Сафія Бязверха
Малітва любові і нянавісці
Сафія Бязверха

малітва любові і нянавісці:

божа
дай нашым воінам
вока сокала - кожнаму
крылы ястраба - кожнаму
сілу ільва
і хуткасць тыгра

каб кулі, абломкі, ракеты і бомбы іх абміналі
каб аніводны не быў паранены
каб яны йшлі, йшлі, йшлі
шаткавалі ворага
і вымяталі тую погань з нашай зямлі

так паэтычна і шчыра штодня моліцца мая бабуля

і я цяпер з ёю, гэтымі ж словамі.


Аляксандр Корж

*
спі гэта гром
проста гром
спі
я прыйду
ў твой сон
прыкладу
да агню лёд
прынясу
ў заплечніку
хлеб

патушу
загашу жар
рассмяшу
распавяду жарт
раскажу
пра горных ламаў
загаю
ўсе сто твае раны

гойда-гой
гойда-гой
гой


Антон Палунін

паэма 24 траўня

ок я неправы
ня можна
жадаць іншаму смерці
жадаць смерці сабе
ня можна
жыць так нібы жыць можна
калі трывожна
трэба прымаць гідазепам
а не заклікаць
да забойства блізкіх
гэта вядома
я таксама хадзіў у школу
дзе была адна нуда
і ўсе ўсіх ненавідзелі
праўда ў шостым класе
я закахаўся ў аню
але гэта не лічыцца
бо цяпер нічога не лічыцца
бо ніхто не лічыць
цел марыупальскіх
узброеных сіл
прашу прабачэння
я
прашу прабачэння
я патрабую
канчатковага вызначэння
праз смерць няхай
і нянавісць няхай
патрабую
выдаліць сябе
з часапрасторы
да поўнага абнулення
пакуль выпадзе снег
і зазіхцяць на елках
медалі і зорачкі
сарваныя з парадных
рашыстскіх кіцеляў
штосьці штодня разбіваю
бутэльку міску
любімы кубак
відаць такі час
не для крохкага
я не правы, вядома
трэба мець надзею
ўмець страляць
прымушаць сябе есці і спаць
прачынацца
і брацца за працу
быць барзым і гончым
быць псаром
з люстэрка ад борта ва ўрэтру
цвырканне душа
твой унутраны фюрэр
ампула пад каўнерам
давайце ў кеча
у чэка
і калі мы ўсё адно тут сабраліся
пагаворым пра рускіх цётачак
якія не цікавяцца палітыкай
але бяруцца ратаваць украінскіх сірот
напрыклад, яны трапілі ў вашыя рукі
некалькі гадзін звычайных катаванняў
ці штосьці выключнае
ў духу огпу
я не памыліўся абрэвіятурай?
гэта ж трэба
33 літары ўключна з
цвёрдым знакам
е з крапачкамі
і нескладовай
усё амаль выключна для
стварэння бессэнсоўных абрэвіяцый
агкг бдипч згрлс
коратка і дэгенератыўна
плюс адзін дзень івана дзянісавіча
аповесць якую лічаць пратэстнай
насамрэч - убогая вытворчая проза
аб тым што калі цябе закінулі на зону
трэба жорстка ябашыць
абы сагрэцца
і атрымаць дадатковы супчык
няхай я не правы няхай
мой спосаб арганізацыі літар
таксама не нейкае дзіва
і я зашмат сяджу ў тэлефоне
а гэта выклікае рак
я ўпэўнены на 99%
рак горла рак прастаты
гэта мой знак задыяку між іншым
зараз увогуле
не час мець цела
не час для крохкіх рэчаў
лепш навучыцца страляць
і без люстэрка галіцца
паміж гітлерам і евай было каханне
якое магло ўсё перамагчы
я чыркаю запальнічкай
ты схіляешся да маіх рук
пуцін накрываўся прасцінаю
і рэзаў голавы качкам
так піша яго класная кіраўніца
у кніжцы ўладзімір пуцін
добра напісанай
верагодна
у кдб добрыя рэдактары
і ў чым праблема
накрыўшыся шаўковай ці ільняной
прасцінай
замуціць ядзерны апакаліпсіс
і я ўпэўнены на 90 адсоткаў
гэта таксама выклікае рак
як і неўратызацыя што хаця б
ёсць дзейсным механізмам экспапізму
між паэзіяй і вайной
абіраеш лёгкую накурку
і перагляд новай хвалі
бесклапотны і непатрэбны
дзесяць адсоткаў сумневу
дзевяноста лайна
пяцьдзясят дзевяць дзён і начэй
запаволенага самазнішчэння
пайду паскванчу


пераклад з украінскай Артура Камароўскага
Антон Палунін
Аляксандр Корж