькі дзясяткаў крокаў і вось
мы бяжым
заскокваем на апошнія прыступкі
мінаем найцяжэйшыя металічныя дзверы
наплываючы шум і трэск
ён развязвае мне рукі і кажа нібы паралітыку:

цяпер устань і ідзі
і не азірайся

трымаю раўнавагу ў баявой пазіцыі
левай прыкрываю галаву
правай зрываю мяшок
перакідваю цераз плячо нібы плашч
і бачу натоўп

які заўмёр перад клеткай



"Ноги на ширине плеч!
Раздвинуть ягодицы!
присесть!"

паслаў нахуй атрымаў па мордзе
і назад у камеру

дваім якія да мяне на Калыму з Украіны прыехалі сказалі
"отказался от свидания"

пасля таго сын не пісаў мне
паўгода



уварваліся ў хату
тварам у падлогу
маці тварам да сцяны
каханай не было дома
а бацька памёр на пачатку тысячагоддзя

"майдановец?" — працягнуў старэйшы ўзіраючыся ў сцяг
"доброволец?" — абнюхаў баявыя шэўроны
"бандит!" — закурыў і сплюнуў

спачатку вынеслі дакументы і спалілі
пасля нажы
нажы нельга дарыць
любую харошую зброю ваяр здабывае толькі ў баі
пасля — аздобы каханай

пярсцёнкі пустыя каціліся па прыступках
ланцужкі распаўзаліся ў шчыліны
завушніцы замыкаліся ў створках

апошнім выводзілі мяне

і калі я закрычаў да людзей
звязалі і закрылі рот
кінулі ў аўтазак

аўтазак стаяў яшчэ доўга
я чуў як разыходзяцца дзеці і шуміць стомлены спёкай горад
а далей не чуў нікога
паветра выпеклася
мой медны бык цяжка падняўся
паволі рушыў
люляючы мяне ў сваім страўніку

"мы вам не верым"
сказаў адзін і выключыў камеру
іншыя маўчалі

вядома не вераць

вераць тым
у каго
зброя



адчыняю вокны і чую агонь
расплюшчваю вочы і бачу агонь
выходжу на плошчу і бачу агонь
плавяцца турнікеты
вагоны развозяць агонь
з вокнаў кавярань нясецца не музыка толькі агонь
я сустракаю людзей але бачу агонь

дымы ўніверсітэтаў і турмаў
папялішчы судоў і сабораў
руіны кальварый і парламента

у руцэ — шкло пенапласт ануча бензін агонь
галава чыстая нібы шкло агонь і ў сэрцы агонь
з магіл уздымаецца сотня на бой агонь
з магіл уздымаецца на вайну легіён
толькі агонь мы цяпер называем свабодай

зірні — паміж дымамі твар яе незямны
трымай моцна шыхт! наступай наперад!
не забывай аніводнага з тысяч імёнаў —
за іх помсці!

меч мой і шчыт маці й зямля — агонь
чуеш гром гэты — ворага грозная агонія
веру зацісні ў зубах — нам да яго
ісці

Пераклад з украінскай Андрэя Вылінскага

Алена Герасімюк